Памяці Веранікі Чаркасавай

Увечары 21 кастрычніка ў сталічнай Галерэі “Ў” родзічы, сябры, знаёмыя, калегі ўзгадвалі Вераніку Чаркасаву — слынную беларускую журналістку, па-звярынаму забітую 20 кастрычніка 2004 года. Гэта была незвычайная вечарына.



На яе прыйшлі тыя, хто добра ведаў Вераніку, і тыя, хто хоць кольвек сутыкаўся з ёю. І нават тыя, хто проста чуў пра яе ці чытаў яе артыкулы, эсэ, нарысы. Усіх аб’ядноўвала пачуццё павагі да Веранікі і салідарнасць з яе блізкімі, якія дагэтуль перажываюць невымерны боль страты.

Імпрэза складалася з дзьвюх частак. У першай галоўная арганізатарка вечарыны, стрыечная сястра Чаркасавай, таксама вядомая журналістка Вольга Бабак падзякавала ўсіх, хто прыйшоў на імпрэзу, у тым ліку маці і жонку зніклага аператара расійскага тэлеканала ОРТ Змітра Завадскага Вольгу Рыгораўну і Святлану. І асабліва маці і айчыма Веранікі Дыяну Цімафееўну Чаркасаву і Уладзіміра Уладзіміравіча Мялешку. “Само тое, што вы застаецеся ў здаровым розуме, можаце ўсміхацца, захоўваеце пачуццё гумару — гэта ўжо пратэст супраць нейкага плану, каторы, на наш і ваш погляд, нехта меў”, — адзначыла Вольга Бабак.    

Потым быў паказаны дакументальны фільм Леаніда Міндліна “Таямніца следства. P.S.”. У гэтай паўгадзіннай стужцы расследуецца адна з версіяў забойства Веранікі. А менавіта, “ірацкі след”. Незадоўга да трагедыі Вераніка наведвала гэтую краіну і, магчыма, магла штосьці даведацца пра не зусім законныя справы, што рабіліся паміж Багдадам і Мінскам падчас дзеяння міжнародных санкцыяў супраць рэжыму Садама Хусейна.  

Як распавёў перад паказам рэжысёр, і да трагедыі былі сведчанні таго, што Веранікай цікавяцца некаторыя структуры. “Аднойчы, як яна прыйшла дамоў, калі яшчэ жыла на вуліцы Русіянава, яна заўважыла, што хтосьці без яе пабываў у кватэры. Нічога не скралі, але ўсё было перастаўлена такім чынам, каб прадэманстраваць, што, маўляў, мы можам зайсці ў кожную кватэру”, — адзначыў Леанід Міндлін.      

Фільм добры і адначасова вельмі цяжкі сваёй фактурнасцю. Таму было вельмі важна, што пасля яго дэманстрацыі выступілі вядомыя айчынныя рок-музыкі, якія сутыкаліся з Веранікай, з якімі яна рабіла інтэрв’ю. Гэта Лявон Вольскі, Аляксандр Куллінковіч, Аляксандр Памідораў, а таксама журналіст і музыка з Гродна Алесь Дзянісаў. Яны сваімі выступамі і “разгрузілі” атмасферу. Таму сама імпрэза, звязаная з жудаснай трагедыяй, ператварылася ў душэўную сямейную вечарыну. Тым больш, што Вольга Бабак зачытвала ўрыўкі з кнігі “Чырвоным па белым” — перавыдання зборніка лепшых артыкулаў, нарысаў і эсэ Веранікі Чаркасавай (кніга выйшла да дзесяцігоддзя забойства журналісткі).

Харызматычныя рок-музыкі ў гэты вечар былі вельмі сціплыя, яны перад тым, як заспяваць, шчыра дзяліліся ўспамінамі пра Вераніку, пра яе працу.

“Не страціць культуру журналістыкі, культуру падыходу да сваёй прафесіі, якую несла Вераніка,— гэта можа стацца шансам не страчваць больш ні такіх сяброў, як Вераніка Чаркасава, ні саміх сябе”, — сказаў Аляксандр Памідораў.

“Мы сабраліся з сумнай нагоды, бо чалавек загінуў. Але давайце радавацца таму, што ў гэтага чалавека былі крылы, і таму, што памяць засталася. Я не шмат ведаў Вераніку, мы пазнаёміліся з ёй на фестывалі “Басовішча”, але вельмі цудоўна з ёю пагутарылі, і яна мяне вельмі ўразіла тым, што яе, як маленькае дзіцятка, цікавіла літаральна ўсё. Яе цікавіла ўся рокэнрольная кухня, гэта быў вельмі дасціпны, здораўскі чалавек з сумнымі вачыма, — узгадаў Аляксандр Куллінковіч. — Таму давайце радавацца таму, што такі чалавек быў”.

“Я, на жаль, не вельмі добра быў знаёмы з Веранікай. Гэта быў не вельмі просты досвед дачы інтэрв’ю. Гэта было на пачатку 2000-х у кавярні “Салодкі фальварак” на Юбілейнай плошчы. Мы там сустрэліся ў абедзенны час, там было поўна народу, і мы сядзелі пасярэдзіне за маленькім столікам, там усё было літаральна забіта людзьмі. Я не сацыяпат, але блізка да гэтага, я не вельмі люблю, калі шмат людзей, і пры гэтым ты даеш інтэрв’ю, а нехта азіраецца, — распавёў Лявон Вольскі. — Але Вераніка ўмудрылася ўсё гэта так душэўна падаць, задавала такія пытанні, што ўсё выглядала на тое, што мы там проста міла і душэўна размаўляем. І нават не было ўражання нейкага інтэрв’ю, што журналіст цябе да чагосьці правакуе, хоча выставіць не ў вельмі добрым святле. Нічога такога. Усё было проста, ясна, камфортна. Гэта вялікі талент, гэта рэдкасць, калі адбываецца менавіта так”.         

Пасля прагучала ўжо класічная песня з “Народнага альбому” “Простыя словы”, якія прысутныя спявалі разам з Лявонам.

А потым былі нефармальныя размовы, успаміны, абмен думкамі на розныя тэмы.

Дзякуй, Вераніка, што, хоць і з такой жахлівай нагоды, але сабрала нас. Помнім і любім. 

Каментаваць