Памерла Ульяна Захаранка, маці зніклага экс-міністра ўнутраных спраў

На 95 годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка, маці зніклага ў 1999 годзе экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкаі, паведамляе "Радыё Свабода".
Ульяна Захаранка, здымак 2016 года

Ульяна Захаранка, здымак 2016 года

Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская.

Былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін з лідараў апазіцыі Юры Захаранка быў скрадзены ў Мінску невядомымі 7 траўня 1999 года. Што далей стала з Юрыем Захаранкам, грамадскасці невядома.

У траўні 2016 году Ульяна Захаранка падала ў суд заяву аб прызнанні памерлым сына Юрыя Захаранкі, бо ён знік пры абставінах, якія даюць падставы меркаваць пра яго смерць.

Суд Кастрычніцкага раёна не стаў разглядаць па сутнасці заяву Ульяны Захаранкі аб прызнанні памерлым яе сына. Завёўшы грамадзянскую справу па заяве Ульяны Захаранкі, суддзя Вольга Біруля адразу ж далучыла яе да падобнай справы па заяве жонкі Юрыя Вольгі Захаранкі і спыніла вытворчасць да заканчэння расследавання па крымінальнай справе аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў.

 

 

У Беларусі за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі не раз знікалі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы: 

травень 1999 года — былы міністр унутраных спраў, генерал Юры Захаранка;

верасень1999 года — віцэ-спікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі;

ліпень 2000 году — тэлеапэратар Зміцер Завадскі.

Злачынствы дагэтуль не раскрытыя. Міжнародная супольнасць, праваабаронцы, апазіцыя сцвярджаюць, што ў краіне пад прыкрыццём уладаў дзейнічалі «эскадроны смерці».

Калега і сябар Змітра Завадскага Павал Шарамет правёў некалькі журналісцкіх расследаванняў пра знікненьні ў Беларусі і зняў дакументальны цыкл «Дзікае паляванне».

 www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць