Парад прэзідэнта

Народу патрэбна агульнанацыянальнае свята, якое яднае. Яно мусіць выклікаць гонар за краіну, паказваць веліч і моц нацыі. Сапраўды народнае — яно нязмушанае, без загаду і ад сэрца.

Без перабольшвання, народным святам у Беларусі ёсць Новы год: тазік аліўе, шампанскае, загадванне жаданняў — традыцыйныя атрыбуты мілага дзейства, да якога загадаў ніхто не аддае.

Народу патрэбна агульнанацыянальнае свята, якое яднае. Яно мусіць выклікаць гонар за краіну, паказваць веліч і моц нацыі. Сапраўды народнае — яно нязмушанае, без загаду і ад сэрца.

Без перабольшвання, народным святам у Беларусі ёсць Новы год: тазік аліўе, шампанскае, загадванне жаданняў — традыцыйныя атрыбуты мілага дзейства, да якога загадаў ніхто не аддае.

А ёсць яшчэ Дзень перамогі 9 мая і Дзень незалежнасці 3 ліпеня. Але з гэтымі датамі не так роўненька. У мірнай Беларусі яны адзначаюцца як мілітарызаваныя святы — парад вайскоўцаў і тэхнікі, ляскатанне зброі і роў самалётаў, апеляцыя да Вялікай Айчыннай вайны, ваеннай моцы ўжо неіснуючай імперыі.

У Дзень незалежнасці вайсковы марш міксуецца з дэманстрацыяй дасягненняў спорту і народнай гаспадаркі — на густ рэжысёраў свята. Усё б нічога, толькі рэжысёры гэтага відовішча, пэўна, нагледзеліся фільмаў Лені Рыфеншталь ды на ўласны, не самы лепшы густ, разбаўляюць яго сучаснымі элементамі. Летась, напрыклад, такімі ноў-хаў былі вобразы «трактар-дзяўчынка» і «трактар-хлопчык». Сёння, відаць, на хвалі флёру ад візіту вышэйшай асобы ў Лацінскую Амерыку, на праспект разам са спартоўцамі выпусцілі дзяўчат у строях а-ля карнавал у Рыа-дэ-Жанейра. Каментатар патлумачыў гэтую разынку як «Паўднёваамерыканскія рытмы алімпійскага карнавалу».

І вось ідзе гэтае шэсце соцень удзельнікаў — спартоўцаў ці прадстаўнікоў працоўных калектываў, сінхронна выконваюцца пэўныя рухі, а абапал шырокага праспекту за ачапленнем стаяць людзі. І наўрад ці хто рынецца да спартоўцаў, каб выказаць, напрыклад, словы захаплення ці ўдзячнасці. А свята ж народнае, агульнадзяржаўнае, дык якія кардоны мусяць быць перад народам?

Увогуле, народныя святы ў Беларусі — мірнай, падкрэслім, краіне — ладзяцца з павышанымі мерамі бяспекі: кардоны, ачапленні, мноства міліцыянтаў, супрацоўнікаў у цывільным, амапаўцаў. Улады тлумачаць, што да такіх захадаў змусілі падзеі чатырохгадовай даўніны, калі ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў час канцэрта з нагоды Дня незалежнасці каля стэлы «Мінск — горад-герой» прагрымеў выбух самадзейнай прылады. Тады былі траўмаваныя больш за 50 чалавек. Таму гэтая пільнасць быццам бы выглядае правільнай. А з іншага боку, каб нешта святкаваць пад скрыжаванымі калючымі позіркамі супрацоўнікаў спецслужбаў, трэба мець той яшчэ ўзровень вытрымкі і спакою! Дзе там еўрапейцам з іх карнаваламі і актобэрфэстамі да беларускага парадку.

Дзяржаўны Дзень незалежнасці ёсць нагодай і магчымасцю выступіць палітычнаму лідару Беларусі з міні-пасланнем да народа. У гэтай прамовы ёсць ужо традыцыйныя тэзы: сяброўства з Расіяй; аранжавыя рэвалюцыі ў нас не пройдуць.

