Памёр змагар за справядлівасць Уладзімер Уткін з дрыбінскай вёскі Цёмны Лес

На 83-м годзе жыцця сышоў у лепшы свет найстарэйшы актывіст Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Уладзімер Уткін.



29 красавіка 2015 г. Мінск, пляц Незалежнасці. Уладзімер Уткін падчас акцыі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры


Ён нарадзіўся 2 жніўня 1933 года ў вёсцы з рамантычнай назвай Цёмны Лес, што на Дрыбіншчыне ў Магілёўскай вобласці, усе жыццё пражыў у Цёмным Лесе, дзе на вясковых могілках ляжыць не адно пакаленне яго сваякоў. Бацька загінуў на фронце, і месца яго пахавання да гэтага часу не вядомае. У родным калгасе Уладзімер пачаў працаваць з 10 гадоў. Пасля службы на Чырвонасцяжным Балтыйскім флоце вучыўся ў сярэдняй школе, працаваў трактарыстам, а пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках — механікам і галоўным інжынерам саўгаса. Затым спадар Уладзімер атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю пасля заканчэння гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага.

Ужо ў пажылым узросце гэты інтэлігентны чалавек, які не паліў, не піў гарэлкі, не цярпеў маны і якога аднавяскоўцы звалі праўдалюбцам, разам са сваім родным братам задумаў адкрыць у Цёмным Лесе літаратурна-музычны цэнтр для дзяцей і моладзі. Аднак гэтая задумка не ажыццявілася, а спадара Уладзімера абвінавацілі ў крымінальным злачынстве і судзілі.

Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура двойчы апратэстоўвала прысуд, ён так і астаўся не адмененым. Дзевяць гадоў мужчына біўся за праўду, таму што не мог жыць з паклёпам. Прычым з 2009 года ён змагаўся за справядлівасць разам з актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Калегі па працы і суседзі характарызавалі Уладзімера Уткіна выключна станоўча. У калектыўнай характарыстыцы на гэтага чалавека 25 яго землякоў пісалі пра тое, што ён сумленна і справядліва ставіўся да людзей, а ў цяжкую хвіліну бескарысліва іх падтрымліваў. Так, на пачатку 1990-х гадоў цягам трох месяцаў штодзень з 3 до 7 раніцы, а пасля працы — да позняй ночы ён адзін на бульдозеры бясплатна асфальтаваў вуліцу Лясную, дзе жыў і дзе раней былі непралазны бруд і вялізныя лужыны. Затым па ініцыятыве спадара Уткіна ў вёсцы быў закладзены парк. Ён — удзельнік вясковага  народнага фальклорнага ансамбля “Журавінка”, неаднаразова абіраўся дэпутатам Цёмналескага сельсавета і Дрыбінскага райсавета. Разам з жонкай яны выгадавалі чацвярых дзяцей, якім далі вышэйшую адукацыю.

У характарыстыцы на Уткіна былы старшыня Горацкага райвыканкама Міхаіл Анікееў паведаміў, што ведаў Уладзімера Канстанцінавіча з 1973 года па сумеснай працы ў саўгасе “Дрыбінскі” і характарызаваў яго “як добрасумленнага, кваліфікаванага, адказнага, прынцыповага, стараннага работніка”. “Як дэпутат Уткін карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод насельніцтва, аказваў дапамогу людзям у вырашэнні іх просьбаў, быў уважлівы да іх заяў і патрэб”, — адзначалася ў характарыстыцы. А былы дырэктар саўгаса “Слава” Уладзімір Гоманаў характарызаваў Уладзімера Уткіна як спраўнага, добрасумленнага  і патрабавальнага  спецыяліста, які паважліва і спагадліва ставіўся да калег і падначаленых.

