У «Гістарычнай майстэрні» ў Мінску адбылася сталічная прэзентацыя дакументальна-публіцыстычнага фільма «Палякі» рэжысёра Міхала Мілашэўскага. Аўтарам ідэі стужкі з’яўляецца старшыня Рэспубліканскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў этнограф Антон Астаповіч, аператарам і мантажорам — Сяржук Яноўскі.♠



У «Гістарычнай майстэрні» ў Мінску адбылася сталічная прэзентацыя дакументальна-публіцыстычнага фільма «Палякі» рэжысёра Міхала Мілашэўскага. Аўтарам ідэі стужкі з’яўляецца старшыня Рэспубліканскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў этнограф Антон Астаповіч, аператарам і мантажорам — Сяржук Яноўскі.♠

Па словах Антона Астаповіча, аўтары ставілі за мэту паказаць не толькі гісторыю існавання польскага этнасу на беларускіх землях.

«Увогуле, ідэя цыкла фільмаў пра нацыянальныя меншасці ў Беларусі нарадзілася не выпадкова. Вельмі часта і афіцыйныя ўлады, і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі гавораць, што ў Беларусі існуе поўная міжнацыянальная гармонія, але мы жывем у гэтым грамадстве, штодзённа сутыкаемся з людзьмі і бачым, што праявы ксенафобіі ёсць і ў Беларусі, — адзначае Антон Астаповіч. — Але ж Беларусь — гэта унікальная зямля: калі ўзгадаць гісторыю, узгадаць Вялікае княства Літоўскае, то ў той час, калі ў Еўропе былі вялікія і міжканфесійныя, і міжнацыянальныя спрэчкі, якія даводзілі да вялікай крыві, на тэрыторыі ВКЛ, на тэрыторыі Рэчы Паспалітай былі пэўныя напружаныя моманты, але ж усё роўна мы можам ганарыцца, што міжнацыянальная, міжканфесійная талеранцыя на гэтых землях была заўсёды».

Па словах Астаповіча, «вельмі хочацца, каб гэтыя праекты паказалі, што ўсе мы аднолькавыя, што ўсе мы жывем на гэтай зямлі, і кожны мае права на свой погляд, на сваю культуру, на сваю мову, на свой лад жыцця. Самае галоўнае, каб мы вызнавалі, што мы ўсе жывем у агульнай беларускай прасторы, каб мы вызнавалі сябе грамадзянамі гэтай дзяржавы, каб мы вызнавалі, што ўсе мы павінны працаваць на карысць нашай Бацькаўшчыны».

Рэжысёр фільма Міхал Мілашэўскі быў лаканічны: «Я хацеў паказаць, што палітыка — раз’ядноўвае, але культура аб’ядноўвае. Я хацеў бы, каб у нашай дзяржаве была такая палітыка, якая б не раз’ядноўвала людзей».

У фільме закранаецца тэма лёсу арганізацыі польскай меншасці ў Беларусі. Як паведамляе голас за кадрам, «грамадска-палітычная сітуацыя як у Рэспубліцы Беларусь, так і за мяжой прывяла ў 2005 годзе да расколу Саюза палякаў, а гэта, у сваю чаргу, негатыўна ўплывае на жыццё і дзейнасць усёй польскай абшчыны».

Адзін з герояў фільма, былы старшыня Мінскай абласной арганізацыі Саюза палякаў Канстанцін Тарасевіч кажа, што раскол у СПБ прывёў да ўзнікнення груповак: «Адну групоўку падтрымліваюць 15% , другую — каля 20%, астатнія палякі апынуліся па-за справамі, яны ўвогуле не ўдзельнічаюць ні ў якой працы, яны засталіся непатрэбныя нікому… Шэраг суполак увогуле спынілі сваё існаванне…» Зараз, па словах К. Тарасевіча, зніклі многія польскія класы ў школах як у Мінску, так і ў іншых гарадах Беларусі. «Уся віна за ўзніклую сітуацыю ляжыць на нас саміх, бо гэтыя нашы разлады, спрэчкі прывялі да таго, што палякі нават не вітаюцца адзін з адным на вуліцы. На пасады кіраўнікоў структур СПБ сёння прызначаюцца людзі, якія не павінны займаць такія пасады. З семнаццаці аддзелаў арганізацыі ў Мінскай вобласці толькі тры старшыні аддзелаў могуць размаўляць па-польску. На сходах не гучыць польская мова, усё справаводства вядзецца па-руску, дык пра якое адраджэнне польскай культуры можа ісці гаворка?» — пытаецца пан Тарасевіч.

І яшчэ шмат іншых праблем узнялі аўтары і героі фільма, характэрных не толькі для польскай меншасці ў Беларусі, але і для татараў, яўрэяў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, як то адукацыя, працаўладкаванне і гэтак далей.

Зараз той жа аўтарскі калектыў працуе над аналагічнай стужкай, якая будзе распавядаць пра беларускіх татараў.

Дарэчы, кіраўнік нямецка-беларускага праекта «Гістарычная майстэрня» Кузьма Козак паведаміў, што 2 верасня ў Мінску адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь і Польшча: часы выпрабавання. 1939–1941», прымеркаваная да 70-х угодкаў пачатку другой сусветнай вайны, у якой палякі і беларусы поплеч змагаліся з фашызмам.

Каментаваць