Папярэджваючы стрэл

Віктар Пракапеня, якога выпусцілі з СІЗА, вярнуўся ў бізнес. Аднак ягоная справа не закрытая, расследаванне працягваецца. Тым часам іншыя IT-бізнесоўцы імкнуцца зразумець: які ж сігнал ім паслала ўлада.



Вяртанне Пракапені

У Беларусі працягнула працу кампанія EXP (Capital), што належыць вядомаму IT-бізнесоўцу Віктару Пракапеню. Больш за тое, фірма вярнулася ў свой ранейшы офіс на вуліцы Інтэрнацыянальнай. «Шмат якія скрыні ўжо распакаваныя, уся мэбля расстаўленая, і ў кава-машыну засыпана духмяная кава, а самае галоўнае — Віктар Пракапеня з намі! І мы пачынаем», — гаворыцца ў паведамленні EXP (Capital) у сацсетцы Facebook.

Нагадаю, што Віктар Пракапеня быў выпушчаны з СІЗА ўвечары 22 снежня; у зняволенні ён правёў дзевяць месяцаў. З часу вызвалення Пракапеня не меў стасункаў з журналістамі. Але, па словах знаёмых бізнесоўца, за час знаходжання ў СІЗА ён схуднеў на 20 кілаграмаў, прачытаў 150 кніг і быў шчаслівы пасля ўсяго перажытага апынуцца дома, з сям’ёй.

Між тым, Віктара Пракапеню «пакінулі на ланцужку»: яму змянілі меру спынення (ён адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе), але абвінавачванні з яго не знятыя. Кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч так пракаментаваў вызваленне бізнесоўца: «З улікам таго, што выкананыя асноўныя следчыя дзеянні па крымінальнай справе і Віктар Пракапеня цалкам пакрыў усю шкоду, мера спынення яму была змененая са згоды пракурора на не звязаную са знаходжаннем пад вартай».

Прадстаўнікі EXP (Capital) сцвярджаюць, што IT-бізнесовец плануе і далей займацца бізнесам у Беларусі. Між тым, яшчэ ў кастрычніку 2015-га з’явілася інфармацыя, што створаны Віктарам Пракапенем беларускі офіс распрацоўкі групы кампаній IG пераязджае ў Польшчу. «Кіраўніцтва паведаміла персаналу аб пераездзе ў Кракаў», — распавёў парталу TUT.by адзін з праграмістаў кампаніі «Ай-Джы Дэв». Яшчэ адна крыніца тады паведаміла, што неўзабаве пасля затрымання Віктара Пракапені яго брат Канстанцін і некалькі топ-менеджэраў кампаніі курсавалі паміж Мінскам, Лонданам і іншымі еўрапейскімі гарадамі, прымаючы рашэнне аб новым размяшчэнні офіса кампаніі.

Яшчэ ў 2006 годзе Віктар Пракапеня стварыў у Беларусі паспяховую кампанію «Viaden Media», якая займалася распрацоўкай праграм для мабільных гаджэтаў. Праз пяць гадоў кампанію купіў ізраільскі мільярдэр Тэдзі Сагі. На атрыманыя грошы Пракапеня стварыў інвестыцыйны фонд EXP (Capital), праз які ўклаўся ў дэвелоперскі бізнес, выкупіўшы шэраг будынкаў у цэнтры Мінска. (Па адной з першых версій, менавіта канфлікт вакол нерухомасці стаў прычынай арышту Пракапені.)

Аднак IT-бізнес Віктар Пракапеня не пакінуў, і ў 2014 года ў Мінску ён адкрыў офіс буйной групы брытанскіх фінансавых кампаній «IG Group».

Як паведамілі НЧ крыніцы ў IT-супольнасці, гаворка ішла аб распрацоўцы ў Беларусі праграм для аўтаматызацыі біржавога гандлю валютамі і каштоўнымі паперамі — так званых «біржавых робатаў». Гэты вельмі прыбытковы накірунак, які, аднак, для свайго развіцця патрабуе ўдзелу адмыслоўцаў з вельмі добрым веданнем матэматыкі.

Брытанскі холдынг рабіў вялікія стаўкі на беларускіх праграмістаў. Неўзабаве пасля адкрыцця ў беларускім офісе распрацоўкі «IG Group» працавала ўжо больш за 100 чалавек. Пад праект былі прыцягнутыя інвестыцыі ў памеры $4,7 мільёна. Але менавіта ў гэты момант Пракапеня патрапіў у поле зроку праваахоўнікаў па справе праграміста Аляксея Камка і неўзабаве быў арыштаваны.

