Памёр удзельнік сарванага міліцыяй кінапаказу пра Слуцкае паўстанне

Слуцкія грамадскія актывісты смуткуюць па прычыне смерці случчаніна Люшні Мікалая Цімафеевіча, удзельніка кінапаказу пра Слуцкае паўстанне, і выказваюць спачуванне яго родным і блізкім.



Мікалай Цімафеевіч Люшня (справа)


Расказвае Зінаіда Цімошак:

«Мікалай Цімафеевіч пражыў 76 гадоў. Украінец па нацыянальнасці, паважаў і любіў беларускую мову і гісторыю. Жыў у Слуцку на вуліцы Якуба Коласа, якая з 2006 года знаходзілася ў аварыйным стане. Восенню 2006 года вуліцу раскапалі для правядзення газаправода, райвыканкам сабраў з людзей грошы на добраўпарадкаванне і аформіў іх як ахвяраванні на суботнік (па 465 тысяч беларускіх рублёў, якія  складалі прыкладна 300 даляраў у тыя часы).
 

У жніўні 2013 года пажылы чалавек звярнуўся у грамадскую прыёмную “Гавары праўду”, сабраў 33 подпісы з жыхароў, дабіўся пачатку добраўпарадкавання. Абураўся з прычыны зняважлівых адносін слуцкага начальства да памяці беларускага пісьменніка, у гонар якога названа вуліца.
 

Цікавіўся гісторыяй Случчыны, марыў пра ажыўленне дзейнасці Таварыства Беларускай Мовы ў Слуцку. Прымаў удзел у кіналекторыі, прысвечаным памяці Слуцкаму паўстанню 23 лістапада 2013 года. Пад час апытвання міліцыянтамі паводзіў сябе вельмі годна, выказваў абурэнне з нагоды міліцэйскага налёту на культурнае мірнае мерапрыемства, спрабаваў абудзіць у міліцыянтаў пачуццё сораму за іх учынак.
 

Пасля быў адзін з 8 падпісантаў індывідуальных заяў да Слуцкага пракурора, складзеных пры дапамозе праваабаронцаў, з просьбай пакараць вінаватых у парушэнні культурных правоў.
 

Быў вельмі ўзрушаны падзеямі, звязаным з судом супраць мяне, хацеў выступіць сведкам на судзе, каб бараніць мяне. Не паспеў.
 

Хуткая дапамога, якую вызвала дачка, не забрала своечасова ў бальніцу. Дачка лічыць, што калі б дапамога была аказана своечасова і кваліфікавана, мог бы яшчэ жыць.
 

Такіх людзей у Слуцку няшмат.
 

Дарэчы, пад час налёту міліцыянтаў на Казловічскі дом культуры я ледзве не на каленях прасіла начальніка аховы правапарадку Слуцкага РАУС Шклярэўскага Дзмітрыя Міхайлавіча не чапаць, не весці допытаў пенсіянераў, якім больш за 70 гадоў. Паколькі гэта магло прывесці да пагаршэння іхняга стану здароўя. Як ў ваду глядзела».

Нагадаем, што 23 лістапада 2013 года 17 жыхароў горада Слуцка сабраліся для прагляду фільма «40 дзён сялянскай рэспублікі», зробленага на АНТ, у маленькай зале Казловіцкага дома культуры. Аўдыторыя сабралася, у асноўным, пажылая. Многім даўно пераваліла за 70 гадоў. Праз дзесяць хвілін пасля пачатку мерапрыемства ў залу ўварваліся супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі праванарушэнняў Слуцкага РАУС. Узначальваў іх сам начальнік аддзела Шклярэўскі Дзмітрый Міхайлавіч. Людзей адпусцілі толькі пасля некалькіх гадзін допытаў.

У адносінах да Зінаіды Цімошак, якую адвезлі ў ў РАУС, быў складзены адміністратыўны пратакол аб парушэнні артыкула 23.34. Кодэкса аб адміністратыўным правапарушэнні: парушэнне парадку арганізацыі правядзення сходаў. Справа была перададзена ў суд.

23 снежня Зінаіда Цімошак была аштрафавана судом на 20 базавых велічынь (2.600.000 рублёў).

Каментаваць