Памяці Альгірдаса Бразаўскаса

26 чэрвеня на 78-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы ў Вільнюсе памёр былы прэзідэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас.

 



«Мы страцілі вялікага чалавека, выбітнога палітыка і шчырага сябра, які ўзяў на сябе адказнасць у адзін з самых цяжкіх момантаў у гісторыі Літвы», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, якую Бразаўскас у свой час узначальваў.

Смуткуе не толькі партыя, якую ён стварыў. Смуткуе ўся Літва. Не толькі паплечнікі, але і палітычныя канкурэнты, не толькі прыхільнікі, што галасавалі на выбарах за яго, але і тыя, хто галасаваў за іншых. Бо ўсе разумеюць — сышоў палітык, чыё імя ўвасабляе сабой цэлую эпоху ў гісторыі Літвы, у гісторыі літоўскага народа, а значыць, і ў лёсе кожнага.

Сапраўды вялікі палітык, чыімі дзеяннямі Літва сцвердзілася як незалежная дзяржава, як дэмакратычная дзяржава. І ўвайшла ў еўрапейскую супольнасць. Эпоха, якая не завяршылася з яго зыходам, а мае свой працяг і будзе доўжыцца да бясконца. Гэта ён ужо ведаў пры жыцці. Рэдкае шчасце для палітыка — бачыць поспех сваёй справы.

Не кожнаму палітыку выпадае такі гістарычны шанец. Але толькі выбітны палітык здольны з апярэджаннем успрыняць сігнал часу і не ўпусціць не тое, што свой шанец, але шанец для свайго народа, сваёй краіны.

І якую ж трэба мець моц мыслення, патрыятызму і палітычнай інтуіцыі, каб пачуць і зразумець гэты выклік часу, займаючы кіроўныя пазіцыі ў зусім іншай сістэме каардынатаў — таталітарнай сістэме, прычым часткі вялікаімперскай сістэмы.

Без Бразаўскаса гісторыя Літвы найноўшага часу была б іншай.

Разам з тым Альгірдас Бразаўскас — фігура для параўнання палітычных магчымасцей для нашай краіны. На жаль, у Беларусі не знайшлося ў патрэбны час свайго Бразаўскаса. І тады б гісторыя найноўшага часу Беларусі была б іншай. Гэтай думкай мне ўдалося падзяліцца з самім Бразаўскасам, з якім пашчасціла сустрэцца і пагаварыць на пачатку 1990-х, калі ён прыязджаў у Мінск, і ў 2006-м — на юбілейных урачыстасцях яго партыі ў Вільнюсе. Пагаварыць аб страчаных магчымасцях і абмеркаваць перспектывы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. З яго пераканання — непазбежных.

Каментаваць