Папяровая эпапея

Ужо шмат гадоў цягнецца эпапея з увядзеннем у эксплуатацыю РУП «Завод газетнай паперы» ў горадзе Шклове, аднак прадпрыемства да гэтага часу не выйшла на праектную магутнасць.

Шматпакутны завод пачалі будаваць яшчэ ў 2005 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Напачатку будаўніцтва прадпрыемства Аляксандр Рыгоравіч паставіў перад чыноўнікамі, адказнымі за ўвядзенне ў эксплуатацыю «Завода газетнай паперы», задачу: ужо ў 2008 годзе прадпрыемства павінна на 100 працэнтаў забяспечыць беларускія СМІ газетнай паперай.



Ужо шмат гадоў цягнецца эпапея з увядзеннем у эксплуатацыю РУП «Завод газетнай паперы» ў горадзе Шклове, аднак прадпрыемства да гэтага часу не выйшла на праектную магутнасць.

Шматпакутны завод пачалі будаваць яшчэ ў 2005 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Напачатку будаўніцтва прадпрыемства Аляксандр Рыгоравіч паставіў перад чыноўнікамі, адказнымі за ўвядзенне ў эксплуатацыю «Завода газетнай паперы», задачу: ужо ў 2008 годзе прадпрыемства павінна на 100 працэнтаў забяспечыць беларускія СМІ газетнай паперай.

Амаль усе дзяржаўныя газеты надрукавалі ў маі 2008 года словы Лукашэнкі, якія ён сказаў на адкрыцці прадпрыемства ў Шклове: «Гэта валютны праект, заробленыя грошы пойдуць на развіццё Шклоўскага раёна. Завод ёсць, трэба пачынаць працу. Прадпрыемства не павінна спыняцца ні на суткі».

Аднак пасля ўрачыстага «запуску» прадпрыемства, яно так і не пачало працаваць стабільна, якасць і колькасць выпускаемай прадукцыі таксама жадае лепшага.

У верасні 2009 года завод наведаў і прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Пасля яго візіту інтэрнэт-сайт Магілёўскага аблвыканкама паведаміў пра тое, што прэм’ер-міністр паставіў перад прадпрыемствам задачу выйсці на праектную магутнасць у снежні 2009 года.

Пра тое, як добра будзе працаваць у хуткім часе завод, расказала 9 лістапада 2009 года ў матэрыяле «Шклоўскі завод выйдзе на вытворчасць больш 2 тысяч тон паперы на месяц» БЕЛТА.

У прыватнасці, у матэрыяле прыводзіліся словы дырэктара прадпрыемства Анатолія Хмялеўскага: «Зараз для нас галоўная задача — вывесці на праектную магутнасць машыну, што робіць паперу, як плануецца, да 1 студзеня 2010 года. Зараз яна складае каля 60–65 працэнтаў. Яшчэ адна не менш важная задача — гэта паляпшэнне якасці паперы, змяншэнне яе сабекошту і падвышэнне канкурэнтаздольнасці».

На жаль, зрабіць гэта прадпрыемству не ўдалося да гэтага часу. З вялікім поспехам завод газетнай паперы толькі назапашвае даўгі. Як паведаміла інтэрнэт-газета «Ежедневник», у тым жа лістападзе 2009 года толькі па аднаму іску УП «Беллесэкспарт» завод завінаваціў за атрыманую яшчэ ў 2008 годзе драўніну больш за два мільярды рублёў. А ёсць жа і шматлікія іншыя даўгі.

Калі пытанне аб выніках праверкі канцэрна «Беллеспаперпрам» разглядалася на калегіі Камітэта дзяржкантролю ў лютым 2010 года, ад працы шклоўскага «Завода газетнай паперы» ў кантралёраў таксама засталося самае сумнае ўражанне.

Вось што напісала па матэрыялах калегіі газета «Белорусская нива»: «Нямала ўвагі на калегіі прысвяцілі працы шклоўскага «Завода газетнай паперы». Даручэнне кіраўніка дзяржавы пра выхад прадпрыемства на вытворчую магутнасць па сярэнямесячнай вытворчасці газетнай паперы да канца мінулага года так і не выканана. У ганцы года за трое сутак гарантыйных выпрабаванняў ад праектнай магутнасці было атрымана толькі 40 працэнтаў прадукцыі. Але тое, што робяць на заводзе, не задавальняе пакуль ні паліграфістаў, ні рэдакцыі газет. Дзеля нагляднасці на калегіі паказалі адну з газет, надрукаваную на айчыннай паперы. Выглядае яна, сапраўды, не лепшым чынам. Папера стварае шмат пылу, рвецца, а дыяметр рулонаў не заўсёды адпавядае ГОСТу».

Напрыканцы красавіка адбылося пасяджэнне Шклоўскага райвыканкама, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал 2010 года. У сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Валерый Гузаў адзначыў, што эфектыўнасць работы народнагаспадарчага комплексу раёна працягвае заставацца нізкай. Не выкананы прагнозныя паказчыкі па экспарту тавараў (асноўная прадукцыя, якую Шклоўшчына пастаўляе на экспарт, — гэта папера і малочныя прадукты), выпуску прадукцыі прамысловасці. Павялічыліся суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесячнага аб’ёму іх вытворчасці.

У выніку такой «добрай» працы дырэктар завода газетнай паперы Анатоль Хмялеўскі быў вымушаны даваць тлумачэнні перад членамі райвыканкама, а старшыня Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Бойка запатрабаваў ад яго прыняць неадкладныя меры па выпраўленню недахопаў.

Сваё меркаванне наконт праблем завода газетнай паперы выказаў і жыхар Шклова Міхаіл Кучарэнка: «У прадпрыемства па-ранейшаму шмат праблем, ніяк не атрымліваецца наладзіць выпуск якаснай прадукцыі ў абвешчаны кіраўніком краіны «Год якасці». Калі ж завод зможа выйсці на праектную магутнасць — наогул абсалютна не зразумела, бо плануюць гэты «выхад» ужо шмат месяцаў, а воз і зараз там. Не так даўно Шклоў зноў наведваў прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, зноў узнімалася пытанне працы завода газетнай паперы. А зараз ужо некалькі месяцаў усе знаходзяцца ў чаканні візіту Аляксандра Лукашэнкі, які паабяцаў наведаць Шклоў і асабіста разабрацца, што ж адбываецца на заводзе, яшчэ напрыканцы мінулага года падчас візіту на «Інтэграл» у Мінску. Раённыя чыноўнікі ўжо стаміліся наводзіць глянец, бо маючы адбыцца візіт ужо некалькі разоў пераносіўся».

Сумна, што велізарныя грошы, якія ўкладзены ў будаўніцтва і абсталяванне шклоўскага «Завода газетнай паперы», не далі жаданага выніку. Крыўдна, што шматлікія абяцанні высокіх чыноўнікаў забяспечыць выхад завода на праектную магутнасць да гэтага часу застаюцца абяцаннямі.

Каментаваць