Палітвязень Міхаіл Жамчужны збіты ў калоніі, яго жыццё застаецца пад пагрозай

Пра адчуванне рэальнай пагрозы жыццю і здароўю палітвязень заяўляў і раней, але зараз Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сталі вядомыя вельмі небяспечныя падзеі, якія адбыліся з Міхаілам Жамчужным ў Горацкай калоніі №9.

Як паведамляе праваабарончы сайт «Вясна», 24 студзеня ў раёне абеду палітвязень быў пакінуты без аховы і нагляду ў калідоры санчасткі, дзе быў збіты іншым асуджаным – у чорных акулярах, вязаных чорных пальчатках і шапцы.

Міхаіл Жамчужны быў захоплены нападнікам левай рукой за горла і атрымаў некалькі ўдараў па галаве. Пры гэтым нападнік выказаў пагрозу, што калі сустрэне Жамчужнага ў калоніі – «распусціць на ніткі». Па дадзеным інцыдэнце палітвязнем пададзена скарга ў пракуратуру Магілёўскай вобласці.

Таксама стала вядома, што падчас знаходжання ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу), куды палітвязень Міхаіл Жамчужны быў змешчаны 5 студзеня тэрмінам на адзін месяц за «невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі следаваць у атрад», у адносінах да яго было вынесена яшчэ адно спагнанне – трое сутак ШІЗА. Чарговае пакаранне было вынесена палітвязню 19 студзеня за нібыта выяўлены ў ягонай камеры пыл і з 20 па 23 студзеня ён ужо адбываў яго. Такім чынам, гэта ўжо 18-е спагнанне з часу змяшчэння Міхаіла Жамчужнага ў калонію №9 г. Горкі і з ПКТ ён выйдзе на трое сутак пазней вызначанага тэрміну: не 5, а 8 лютага.

Па меркаванні палітвязня, адміністацыя калоніі вырашыла змяніць тактыку, і зараз спагнанні будуць выносіцца не за адмовы следаваць у атрад, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам», як гэта адбывалася на працягу апошняга паўгоддзя, а за «парушэнне правілаў асабістай гігіены» – будуць прад’яўляцца прэтэнзіі да формы адзення, прыборкі камеры і таму падобнае.

Варта адзначыць, што Міхаіл Жамчужны актыўна абскарджвае вынесеныя яму спаганні, тлумачачы сапраўдныя прычыны адмоваў следаваць у атрад. Так, зараз ён накіраваў ва Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласті скаргу на вынесеныя ў верасні і кастрычніку 2017 года спагнанні: 4 верасня – адзін месяц змяшчэння ў ПКТ, 10 сутак змяшчэння ў ШІЗА ад 5 кастрычніка, 10 сутак ШІЗА ад 16 кастрычніка і 5 сутак ШІЗА ад 26 кастрычніка. Пададзена таксама касацыйная скарга на рашэнне суда Горацкага раёна, які 23 студзеня адмовіў у задавальненні скаргі на тры спагнанні, вынесененыя Міхаілу Жамчужнаму ў жніўні 2017 года - 7, 10 і 7 сутак ШІЗА. У суд Горацкага раёна пададзена таксама скарга на вынесенае апошняе спагнанне – 3 сутак ШІЗА.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць