Памяці ахвяраў Карлагу

Вечарам 25 лістапада ў Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя навукова-даследчага праекта “Карлаг: памяць ў імя будучыні”.



Вечарыну арганізавалі навукоўцы Карагандзінскага ўніверсітэта “Болашак” (Казахстан) у межах дамовы пра намеры творчага і навуковага супрацоўніцтва з НББ.

Карлаг (1930–1959) — Карагандзінскі выпраўленча-працоўны лагер — адзін з найбольшых у сістэме ГУЛАГу НКУС СССР. Карлаг займаў плошчу, роўную тэрыторыі Францыі, уключаў 26 “кропак”, што знаходзіліся ў радыусе да 650 км. ад цэнтру лагера. Карлаг, праз які прайшлі каля 1 мільёна ахвяраў сталінізму розных нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусы, быў створаны як прадуктовая і вытворчая база для развіцця вугальна-металургічнай прамысловасці Цэнтральнага Казахстана. Першы этап Карлагу з сялянаў Цэнтральнай Расіі будаваў чыгунку Акмолінск — Караганда, а затым застаўшыхся ў жывых вязняў у забітых цялятніках перавезлі на будаўніцтва чыгункі Караганда — Балхаш. Тым, хто не выконваў норму, урэзвалі паёк. Памерлых ад катаржнай працы клалі ў чыгуначны насып і закідвалі грунтам. У Карлагу працавала выязная калегія Карагандзінскага абласнога суду. Прысуды выконваліся на месцах. Прысуджаных ставілі на калені перад ямай, выкапанай іншымі вязнямі, і забівалі стрэламі ў патыліцу. Расстраляныя ставіліся на спісачны ўлік з грыфам “памёр”, асабістыя справы забітых зніштажаліся. Апроч выбітных прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі, у Карлагу пакутавалі і замежныя грамадзяне, у тым ліку — ваеннапалонныя.

За восем гадоў удзельнікі праекту “Карлаг: памяць ў імя будучыні”, ініцыяваным доктарам юрыдычных навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Казахстана Нурланам Дулатбекавым, разам з міжнародным гісторыка-асветным, дабрачынным і праваабарончым таварыствам “Мемарыял” падрыхтавалі 12 выданняў. Гэта ўспаміны былых вязняў Карлагу, альбомы рэпрадукцый твораў мастацтва і здымкаў, нарысы гісторыі рэлігій і паўстанняў, факты і расследаванні, статыстыка, табліцы і мапы.

Усе гэтыя працы былі прадстаўленыя на прэзентацыі. У альбоме “Творчасць у няволі” распавядаецца пра вязняў-мастакоў, якія сваёй крывёю і карагандзінскім вугалем пісалі карціны. Сярод герояў серыі — брат  вялікай рускай балерыны Маі Плісецкай Азарый, выбітны эканаміст Леў Вазнясенскі, у сям’і якога былі рэпрэсаваныя 21 чалавек на чале з дзядзькам — намеснікам старшыні Саўнаркама Мікалаем Вазнясенскім, заснавальнік пасіянарнай тэорыі этнагенезу Леў Гумілёў,  японскія і венгерскія ваеннапалонныя, немцы Паволжа, дэпартаваныя ў Казахстан.

Як падкрэсліў Нурлан Дулатбекаў, згодна ўказу кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева, Казахстан стаў першай постсавецкай краінай, дзе на афіцыйным узроўні штогод 31 мая адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Выступае Нурлан Дулатбекаў

У планах Нурлана Дулатбекава — даследаванне тэматыкі рэпрэсаваных медыкаў, дзяцей Карлагу, вязняў асобных лагераў, ахвяраў 58-га так званага “контррэвалюцыйнага” артыкулу Крымінальнага кодэксу РСФСР і іншых савецкіх рэспублік.

Кнігі праекту “Карлаг: памяць ў імя будучыні”, што знаходзяцца ў шэрагу публічных, навуковых і ўніверсітэцкіх бібліятэк шматлікіх краінаў свету, былі падараваныя і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-11-27 01:59:30
Вельмі слушная ініцыятыва.

Каментаваць