Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Палітвязня Паліенку адправілі ў ШІЗА за адмову мыць прыбіральню

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў сёння атрымаў кароткі ліст ад Зміцера Паліенкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі. Паліенка скардзіцца на тое, што яго змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА), а таксама пазбавілі спатканняў з бацькам на тры месяцы.
«Сёння атрымаў маленькі кавалачак паперы, дзе Зміцер піша, што нядаўна правёў 4 дні ў ШІЗА. Гэта здарылася праз адмову прыбіраць санвузел у камеры. Адміністрацыя калоніі выдатна ведае: тыя, хто пагаджаецца прыбіраць «талчок», аўтаматычна пераходзяць у касту «адсаджаных», над імі ўсе будуць здзеквацца. Такія метады з боку турэмшчыкаў — відавочнае парушэнне і цемрашальства», — гаворыць Касінераў.

Ён дадае, што Паліенку таксама пазбавілі права на спатканні з бацькам на тры месяцы. Паводле слоў Касінерава, гэта магло адбыцца ў выніку шэрагу парушэнняў турэмнага рэжыму.

«Калі вязень трапляе ў ШІЗА, то гэта фіксуюць у характарыстыцы асобы і далей ужываюць розныя пакаранні. Напрыклад, пазбаўленне спатканняў са сваякамі», — тлумачыць Касінераў.

Зміцер Паліенка — грамадскі актывіст, анархіст. У кастрычніку 2016-га быў асуджаны на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Ён прымаў удзел у шэрагу пратэставых акцый і пікетаў.

Увесну гэтага году Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію. Суд залічыў толькі 5 месяцаў, якія Паліенка раней адбыў у СІЗА падчас следства па справе «Крытычнай масы».


Паводле belsat.eu

Каментаваць