Сёлета Аляксандр Лукашэнка паспяшаўся абвергнуць уласную заяву, зробленую некалькі дзён таму падчас візіту ў Лацінскую Амерыку. Тады ён сказаў: «Тут знаходзіцца мой сын Мікалай, і гэта сведчыць пра тое, што ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 20–25». А выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, запэўніў: «Я ўсё больш са здзіўленнем чытаю і чую пра тое, што вось тут Лукашэнка — гэта назаўжды, гэта навечна. У які раз кажу, не апраўдваючыся перад вамі: мае дзеці прэзідэнцтва наеліся пры сваім бацьку. Ніякай перадачы па спадчыне ўлады быць не можа. Я чалавек быццам бы адносна сціплы, ніколі не кажу, што мне, дзякуючы вам, выпаў гонар быць у гэтай незалежнай дзяржаве першым прэзідэнтам, вашым прэзідэнтам. Я ўсё памятаю: колькі было бойкі, колькі было прагнозаў і колькі было магчымасцяў акунуць краіну ў хаос. Я тады сам сабе паабяцаў: я першы прэзідэнт, пасля мяне будуць іншыя, і я павінен зрабіць так, каб нікому не захацелася паступіць несумленна. І калі я буду сябе паводзіць несумленна, і калі я буду сябе паводзіць як многія іншыя алігархі вакол нашай краіны, у кожнага прэзідэнта пасля мяне будзе спакуса паўтарыць гэта. Я першы прэзідэнт, ваш прэзідэнт, і я проста не магу сабе гэтага дазволіць!» — супакойваў народ Аляксандр Лукашэнка. Наколькі можна верыць гэтым словам, і ці няма ў іх супярэчнасці — задачка для розуму кожнага грамадзяніна дзяржавы.

Яшчэ адна гарачая тэма знешнепалітычных падзей Беларусі — рызыка страты суверэннасці. Пра тое, што шанцы ёсць, і не малыя, гавораць не першы дзень. У Расіі, да прыкладу, людзі ў глыбінцы, дзякуючы мясцовай прапагандзе, перакананыя, што пытанне ўвядзення ў Беларусі расійскага рубля ўжо вырашанае.

Калі хто думае, што ўвядзенне расійскага рубля ў нашай краіне — гэта ўсяго толькі чарговы метад прыссацца да халявы, то мусім расчараваць: усё не так проста і аптымістычна. Карыстаючыся нагодаю, Аляксандр Лукашэнка паспеў запэўніць свой электарат, што гэтыя плёткі і прагнозы — усяго толькі фантазія. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што незалежнасць дзяржавы ніколі не бывае абсалютнай. Тым больш гэта немагчыма сёння, калі залежнасць паміж краінамі ўзрасла на парадак.

«Нават суперніцтва паміж дзяржавамі перажывае каласальныя змены — гэта ўжо не вайна на знішчэнне, а асцярожная канкурэнцыя, заснаваная на дзясятках і сотнях кампрамісаў, — сказаў беларускі кіраўнік. — Гэтыя кампрамісы існавалі заўсёды на працягу ўсёй чалавечай гісторыі. Але сёння яны працялі сабой літаральна ўсё — ад пагадненняў у рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі (дзе нават найбуйнейшыя дзяржавы свету падпарадкоўваюць сябе агульным правілам) да Еўрасаюза, у рамках якога краіны проста ахвяруюць вельмі значнай часткай свайго як эканамічнага, так і палітычнага суверэнітэту», — прыводзіў прыклады Лукашэнка. Разам з тым, нагадаем, калі ўладар «чырвонага дому» на Маркса мае намер «ніколі не аддаць сваю дзяржаўнасць», то ўладар Крамля мае канкрэтны план на бліжэйшыя гады — сваю дзяржаву пашырыць.

Варта дадаць, што першая асоба прымала вайсковы парад і «алімпійскі карнавал» у кампаніі свайго малодшага сына. Гэтымі днямі Мікалай Лукашэнка выйшаў ці не ў топавыя персоны беларускіх медыя па колькасці згадак. Так і хочацца прыгадаць традыцыі выхавання манархаў.

Але выходныя скончыліся, чаркі выпітыя, шкваркі з’едзеныя. Чакаем Дажынак.

Каментаваць