Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Памяць, якая павінна жыць

Прафесар Алесь Смалянчук напярэдадні канферэнцыі «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці» разважае, чаму гэтая імпрэза надзвычай важная для беларускага грамадства.

Чым для народаў Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы быў перыяд камуністычнага панавання? Як можна ацаніць ягоныя вынікі? Гэтыя пытанні на працягу амаль 30 гадоў застаюцца аднымі з галоўных у галіне памяці і гістарычнай палітыкі нашага рэгіёну. 100-гадовы юбілей Расейскай рэвалюцыі яшчэ раз актуалізаваў іх. Але 2017 год – гэта таксама 80-годдзе Вялікага тэрору ў СССР. Супадзенне гэтых юбілеяў невыпадковае, бо рэпрэсіі супраць уласнага народу з’яўляюцца неад’емнай часткай палітыкі кожнага камуністычнага рэжыму.

Аднак разуменне гэтага пачало пашырацца ў публічнай сферы даволі позна. Усё ж такі адной з галоўных мэтаў гістарычнай палітыкі ў СССР і БССР было якраз імкненне схаваць праўду пра крывавыя старонкі ўласнай гісторыі і пра адказнасць партыі Леніна-Сталіна за здзейсненыя злачынствы. У лепшым выпадку казалі пра «некаторыя недахопы камандна-адміністратыўнай сістэмы». У Рэспубліцы Беларусь традыцыі савецкай гістарычнай палітыкі аказаліся даволі моцнымі і пасля распаду СССР.

Канферэнцыя «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці» – гэта нагода для дыялогу навукоўцаў і грамадскасці пра маштаб і накіраванасць камуністычных рэпрэсій, пра боль і трагедыю ахвяраў, пра памяць, якая павінна жыць…

Канферэнцыя «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці» адбудзецца 17-18 лістапада 2017 года па адрасе: вул. Фабрыцыюса, 4 (крэатыўная прастора «Сталоўка XYZ»).

Праграму мерапрыемства можна паглядзець тут.

eurobelarus.info


Каментаваць