Папа рымскі і папа Колі

Нарэшце прарыў беларускай улады ў Еўропу на вышэйшым узроўні адбыўся. Папа рымскі Бенедыкт XVI прыняў 27 красавіка ў Ватыкане прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Асабістая аўдыенцыя працягвалася 25 хвілін, паведамляюць італьянскія СМІ. Бакі абмеркавалі перспектывы пашырэння супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам.



Нарэшце прарыў беларускай улады ў Еўропу на вышэйшым узроўні адбыўся. Папа рымскі Бенедыкт XVI прыняў 27 красавіка ў Ватыкане прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Асабістая аўдыенцыя працягвалася 25 хвілін, паведамляюць італьянскія СМІ. Бакі абмеркавалі перспектывы пашырэння супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам.

"Падчас размовы, якая праходзіла ў пазітыўнай атмасферы, былі абмеркаваны праблемы, што тычыліся адносінаў веры і розуму, міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Ватыкана. — Апрача таго, абмяркоўваліся тэмы міжнароднага характару адносна прасоўвання справы міру і рэальнага прагрэсу чалавецтва, а таксама некаторыя ўнутраныя праблемы Беларусі, якія тычацца каталіцкай царквы і перспектыў пашырэння супрацоўніцтва".

Лукашэнка запрасіў Бенедыкта XVI наведаць Беларусь, "калі на тое будзе воля Госпада". "Наша сустрэча зацягнулася на доўгія гады", — заявіў прэзідэнт. Пантыфік падарыў Лукашэнку сувенірную манету, беларускі кіраўнік — вобраз Ісуса Хрыста, зроблены з беларускіх прыродных матэрыялаў.

Прэзідэнта суправаджалі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і пасол Беларусі пры Святым прастоле Сяргей Алейнік. Паводле інфармацыі "Радыё Ватыкана", у склад беларускай дэлегацыі ўваходзіла "яшчэ каля 12 чалавек". Сярод іх быў малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.

Назіральнікі адзначаюць, што Папа рымскі быў неяк збянтэжаны прысутнасцю Колі. Ён падараваў яму мячык, з якім той адразу пачаў гуляць. Са свайго боку, кажуць, што Коля падарыў Бенедыкту XVI азбуку, чамусьці на рускай мове.

Вечарам ва ўрадавым палацы Кіджы ў Рыме А.Лукашэнка павячэраў з прэм'ер-міністрам Італіі Сільвіа Берлусконі і міністрам замежных спраў Франкам Фраціні. Паводле слоў А.Лукашэнкі, дасягнута папярэдняя дамоўленасць, што Берлусконі наведае Беларусь восенню гэтага года. Італьянскія крыніцы агенцтва РИА "Новости" паведамілі, што на вячэры, апрача ўсяго іншага, узнімаліся пытанні выканання Беларуссю дэмакратычных стандартаў для далейшага збліжэння з ЕС.

А.Лукашэнка зазначыў, што італьянскі прэм'ер-міністр чакае ўбачыць яго 7 мая ў Празе на ўстаноўчым саміце ЕС "Усходняе партнёрства". Пры гэтым А.Лукашэнка папрасіў журналістаў не надаваць саміту вялікае значэнне: "Калі камусьці нязручна, што там будзе Лукашэнка, значыць, яго там не будзе. Чаго там перажываць. Хто паедзе, Лукашэнка, Пятроў, Сідараў або міністр замежных спраў, мы вызначымся ў хуткім часе. У нас яшчэ час для таго, каб вызначыцца, ёсць", — сказаў ён.

Можна адзначыць, што гэтым разам сустрэліся, бадай, два самых нестандартных палітыка. Берлусконі вядомы сваімі двухсэнсоўнымі жартачкамі. Прынамсі, зусім нядаўна быў вялікі скандал, калі ён назваў цемнаскурага прэзідэнта ЗША Барака Абаму "дастаткова добра загарэлым". А пра беларускага прэзідэнта і казаць няма чаго, — па ягоных цытатах нават кніжкі выпускаюць...

