Пантонны мост у Жыткавічах знесла лёдам

Вайскоўцы абяцаюць аднавіць пераправу цягам дня.


Пантонная пераправа ў Жыткавічах, пастаўленая вайскоўцамі, каб замяніць аварыйны мост праз Прыпяць, была знесеная лёдам – паведамляе афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА. Прадстаўнікі Міністэрства абароны заяўляюць, што пераправа будзе адноўленая на працягу дня.


Як паведаміў журналістам прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў, з-за рэзкага пахаладання па Прыпяці пачалі ісці крыгі, якія сарвалі тросы, што трымалі пантонны мост. Да таго, як вайскоўцы адновяць канструкцыю, перавозіць людзей з аднаго берага на іншы будуць катэры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аўтамабілі пускаюць у аб’езд.


Пантонны мост даўжынёй 146 мэтраў быў наведзены Міністэрствам абароны і ратавальнікамі 10 снежня, каб часова замяніць стацыянарны аўтамабільны мост праз Прыпяць. За тры дні да гэтага ў адным з пралётаў моста ўтварылася расколіна, якая прывяла да прасядання канструкцыі.

radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць