Арцыбіскуп Кандрусевіч пра размову з Пантыфікам: «Папа зацікавіўся праектам тэалагічнай акадэміі ў Мінску»

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч — адзіны беларускі біскуп, які прымае ўдзел у ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў у Ватыкане, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы Сіноду ў першы працоўны тыдзень. Іерарх распавёў пра працоўную атмасферу, «гарачыя» пытанні і сваю размову з Папам.



— Ваша Эксцэленцыя, завяршыўся першы тыдзень працы Сіноду. Якая атмасфера пануе ў Ватыкане?
 
 
— Атмасфера на Сінодзе добрая і братэрская. Гэтаму спрыяе заклік Папы не баяцца прамаўляць адкрыта і свабодна. І так ёсць насамрэч.
 
 
Як бачна з выступленняў біскупаў, у наш час практычна паўсюль (можа, за выключэннем некаторых краін Афрыкі) сем’і перажываюць не вядомы дагэтуль крызіс: гэта разводы і нявырашанае пытанне з сакрамэнтам Эўхарыстыі для разведзеных і тых, хто заключыў паўторны шлюб без анулявання папярэдняга. 
 
 
Да гэтых крытычных сітуацый варта дадаць аборты, штучнае апладненне, сумеснае жыццё без дзяржаўнай рэгістрацыі і касцёльнага благаслаўлення, гомасексуальныя саюзы, рэформу прызнання сакрамэнту сужэнства несапраўдным... Абсалютная большасць біскупаў, выказваючы заклапочанасць такімі складанымі сітуацыямі, знаходзіцца на пазіцыях традыцыйнага навучання Касцёла. 
 
 
— Як рэагуюць на тыя ці іншыя пытанні біскупы з розных частак свету?
 
 
— Біскупы прэзентуюць розныя традыцыі і культуры. Напрыклад, у Еўропе палігамія амаль што невядомая справа, аднак у Афрыцы гэта — частка культуры. Таму на складаныя пытанні біскупы рэагуюць таксама з улікам культуры сваёй краіны, але заўсёды на першае месца ставяць вучэнне Касцёла. Гэта вельмі прыкметная рыса Сіноду.
 
 
Сапраўдныя дыскусіі распачнуцца толькі на круглых сталах, але ўжо цяпер найбольшую цікавасць выклікае пытанне аб сакрамэнце Эўхарыстыі для разведзеных і сужэнцаў, якія ўзялі паўторны шлюб. Вялікая ўвага прысвячаецца пытанням маладога пакалення і падрыхтоўкі да сямейнага жыцця і шлюбу.  
 
 
«Папа зацікавіўся праектам тэалагічнай акадэміі ў Мінску»
 
 
— Як паводзіць сябе Пантыфік? Магчыма, Вам таксама ўдаецца перакінуцца з ім словам?
 
 
— Акрамя ўступнага слова на распачацце Сіноду, Папа не прамаўляе, але жыва сочыць за ходам працы Сіноду. Па яго твары бачна рэакцыя: як ён рэагуе на выказванні, як смяецца, калі нехта з біскупаў распавядзе вясёлую гісторыю або жарт падчас перапынку. 
 
 
З Папам удаецца многім перакінуцца словам падчас перапынку на каву, бо падысці хочуць усе, і мы — біскупы — прапускаем наперад свецкіх, бо ў іх гэта, можа, адзіная такая магчымасць. Падчас гэтага перапынку на каву Папу не вельмі ўдаецца папіць той кавы, бо многія літаральна рвуцца да Пантыфіка.
 
 
Дарэчы, якраз падчас такога кававага перапынку я падышоў да Папы, а ён мне кажа: «Трэба штосьці ўзяць». Я пытаюся: «Кавы ці гарбаты? Я прынясу». А Папа адказвае: «Хадзем да стала«». Там ён узяў стакан соку і піражок і спакойна еў, размаўляючы са мной, а потым і з іншымі.
 
 
Для мяне гэта была добрая нагода крыху даўжэй з ім паразмаўляць. Я яшчэ раз падзякаваў Святому Айцу за клопат пра Касцёл у Беларусі і распавёў пра рашэнне беларускага епіскапату заснаваць тэалагічную акадэмію, якая будзе прызначана для падрыхтоўкі святароў і свецкіх людзей. Папа вельмі зацікавіўся праектам і сказаў, што благаслаўляе гэтую справу.
 
 
Сінод — гэта таксама магчымасць сустрэцца з кіраўнікамі іншых ватыканскіх ведамстваў. Такіх сустрэч было шмат. Усе цікавяцца перадусім сітуацыяй Касцёла ў Беларусі і яго развіццём, праблемамі і таксама тым, як на яго ўплывае сітуацыя ва Украіне.
 
 
— Чым Вы займаецеся ў вольны ад Сіноду час, калі ён увогуле ёсць?
 
 
— Насамрэч вольнага часу зусім няшмат. Калі толькі пасля абеду і пасля вячэры. Пасля абеду звычайна я іду на ўніверсітэцкі стадыён (мы жывём у кампусе Папскага ўніверсітэта Урбаніянум, які займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў на місійныя справы). На стадыёне заўжды шмат людзей, якія займаюцца спортам. Мне тут вельмі падабаецца. 
 
