Памяць афіцэраў войска польскага будзе ўшанавана ў Курапатах

Новы памятны знак афіцэрам розных нацыянальнасцяў войска польскага, забітым НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 — чэрвені 1941 гадоў, будзе ўсталяваны ў Курапатах ў красавіку наступнага году.



Каардынатар грамадскага аргкамітэту па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі каля месца, дзе стаяў мемарыяльны знак


Такое рашэнне прыняў грамадскі аргкамітэт па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі.

29 кастрычніка ва ўрочышчы адбылося адкрыццё закладной шыльды будучага мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў польскай арміі. Але менш чым праз суткі шыльда знікла, прычым праваахоўныя органы адмовіліся ўзбуджаць крымінальную справу па факту крадзяжу. Вось чаму 29 лістапада грамадскасць усталявала ў Курапатах памятны крыж ў гонар афіцэраў польскай арміі, які днямі таксама быў скрадзены.

Каментуючы гэтую падзею, даследчык тэмы палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму Ігар Кузняцоў звярнуў увагу на тое, што мемарыяльны крыж быў усталяваны ў гонар не менш за 3.870 з 22 тысяч афіцэраў польскай арміі — ахвяраў Катынскай трагедыі, якія трапілі ў савецкі палон у верасні 1939 года і згодна рашэнню палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з красавіка 1940 года да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

“Калі ў Катыні ў наваколлі Смаленска (Расія) з 4421 расстраляных афіцэраў войска польскага каля 1800 складаюць выхадцы з Заходняй Беларусі, дык у беларускім катынскім спісе яны могуць налічваць не менш за палову ахвяраў НКУС, гэта значыць ад 1500 да 2000 чалавек. Улічваючы, што большасць грамадзян краіны нічога не ведае пра гэтае злачынства, грамадскі аргкамітэт па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі і вырашыў усталяваць у Курапатах адпаведны памятны знак. Чаму менавіта ў Курапатах? Таму што гэтае месцы сімвалізуе памяць пра ўсіх людзей, бязвінна забітых у Беларусі падчас масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму", — падкрэсліў даследчык.

Кузняцоў падкрэсліў, што ад сваёй задумы годнага ўшанавання памяці афіцэраў польскай арміі розных нацыянальнасцяў — ахвяраў сталінізму грамадскасць не адмовілася і вырашыла ўсталяваць у Курапатах манументальны мемарыяльны знак у выглядзе валуна з адпаведным надпісам. Прычым, паводле ягоных слоў, адкрыццё гэтага знаку запланавана на красавік 2013 году — у 73 гадавіну Катынскай трагедыі.

Нагадаем, што Катынскае злачынства — гэта расстрэлы палонных афіцэраў польскай арміі 1940–1941 гадоў ў Расіі і на Украіне: у Катыні, каля Харкава і Цверы; а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
.

 

Каментаваць