Ахвяра іншай справы

Аб затрыманні Віктара Пракапені стала вядома 3 красавіка 2015-га. Тады Следчы камітэт паведаміў, што, па яго дадзеных, «бізнесовец, які дзейнічаў у складзе арганізаванай групы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы продажу IT-тэхналогій без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі як суб’екта гаспадарання. У выніку незаконнай дзейнасці ён атрымаў прыбытак у памеры 650 тысяч долараў». Неўзабаве Пракапені было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 233 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўлялася арганізаванай групай, з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса РБ. Пазней з’явіліся падрабязнасці: маўляў, у перыяд з сакавіка 2005 года па красавік 2008-га Пракапеня сумесна са сваім падначаленым Аляксеем Камком займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю ў складзе арганізаванай злачыннай групы. А менавіта: размяшчаў у інтэрнэце сайты і рэкламу без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Мае неафіцыйныя крыніцы ў беларускай IT-супольнасці паведамлялі крыху іншую версію. Па іх інфармацыі, Аляксей Камок, працуючы праграмістам у «Viaden Media», «падзарабляў» рэкламай замежных порнасайтаў. Па сутнасці, гэта пацвердзіў і Следчы камітэт, які паведаміў, што Камку і яго неназваным кампаньёнам атрымалася зарабіць больш за 700 тысяч долараў. Яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК.

За гэта ў выніку Аляксея Камка суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў вінаватым па ўсіх эпізодах абвінавачвання, прысудзіўшы яго да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Вольга Паўлоўская таксама пастанавіла спагнаць з яго Br12,6 мільярда шкоды і канфіскаваць сродкі з рахункаў асуджанага.

Але сам Пракапеня, на якога працаваў Камок, як лічыцца, не ведаў пра дзейнасць свайго падначаленага. Больш таго, аб тым жа самым (недатычнасці Пракапені) Аляксей Камок казаў і на следстве, і на судзе. Тым не менш, Пракапеню не толькі арыштавалі, але і пазней Следчы камітэт распачаў новыя крымінальныя справы — па арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў). Па версіі следства, ад выплаты падаткаў бізнесовец ухіляўся ўжо пасля 2008 года. Цікавы момант: у Следчым камітэце сцвярджаюць, што Віктар Пракапеня сваёй віны не прызнаў і на супрацоўніцтва са следствам не пайшоў. Тым не менш, яго адпусцілі з СІЗА і дазволілі зноў заняцца ранейшым бізнесам. Чаму?

Меркаванне IT-супольнасці

Увесну рэакцыяй беларускіх IT-бізнесоўцаў і праграмістаў на арышт Віктара Пракапені стаў сапраўдны шок. Шмат хто прызнаваўся, што пачаў падумваць аб пераездзе за мяжу — бо кампутарным бізнесам, як і праграмаваннем, можна займацца з любой кропкі свету. Таксама шмат гаварылася аб тым, што наступствам «справы Пракапені» стала страта Беларуссю дзясяткаў і нават сотняў мільёнаў долараў замежных інвестыцый.

Больш таго, пасля арышту Пракапені ў Беларусі стараюцца не з’яўляцца топ-менеджары шэрагу буйных IT-кампаній — напрыклад, «EPAM Systems» (кіраўніцтва аддае перавагу весці справы з ЗША) або «Wargaming» (аддаюць перавагу Германіі і Кіпру, дзе нават купілі сабе ўласны банк). Прасцей кажучы, нізавыя праграмісты жывуць і працуюць у Беларусі, а іх кіраўніцтва — тыя ж грамадзяне Беларусі — за мяжой.

Што цікава, і вызваленне Віктара Пракапені, і яго вяртанне ў бізнес, беларускія IT-прадпрымальнікі імкнуцца не каментаваць «пад дыктафон».

Толькі самы вядомы IT-бізнесмен Беларусі, стваральнік партала TUT.by Юры Зісер дыпламатычна сказаў «Новаму Часу»: «Я рады, што ўсё супакойваецца і, калі меркаваць па запісах у Facebook, Віктар нарэшце можа вярнуцца да працы. Падобна, немалаважнае значэнне ў яго вызваленні адыгралі незалежныя медыя і наогул шырокая агалоска справы. Зрэшты, у інфармацыйнае стагоддзе схаваць арышт вядомых людзей не ўяўляецца магчымым».

Усе іншыя, з кім я гутарыў, даюць розныя версіі таго, што адбылося. Па адной, Пракапеню выпусцілі, каб захаваць у Беларусі вельмі «грашовы» бізнес «IG Group». У адваротным выпадку фінансавую кампанію ў Вялікабрытаніі чакалі вялікія непрыемнасці, і найперш — падзенне курсу акцый з-за нерэалізаваных праектаў. Гэта значыць, нельга выключаць, што брытанцы проста дыпламатычна папрасілі прэзідэнта, паабяцаўшы нешта наўзамен.

Іншая версія — больш глабальная. Паводле яе, уладам даўно не падабаецца растучая незалежнасць ад дзяржавы IT-бізнесоўцаў. Гэта людзі, якія зрабілі свае капіталы ўласнымі мазгамі, без бюджэтных грошай і прэферэнцый, з незалежным мысленнем, якія актыўна працуюць з замежжам. А значыць — патэнцыйна небяспечныя для ўлады. І ў гэтай сітуацыі «справа Пракапені» стала своеасаблівым «папераджальным стрэлам» для ўсяго беларускага IT-бізнесу. Маўляў, працуйце і зарабляйце, але ведайце сваё месца.

Каментаваць