У 2000 годзе для стварэння ў вёсцы літаратурна-музычнага цэнтра Уладзімер Уткін разам са сваім родным братам Міхасём прыдбаў дом па вуліцы Лясной. У гэтым доме і павеці, якая стаяла побач, браты размясцілі каля 3 тысяч грамафонных пласцінак з творамі эстраднай, камернай, опернай і сімфанічнай музыкі, адпаведную спецыяльную і мастацкую літаратуру, а таксама тэхнічнае абсталяванне. Аднак праз некаторы час невядомыя вандалы зрабілі пагром у доме і павеці, знішчылі і скралі праектар і дыяфільмы, а таксама частку пласцінак і кніг.

24 верасня 2015 г. Мінск, пляц Волі. Уладзімер Уткін (другі справа) сярод удзельнікаў пікетавання — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры

У 2004 годзе брат Уладзімера Уткіна па суседстве з ім прыдбаў яшчэ адзін вясковы дом, куды браты перанеслі частку сваёй калекцыі з надзеяй, што зламыснікі пакінуць іх у спакоі. Аднак і гэты дом №11 па вуліцы Лясной стаў аб’ектам разбойнага нападу. Прычым невядомыя здзейснілі злачынства без усялякага страху за наступствы, нягледзячы на тое, што іх могуць убачыць.

12 верасня 2007 года ў дзявятай гадзіне вечара Уладзімер Уткін убачыў, што на дарозе насупраць дома №11 па вуліцы Лясной стаіць матацыкл, на якім сядзіць невядомы, а другі матацыкл стаіць каля плоту таго ж дома. Паводле слоў Уладзімера Уткіна, разам з сынам яны падышлі да невядомага, якім аказаўся мясцовы жыхар — 19-гадовы Аляксандр Нікіфараў, каб высветліць яго намеры на бязлюднай вуліцы  ў цёмны час сутак, а таксама імя ўладальніка другога матацыкла. Аднак замест адказу Уладзімір Уткін атрымаў абразы ў свой адрас.

14 верасня бацька Аляксандра Нікіфарава напісаў заяву на імя начальніка Дрыбінскага РАУС з просьбай расследавать інцыдэнт, кампенсаваць сыну маральныя выдаткі і прыцягнуць Уладзімера Уткіна да адказнасці. З заявы вынікала, што Уладзімер Уткін спрабаваў ударыць віламі ў жывот Аляксандра Нікіфарава. А ў сваёй заяве ў міліцыю ад 15 верасня ён ужо прасіў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Уладзіміра Уткіна, які, паводле слоў юнака, без усялякай прычыны хацеў ударыць яго віламі, і ён “рэальна асцерагаўся за сваё жыццё”. Пры гэтым заяўнік указаў, што ён папярэджаны аб адказнасці за заведама хлуслівы данос, згодна з артыкулам 400 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Юрыдычна дакладны тэкст гэтай заявы сведчыць пра тое, што яна, верагодней за ўсё, была напісана пад дыктоўку.

Праверку заяў праводзіў старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Галдобенка, які ў сваім рапарце ўказаў, што Уладзімір Уткін, “знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, паводзіць сябе агрэсіўна, можа прычыніць цялесныя пашкоджанні пабочным асобам без якой-небудзь прычыны”. Пра гэта Галдобенку нібыта паведамілі трое жыхароў Цёмнага Лесу. Аднак у гутарцы з спадаром Уладзімерам гэтыя жыхары адмаўлялі сам факт такіх сведчанняў  міліцыянеру, а двое з іх нават пісьмова пацвердзілі гэта.

16 лістапада 2007 года суд Дрыбінскага раёна прызнаў Уладзімера Уткіна “вінаватым у пагрозе забойствам, калі меліся падставы апасацца яго ажыццяўлення”, і аштрафаваў на 930 тысяч рублёў (30 базавых велічынь). Прычым гэты прысуд быў вынесены, нягледзячы на шматлікія супярэчнасці ў паказаннях сведкаў з боку абвінавачання. Так, бацькі Аляксандра Нікіфарава заяўлялі пра тое, што Уладзімер Уткін кінуў вілы ў іх сына, якому ўдалося адхінуцца, і таму прылада забойства праляцела паблізу. У сваю чаргу падчас суду юнак паказаў, што Уткін спрабаваў “тыкнуць віламі мне ў жывот”.

