Памяці філосафа

6 чэрвеня на 78-м годзе жыцця скончыў свой зямны шлях Уладзімір Міхайлавіч Конан. Ён змагаўся: пасля цяжкай аперацыі на нырках ён вытрываў яшчэ 6 гадоў. Ён змагаўся ўсё жыццё: і ў навуцы, і ў грамадзянскай дзейнасці — за праўду, за веды, за дабрыню.



6 чэрвеня на 78-м годзе жыцця скончыў свой зямны шлях Уладзімір Міхайлавіч Конан. Ён змагаўся: пасля цяжкай аперацыі на нырках ён вытрываў яшчэ 6 гадоў. Ён змагаўся ўсё жыццё: і ў навуцы, і ў грамадзянскай дзейнасці — за праўду, за веды, за дабрыню.

Пасля сталінскіх рэпрэсій беларуская гуманітарная школа была амаль цалкам знішчаная. Тым, хто сёння вельмі натуральна вывучае гісторыю беларускай філасофскай, эстэтычнай, літаратурнай думкі XVI–XX стагоддзяў па шматлікіх манаграфіях Уладзіміра Конана і па тысячах яго артыкулаў у энцыклапедычных даведніках, нават цяжка ўявіць, што гэтых крыніц не было.

Калісьці, калі ў 1962 годзе пасля 2 гадоў настаўніцкай працы на Вілейшчыне, малады Конан прыйшоў працаваць у Інстытут філасофіі і права АН Беларусі, нават дэклараваць тэмай сваіх навуковых пошукаў гісторыю беларускай культуры было няпроста. Гэта ж той самы час, калі Мікіта Хрушчоў, стоячы на прыступках Беларускага дзяржуніверсітэта прамовіў свае словы пра непазбежнае кананне нацыянальных моваў у СССР. На шчасце, прайдзісветы на кіраўнічых пасадах толькі мяркуюць, што яны пануюць і распараджаюцца на ўсёй падуладнай ім зямлі.

Вельмі хораша днямі сказаў пра Конана Аляксандр Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё «Свабода»: «Спакой і ўпэўненасць (Конана) грунтаваліся на гранітным падмурку ведаў і веры. Як і Васіль Быкаў, ён узвышаўся над сучаснасцю і задаваў ёй гістарычныя каардынаты». Ён і застаецца такім у памяці: узважаны, добразычлівы, трошкі ўсмешлівы, заўсёды гатовы выслухаць і дапамагчы. Колькі ёсць сіл. Здавалася, ён жыў на зямлі нетаропка і разважана, бы на нябесным Алімпе. Як філосаф на фрэсцы Рафаэля ў Ватыкане — «Афінская школа». Толькі гэта быў пачатак школы мінскай і беларускай. Хай жа справа Уладзіміра Конана множыцца ў працах яго вучняў і паслядоўнікаў.

Рэдакцыя «НЧ»

Каментаваць