Парламентарыі АБСЕ ўбачылі «вясёлае жыццё»

У Беларусі адбываюцца пазітыўныя перамены. Яны не маюць радыкальнага характару, а адбываюцца ў рэжыме «крок за крокам». Такое меркаванне выказала кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Ута Цапф падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску.



У Беларусі адбываюцца пазітыўныя перамены. Яны не маюць радыкальнага характару, а адбываюцца ў рэжыме «крок за крокам». Такое меркаванне выказала кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Ута Цапф падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску.

Гэтымі днямі ў Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіцца дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі АБСЕ пад кіраўніцтвам прэзідэнта Асамблеі Жуана Суарыша. Візіт мае палітычна-эканамічную тэматыку: у праграме — шэраг сустрэч з прадстаўнікамі беларускага парламенту, апазіцыі, недзяржаўных арганізацый, міністэрстваў замежных спраў і інфармацыі. Але галоўнай мэтай прыезду дэлегацыі ў Мінск быў удзел у семінары «Паляпшэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый».

Гэты семінар Ута Цапф назвала «шматабяцальным», хоць канкрэтныя фірмы і інвестараў, якія гатовыя прыйсці ў Беларусь, назваць адмовілася, падкрэсліўшы, што цяпер галоўнае — стварыць для іх спрыяльны клімат, рэфармаваць падатковую і заканадаўчую сістэмы. Яна адзначыла, што семінар праходзіць у час, калі яго тэма асабліва актуальная. Разам з тым Парламенцкая Асамблея АБСЕ ў сваіх перамовах кіруецца прынцыпамі і стандартамі АБСЕ, якія мусяць выконваць краіны — удзельніцы дыялогу.

АБСЕ найперш вылучае такія катэгорыі, як роўныя выбары, права на справядлівы і адкрыты суд, а таксама ў краіне мусіць быць высокая ступень эканамічнага развіцця, што дае магчымасць шырокім слаям грамадства быць заангажаванымі ў палітычны працэс без якіх бы тое ні было выключэнняў. Актуальным з’яўляецца і далучэнне Беларусі да еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

Паводле меркавання Уты Цапф, Беларусь, нягледзячы на эканамічны крызіс, у эканамічным вымярэнні адчувае сябе нядрэнна. Яна назвала Беларусь у ліку адной з пяці рэфарматарскіх краінаў Еўропы.

«Нам не так проста было выбраць тэму і арганізаваць семінар, бо апошнія два гады дыялог паміж Беларуссю і АБСЕ быў цяжкі, — сказала спадарыня Цапф. — Мы адчуваем, што справы цяпер ідуць хутчэй і лягчэй, і дыялог з прадстаўнікамі парламента, і адміністрацыі Беларусі таксама. І калі мы размаўлялі з прадстаўнікамі апазіцыі, мы адчулі, што іх жыццё палепшылася, стала больш вясёлым, але прагрэс мог бы быць больш заўважным. Я хачу падкрэсліць, што мы рады працягнуць дыялог, асабліва па тэме, якая ў часы крызісу набывае вастрыню».

Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў прыводзіць выказванне старшыні саюза Жанны Літвіной пасля сустрэчы з дэлегацыяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ. «Тыя факты, якімі напоўнена наша жыццё, сведчаць пра негатоўнасць улады да кампрамісаў, — адзначыла Жанна Літвіна. — Складваецца ўражанне, што дыялог унутры краіны ўладам не патрэбны. Доказам таму — рэзкія выказванні кіраўніка дзяржавы на адрас «пасярэднікаў» у яго перамовах з еўрапейскімі структурамі. А між тым, наўрад ці можна разлічваць на якіясьці змяненні, калі дыялог унутры нашага грамадства не будзе адным з прыярытэтаў. «Размарожваючы» стасункі з афіцыйным Мінскам, еўрапейскія інстытуты павінныя памятаць, што грамадзянская супольнасць Беларусі мусіць заставацца паўнавартаснай удзельніцай перамоўных працэсаў».

Ута Цапф адзначыла, што перамены да лепшага ў Беларусі не радыкальныя: «Іх можна ахарактарызаваць як крок за крокам». Жаданне беларускага кіраўніцтва перагледзець некаторыя аспекты заканадаўства краіны, па словах спадарыні Цапф, выклікае павагу і жаданне працягваць кантакты. У якасці станоўчага прыкладу яна распавяла, што калега набыў ёй у шапіку «Белсаюздруку» ў Адміністрацыі прэзідэнта адну з дзвюх недзяржаўных газет, якія напрыканцы мінулага года вярнулі ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду. Гэтую газету спадарыня Цапф паабяцала захаваць, відаць, як сімвал плёну сваёй працы. Ва ўнісон спадарыні Цапф прэзідэнт Асамблеі Жуан Суарыш адзначыў, што «наперадзе вялікі шлях, але сам факт пачатку руху пазітыўны. Мы адчулі, што апазіцыя не стараецца, каб Еўропа прымала санкцыі супраць Беларусі. Пазіцыя АБСЭ — Беларусь не павінна быць у ізаляцыі».

Апошнім часам шырока абмяркоўваецца магчымасць запрашэння кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на майскі саміт кіраўнікоў краін Еўрасаюза і іх суседзяў у Прагу. Станоўчае рашэнне па гэтаму пытанню будзе азначаць, што Еўропа ці не канчаткова змірылася з Беларуссю, якая яна ёсць, і пасля гадоў адпрэчвання «апошняй дыктатуры» гатовая перайсці да супрацоўніцтва з ёй.

Відавочна, што цяпер еўрапейскіх чыноўніках больш хвалююць геапалітычныя праблемы, чым праблемы з дэмакратыяй унутры Беларусі. Адным з вырашальных пунктаў можа стаць прызнанне ці непрызнанне краінай суверэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ута Цапф паведаміла, што гэтая ж тэма абмяркоўвалася ў Міністэрстве замежных спраў, паколькі прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі — далікатнае палітычнае пытанне, вырашэнне якога будзе мець уплыў на бяспеку ў Еўропе. Пытанне мусіць абмяркоўвацца шырока і рознабакова. Кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, член парламента Валерый Іваноў сказаў журналістам, што «цалкам згодны» з Утай Цапф у тым, што «гэтае пытанне патрабуе грунтоўнага разгляду», і ёсць верагоднасць, што падчас вясенняй сесіі прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі не будзе абмяркоўвацца.
 

Каментаваць