Памяці Васіля Быкава

7 мая, Усходнія (Маскоўскія) могілкі ў беларускай  сталіцы. Блізу 11 гадзін Сюды пачалі прыходзіць людзі, вядомыя і не, каб па закліку грамадзянскае кампаніі “Гавары праўду! ушанаваць памяць слынных беларускіх літаратараў, што прайшлі праз гады ваеннага ліхалецця, але не дажылі да чарговага юбілею – 65-х угодкаў Вялікае Перамогі над гітлераўскім фашызмам.

(На здымку: Уладзімір Някляеў)



7 мая, Усходнія (Маскоўскія) могілкі ў беларускай  сталіцы. Блізу 11 гадзін Сюды пачалі прыходзіць людзі, вядомыя і не, каб па закліку грамадзянскае кампаніі “Гавары праўду! ушанаваць памяць слынных беларускіх літаратараў, што прайшлі праз гады ваеннага ліхалецця, але не дажылі да чарговага юбілею – 65-х угодкаў Вялікае Перамогі над гітлераўскім фашызмам.

(На здымку: Уладзімір Някляеў)


Выходзім з метро  з калегам з “Нашай нівы Сямёнам  Печанко, абганяючы паэта Генадзя  Бураўкіна, які нясе ў руках вялікі букет, размаўляючы з кімсці па мабільным тэлефоне. Абганяем, каб не перашкаджаць, спыняемся каля галоўнага ўваходу Усходніх могілак, чакаем. “Яшчэ ёсць час, пайду схаджу да Пятра Міронавіча, - кажа Генадзь Мікалаевіч. Пётр Міронавіч Машэраў – былы кіраўнік БССР, у адрозненне ад большасці “герояў вайны з Палітбюро ЦК КПСС, быў сапраўдным ветэранам Вялікай Айчыннай, адным з кіраўнікоў тутэйшага партызанскага руху. 

Ля магілы Народнага  пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ўжо стаяць людзі. Тут і многія беларускія журналісты, і вядомыя ў краіне і па-за яе межамі асобы – старшыня Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканняў прафесар Генадзь Грушавы, кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, вядомы шахматыст гросмайстар Віктар Купрэйчык, мастак Алесь Шатэрнік… 

Уладзімір Някляеў, Ірына Быкава, Алесь Пашкевіч


“Я хачу павітаць усіх тых, хто прыйшоў да магілы Васіля Быкава, да магіл Івана Шамякіна, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, іншых людзей, не толькі пісьменнікаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія аддалі жыццё ў імя Вялікай Перамогі і пайшлі з жыцця ўжо пасля яе, ад імя кампаніі “Гавары праўду, - кажа паэт Уладзімір Някляеў. – 65 год таму, у траўні 1945 года Вялікай Перамогай завяршылася вялікая трагедыя – Другая сусветная вайна. Вялікая бітва народаў, якая патрабавала свайго асэнсавання. Для гэтага былі патрэбныя людзі, якія маштабам сваёй асобы, маштабам свайго таленту былі б роўныя гэтай Вялікай перамозе, гэтай вялікай трагедыі. І такім чалавекам, такой асобай, такім пісьменнікам стаў беларус Васіль Быкаў – паэт праўды вайны, і не толькі вайны. Паэт праўды жыцця, паэт нашага быцця, пісьменнік, які напісаў тую праўду, на якой да гэтага дня мы ўсе стаім. 

Генадзь Бураўкін


Для Беларусі, па словах Някляева, Быкаў – гонар нацыі, найгодны сын свайго народа. “Для ўсіх беларусаў, апроч улады, якая нічога не зрабіла дзеля таго, каб ушанаваць памяць найслыннага сына Беларусі. За што? Таму што Васіль Быкаў ад пачатку не прыняў гэтую ўладу за яе антынацыянальнасць, за яе антыбеларускасць. Прымаць нешта ці не прымаць – права кожнага чалавека, а тым больш генія. Але ўлада была павінна ўсё зрабіць, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава, а на яго магіле нават камень фінскі, - адзначыў Уладзімір Някляеў. 

“Мы вінаватыя перад  гэтам чалавекам, - адзначыла кандыдат гістарычных навук, былая старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Таццяна Процька. – Вельмі вінаватыя за тое, што выпусцілі яго з нашай краіны ў тыя далёкія часы. Ужо немаладога чалавека, чалавека, які быў прывязаны да гэтай зямлі ўсімі сваімі жылкамі, і там, на чужыне, яму было вельмі цяжка… Калі зараз мы хоць нешта можам зрабіць, хай ужо і толькі дзеля памяці, то гэта проста наш абавязак.

Віктар Купрэйчык


Уладзімір Някляеў  абвесціў пра пачатак збору подпісаў пад зваротам перайменаваць вуліцу Ульянаўскую ў Мінску і вуліцу Парыжскай Камуны ў Гродна ў вуліцы імя Васіля Быкава, а таксама надаць імя Народнага пісьменніка Беларусі адной з станцый метро, якія зараз будуюцца. Практычна ўсе прысутныя паставілі свае подпісы пад гэтым зваротам. 

Цёплыя словы пра Васіля Быкава і іншых літаратараў – удзельнікаў вялікай Айчыннай вайны, што знайшлі свой апошні прытулак на Усходніх магілках беларускай сталіцы, казалі Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч, Віктар Купрэйчык, а таксама ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Зінаіда Чыкава. “Я выхоўвала сваіх вучняў, якіх вучыла гісторыі, бо выкладала ў школе гэты прадмет, на праўдзівых творах пра вайну Васіля Уладзіміравіча Быкава, - сказала Зінаіда Пятроўна. 


Зінаіда Чыкава


Удава Народнага пісьменніка Ірына Міхайлаўна падзякавала ўсім прысутным за тое, што шануюць памяць Васіля Уладзіміравіча, і пажадала ўсім здароўя, поспехаў і аптымізму. Па заканчэнні мерапрыемства ўдзельнікі імпрэзы ўсклалі кветкі да надмагілляў слынных беларускіх літаратараў – ветэранаў мінулай страшэннай вайны.

---------------------------------------------------

Усе фота - аўтара
 

Каментаваць