Папраўкі ў закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах даюць уладам шырокія магчымасці для адмовы ў іх правядзенні, лічыць Віктар Івашкевіч

Папраўкі ў закон "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", унесеныя на разгляд у Палату прадстаўнікоў, даюць уладам шырокія магчымасці для прыняцця рашэння аб адмове ў іх правядзенні. Аб гэтым БелаПАН заявіў палітык Віктар Івашкевіч.

Папраўкі ў закон "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", унесеныя на разгляд у Палату прадстаўнікоў, даюць уладам шырокія магчымасці для прыняцця рашэння аб адмове ў іх правядзенні. Аб гэтым БелаПАН заявіў палітык Віктар Івашкевіч.

"Законапраект фактычна спісаны з закона аб масавых мерапрыемствах, які быў прыняты восенню 2011 года і значна ўскладніў парадак іх правядзення. Пасля прыняцця паправак мы як бы будзем мець права праводзіць сходы, але не зможам гэтае права рэалізаваць. Права ў дакуменце дэкларуецца, але яго рэалізацыя будзе залежаць ад палітычнага рашэння чыноўнікаў", — сказаў ён.

У параўнанні з законам 2000 года ў новым законапраекце значна пашыраецца раздзел, які рэгламентуе правядзенне мясцовых сходаў. Колькасць артыкулаў у ім пашырана з чатырох да адзінаццаці. У прыватнасці, дабаўлены артыкула "спыненне мясцовага сходу", "асобы, адказныя за падрыхтоўку і правядзенне мясцовага сходу, члены ініцыятыўнай групы" і іншыя.

Таксама ў законапраекце ёсць новы раздзел "Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах". "Законапраект па новаму рэгламентуе падрыхтоўку правядзення сходаў, — адзначыў Івашкевіч. — У ім падрабязна распісалі, як павінен выглядаць падпісны ліст для збору подпісаў грамадзян, якія ініцыююць мерапрыемства. Фактычна, узята форма дакумента, неабходная для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты: неабходна фіксаваць пашпартныя звесткі, у тым ліку адрас, год нараджэння і гэтак далей".

Акрамя таго, сказаў Івашкевіч, падпісныя лісты прыйдзецца здаваць у выканкам, які будзе правяраць подпісы і зможа іх забракаваць. "Прычым калі па нейкіх прычынах правесці сход у запланаваны час і запланаваным месцы не атрымліваецца, аб тым, што выканкам мог бы прапанаваць іншыя варыянты правядзення сходу, у іншым месцы або ў іншы час, не гаворыцца", — сказаў ён.

Палітык таксама звярнуў увагу, што ў законапраекце прапісана адказнасць за парушэнне заканадаўства. "Арганізатары будуць абавязаны кампенсаваць нейкі ўрон дзяржаве, грамадзянам і арганізацыямі. Гэта значыць калі сход усё ж удасца правесці, то арганізатарам могуць быць выстаўлены іскі аб нанесеным уроне", — адзначыў ён.

Нагадаем, Івашкевіч з'яўляўся ініцыятарам правядзення мерапрыемстваў у форме мясцовых сходаў. Так, акцыі "Народны сход" прайшлі 8 кастрычніка і 12 лістапада. У кастрычніку акцыя адбылася прыкладна ў дзесяці гарадах Беларусі, у лістападзе — у трох. Улады не згадзіліся з довадамі ініцыятараў акцыі аб тым, што "Народныя сходы" трапляюць пад закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Сустаршыняў аргкамітэта — Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча — Генпракуратура папярэдзіла аб незаконнасці правядзення акцыі.

"Калі летась была спроба правесці сходы, улады перашкаджалі іх правядзенню, але ў іх не было заснаванай на законе аргументацыі. Таму і было прынята рашэнне зрабіць папраўкі ў закон. Яны заткнулі ўтвораную прававую дзірку. Калі раней не дазвалялі правядзенне сходаў, парушаючы закон, то цяпер будуць не дазваляць, абапіраючыся на закон. Ну, ці дазваляць, але толькі БРСМ, "Белай Русі" і іншым, каму захочуць", — сказаў Івашкевіч.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Каментаваць