Хаця па амністыі Уладзімер Уткін быў вызвалены ад пакарання са зняццем судзімасці, ён дзеля аднаўлення справядлівасці неаднаразова звяртаўся ў Генеральную пракуратуру і Вярхоўны суд з просьбай адмяніць прысуд як незаконны і неабгрунтаваны. Спадар Уладзімер быў упэўнены, што яго крымінальны пераслед — своеасаблівы адказ чыноўнікаў на яго з братам актыўную грамадзянскую пазіцыю, што праявілася ў падтрымцы аднавяскоўцаў, якія засталіся без працы пасля ліквідацыі саўгаса “Слава” ў вёсцы Цёмны Лес. 

24 снежня 2015 г. Мінск, пляц Волі. Уладзімер Уткін (справа) падчас сваёй апошняй акцыі пратэсту супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры вельмі засмучаныя сыходам у лепшы свет спадара Уладзімера Канстанцінавіча Уткіна, з якім яны неаднаразова стаялі ў пікетах і ў прыёмных пакоях чыноўнікаў. Гэта быў чалавек адкрыты, шчыры, працалюбівы, даверлівы і вельмі прыстойны, якому заўжды можна было давяраць. Бо для яго галоўнымі каштоўнасцямі былі сумленне, гонар і годнасць.

Чыноўнікам суду і пракуратуры можа і не зразумелая настойлівасць спадара Уладзімера Уткіна па адмене прысуду, таму што ў нашай краіне, на жаль, не ў пашане сумленне, гонар і годнасць. І нездарма Уладзімер Канстанцінавіч неаднойчы з болем казаў: “Лепш бы яны мяне расстралялі, чым жыць з такім кляймом ганьбы!”

Актывісты ініцыятывы ўпэўненыя, што немажлівасць дабіцца справядлівасці скараціла жыццё Уладзімера Уткіна. Ягоныя сябры лічаць, што маральныя пакуты, з якімі гэты прыстойны чалавек жыў апошнія гады, на сумленні суддзяў і іншых чыноўнікаў, якія спрычыніліся да ягонай справы.  

  

Абмеркаванне:

  • Александр Коваленко
  • 2016-02-10 15:27:06
Простой беларус. Детство опаленное войной, послевоенная разруха, нищета. Стиснув зубы он вытаскивал родной край из руин, мечтал о счастливой жизни и что получил ? Я видел, как на ступеньках
Администрации Президента он пытался показать охране старые газеты, в которых писали о его нелегкой судьбе, о его мечтах и слезы текли по морщинистым щекам. В тот день он услышал от чиновника
Администрации отказ на просьбу принять его и хотя бы выслушать. Это от таких как он чиновники отгородились рамками металлодетектора, и ОМОНом, это их судят и штрафуют за право "... людьми
зваться..." Мы не забудем тебя Владимир Константинович, и верим, что когда нибудь ты сможешь увидеть с небес свободную и независимую Беларусь.
  • Валентина
  • 2016-02-10 17:11:51
Ушёл из жизни достойный гражданин нашей страны, так и не восстановив свои права ! Он мог ещё жить, но был очень добропорядочным человеком и просто не смог пережить то беззаконие в стране, которое
создана теми, кто для этой страны ничего не сделал. Владимир Константинович заслужил достойную и спокойную старость, но ему пришлось бороться с хамством и беззаконием чиновников. Очень жаль терять
таких людей. Пусть земля ему будет пухом!
  • Любовь
  • 2016-02-10 17:25:33
Очень жалко человека, который не смог добиться правды в незалежнай Беларуси! В которой заврались чинуши власти всех мастей!
  • вопрос Лукашенко
  • 2016-02-10 19:37:12
Это такая забота о пожилых людях? Вместо заслуженного отдыха пикеты, что бы добиться справедливости? Молодёжь в тюрьму, а стариков в могилу, а что дальше?

Каментаваць