Памёр першы рэдактар беларускага тыднёвіка "Ніва” у Беластоку

На 90-м годдзі жыцця ў Беластоку не стала Георгія Валкавыцкага — першага рэдактара і заснавальніка беларускага тыднёвіка “Ніва” у Польшчы.



У 1954 годзе Георгій Валкавыцкі скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Прыехаў у Беласток, дзе ў 1956 годзе заснаваў тыднёвік “Ніва”, якім кіраваў 31 год. Георгій Валкавыцкі быў адным са стваральнікаў і лідараў Беларускага грамадска-культурнага таварыства і Літаратурнага таварыства “Белавежа” у Польшчы. Акрамя “Нівы” ён шмат гадоў рэдагаваў “Беларускія календары” і многі літаратурныя выданні, якія выходзілі на Беласточчыне.

Георгій Валкавыцкі (справа) са Станіславам Вагуркам у "Ніве", 1960 г

Георгій Валкавыцкі і Аляксей Гардзіцкі, 1980 г.

Мікола Гайдук і Георгій Валкавыцкі, 1996 г.

Пад псеўданімам Юрка Зубрыцкі Георгій Валкавыцкі пісаў і друкаваў свае вершы. Ён выдаў зборнік лірыкі «Рознагоддзе» (Беласток, 1989) і кніжку сатырычных вершаў «Макатразмы» (Беласток, 1997). Для нашчадкаў ён пакінуў цікавыя дзённікі запісаў і ўспамінаў, якія склалі яго кнігі«Віры. Нататкі рэдактара» (Беласток, 1991), «Белая вязь» (Беласток, 1998), «У каменным крузе» (Беласток, 2000), «Ашчэпкі» (Беласток, 2002).

У сераду, 10 красавіка,  Георгія Валкавыцкага пахаваюць ў роднай Белавежы на Беласточчыне.

Каментаваць