Канешне, Берлусконі, хутчэй, хацеў бы разабрацца, хто такі Аляксандар Лукашэнка, што ўсе яго баяцца. І, хутчэй за ўсё, вырашыў, што ён з ім ўсё ж такі роднасныя душы.

Тым больш, пасля гэтага Лукашэнка сам паведаміў, што прапанаваў правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага Бенедыкта XVI і Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла. Паводле слоў прэзідэнта, ён расказаў папу рымскаму пра сваю нядаўнюю сустрэчу з патрыярхам Кірылам. "Я яму сказаў, што сёння ёсць унікальны шанц зблізіць пазіцыі. Я хацеў, каб кіраўнікі цэркваў маглі сустрэцца і абмеркаваць праблемы. Калі такая сустрэча адбудзецца, то няхай яна адбудзецца ў Беларусі — не толькі геаграфічным цэнтры Еўропы, але і там, дзе сходзяцца асноўныя хрысціянскія рэлігіі", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле словаў кіраўніка беларускай дзяржавы, Папы Рымскі ведае пра гэту ідэю."Я бачыў яго зацікаўленасць, — адзначыў прэзідэнт, — і ён мне сказаў: Гасподзь, магчыма, адчыніць гэтыя дзверы, і мы ў хуткім часе сустрэнемся ".

Гэтае дзівацтва выклікала халодную рэакцыю як Ватыкана, так і РПЦ. На думку прадстаўніка Маскоўскага патрыярхату Антонія Ільіна, сустрэча патрыярха Кірыла і Папы Бенедыкта XVI "не павінна вызначацца сённяшняй палітычнай кан’юктурай". У інтэрв’ю "Інтэрфаксу" з нагоды прапановы А. Лукашэнкі протаіерэй Антоній Ільін зазначыў: "Сустрэча не павінна быць нейкім шоу перад тэлекамерамі, а павінна стаць плёнам вельмі сур’ёзнай, удумлівай дыскусіі аб існуючых праблемах, каб сама сустрэча зрабілася не пускавым момантам для іх вырашэння, а нейкім вынікам сур'ёзных кансультацый".

Ватыкан пакуль афіцыйна не адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымасці хуткай сустрэчы патрыярха маскоўскага і папы рымскага ў Беларусі. Паводле крыніцы з Ватыкану, такія сустрэчы рыхтуюцца на вышэйшым царкоўным узроўні. Прадстаўнік Ватыкану на ўмовах ананімнасці таксама зазначыў, што, калі б такая сустрэча папы і патрыярха адбылася, то хутчэй у Рыме ці Маскве.

На тыдні ў Мінску прайшоў чарговы "Чарнобыльскі шлях". На розных этапах "Чарнобыльскага шляху" ў акцыі ўдзельнічала ад 400 да тысячы чалавек. Надзвычай нешматлікі для такога роду акцыяў, менавіта гэтым ён і прыцягнуў увагу журналістаў. Між іншым, арганізатарам прыйшлося апраўдвацца за такую колькасць народу, бо ўсе памятаюць, калі гэтае мерапрыемства збірала па 20, 30, і нават 50 тысяч чалавек.

"На гэта ёсць шэраг прычын. Для многіх Чарнобыль не з`яўляецца вострым болем, магчыма, з прычыны неразумення праблем, выкліканых катастрофай. Большасць цяпер хвалюе палітычны і эканамічны Чарнобыль. Таму ў акцыі ў асноўным бралі ўдзел актывісты дэмакратычных партый і арганізацый, а не звычайныя грамадзяне", — зазначыў адзін з заяўнікаў акцыі лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. На яго думку, "частае правядзенне малаколькасных акцый наўрад лі працуе на імідж апазіцыі".

Каментаваць