 
Некалькі дзён таму на стадыён прыходзілі гульцы ў крыкет з Індыі. Я пазнаёміўся з імі, распавёў пра Беларусь, і яны пачалі вучыць мяне гуляць у крыкет (усміхаецца — заўв. аўт.). Мне нават удалося даволі добра адбіваць мячы бітай.
 
 
Па вечарах рознымі групамі і супольнасцямі тут арганізоўваюцца ўсемагчымыя сустрэчы і канферэнцыі, куды запрашаюць і ўдзельнікаў Сіноду. Напрыклад, 12 кастрычніка супольнасць св. Эгідзія арганізуе малітву ў інтэнцыі хрысціян, якія церпяць пераслед...
 
 
Актуальныя тэмы і інфармацыя пра іх
 
 
— На Вашу думку, ці правільным было рашэнне разбіць тэму Сіноду пра сям'ю на два гады?
 
 
— Я лічу такое рашэнне правільным. Заданне гэтага Сіноду — у падрыхтоўцы для Пантыфіка не прапаноў, як было заўсёды, а так званай «Рэляцыі Сіноду» (зваротнай сувязі — заўв.аўт.). Папа будзе выкарыстоўваць яе ў падрыхтоўцы чарговага ардынарнага Сіноду на тэму сям’і, які адбудзецца праз год. У такой складанай справе, як праблемы сучаснай сям’і, гэты Сінод неабходна лічыць падрыхтоўчым этапам да наступнага.
 
 
— У працы Сіноду прымаюць удзел эксперты (таксама і свецкія), прадстаўнікі некаталіцкіх Цэркваў — як паводзяць сябе на Сінодзе яны? Магчыма, хтосьці з іх ужо браў слова?
 
 
— Эксперты звычайна распачынаюць працу пасля біскупскіх прамоў і асабліва шмат дапамагаюць у працы круглых сталоў, падрыхтоўцы Паслання свету і Рэляцыі Сіноду. Таксама перад генеральнымі кангрэгацыямі штодзень выступалі сем’і (аўдытары), якія дзяліліся з удзельнікамі сваімі сведчаннямі. Біскупамі гэта ўспрымаецца вельмі пазітыўна — сведчанні паказваюць прыклад таго, як вера ў Бога і давер Яму дапамагаюць у перадоленні сямейных крызісаў. 
 
 
Вельмі цікавым было выступленне аўдытара з Літвы, адзінага свецкага прадстаўніка з былога савецкага блоку. Выступалі таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх выравызнанняў, якія дзяліліся сваім бачаннем сямейных праблем, пры гэтым выказваючы салідарнасць з Каталіцкім Касцёлам у пытаннях крызісу сям’і і пошуку шляхоў яго вырашэння. 
 
 
Некаторыя прапаноўвалі свае шляхі вырашэння праблем сем’яў. У Праваслаўнай Царкве дапускаецца благаслаўленне на другі шлюб з магчымасцю прыступаць да сакрамэнту Эўхарыстыі, англікане і лютэране не выключаюць удзелу разведзеных і тых, хто жыве ў паўторным сужэнстве, у паўнаце жыцця сваіх супольнасцяў.
 
 
— Магчыма, існуе які-небудзь «усходні блок» біскупаў, калі іерархі з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін Усходняй Еўропы больш часу праводзяць разам у размовах, абмяркоўваючы сітуацыю ў сваіх краінах?
 
— Нейкага асаблівага «блоку ўсходніх біскупаў» няма. Аднак па найбольш вострых пытаннях мы найперш кансультуемся адзін з адным, сумесна абмяркоўваем і ацэньваем сітуацыю, бо ведаем, што ў нас аднолькавы падыход да такіх праблем. І гэта таксама бачна па афіцыйных выступленнях прадстаўнікоў Усходу.
 
У іх яскрава прасочваецца лінія традыцыйнага вучэння Касцёла.
 
 
— З кім з біскупаў падчас працы Сіноду Вы размаўляеце найбольш?  Якія чаканні яны маюць па тэме Сіноду?
 
 
— Цяжка сказаць. Ва Урбаніянуме мы шмат размаўляем адзін з адным (біскупы з розных краін) найчасцей падчас пасілкаў. Пасля іх біскупы або адпачываюць, або пішуць водгукі для СМІ сваіх краін (што раблю таксама і я). Падчас Сіноду найбольш размаўляю з тымі біскупамі, хто сядзіць побач са мной — гэта біскупы з Чэхіі і Румыніі. Падчас перапынкаў на каву — з іншымі ўдзельнікамі Сіноду.
 
 
У першыя дні працы Сіноду многія выказвалі занепакоенасць тым, якім шляхам пойдзе Сінод. Цяпер жа наступае нейкая ўпэўненасць, і ў гэтым бачна дзеянне Святога Духа. Вядома, што ёсць вельмі важныя праблемы і іх неабходна вырашаць, але ўсё больш пануе перакананне, што заўсёды адпраўным пунктам з'яўляецца вучэнне Хрыста, якое не можа быць зменена. 
 
 
Трэба памятаць, што Сінод носіць не дактрынальны, але пастырскі характар. Яго заданне — пошук новых шляхоў пастырства ў складаных сітуацыях, у якія трапляюць сучасныя сем’і ў межах каталіцкай дактрыны.
 
Паводле catholic.by

Каментаваць