Памяці Алены Кобец-Філімонавай

15 чэрвеня на 81-м годзе ў Маскве пайшла з жыцця беларуская пісьменніца Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава.



Алена Рыгораўна Кобец-Філімонава


Усяго год, як яна пакінула Мінск. Каб не быць самотнай, перасялілася жыць побач з сынам Дзмітрыем Філімонавым — у свой час вядучым папулярнай беларускай тэлеперадачы "Крок". Перад ад'ездам ёй была задумана кніга ўспамінаў пра дзяцінства, праведзенае ў акупаваным Мінску. Асобныя артыкулы з кнігі пабачылі свет у расійскім часопісе "Русский пионер". Кніга чакае свайго выдаўца.

За сваё жыццё Алена Рыгораўна напісала больш за дзясятак кніг. Асаблівую вядомасць ёй прынеслі кнігі пра Хатынь ("Жаворонки над Хатынью" і "Распятая Хатынь"), а таксама кніга "Калі ўцякала сонца" (пра творчасць, жыццё і пакуты яе бацькі, вядомага беларускага драматурга і сцэнарыста пачатку 1930 гадоў мінулага стагоддзя Рыгора Кобеца). Ва ўсіх сваіх творах пісьменніца была гранічна шчырай, гаварыла словам праўды. Не аднойчы яна выступала ў беларускай прэсе як выдатны палеміст.

Тыя, хто ведаў Алену Рыгораўну, назаўсёды захаваюць памяць пра гэту сумленную жанчыну.

Рэдакцыя “Новага часу” далучае свае словы жальбы і смутку з нагоды зыходу з жыцця Алены Рыгораўны Кобец-Філімонавай. Мы добра ведалі яе. Яна друкавалася на старонках нашай газеты. Выказваем свае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алены Рыгораўны.  

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2013-06-20 13:31:01
Цяжка думаць, што вось і Алены Рыгораўны больш няма.

Пакінула яна Мінск не год, а паўтара года таму (у канцы 2011 г.). Званіў ёй за пару дзён да ад'езду, дык памятаю.

У нашай бібліятэцы некалькі яе кніг, мне найбольш да душы "Шлях да малітвы" (2004).

Каментаваць