Парламентарыі адмаўляюцца выконваць свае прадстаўнічыя абавязкі

Пра тое, што парламентарыі адмаўляюцца выконваць свае абавязкі, ішла гаворка на прэсавай канферэнцыі актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, што адбылася 7 кастрычніка ў Мінску.

 

 



Удзельнікі прэсавай канферэнцыі дабіваюцца ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўзнаўлення сваіх парушаных правоў на атрыманне адказу па сутнасці пытанняў, пастаўленых у скаргах грамадзянаў. Дарэчы, такое права прадугледжана артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. З снежня 2012 года актывісты ініцыятывы звярнуліся да 17 парламентарыяў. 

Так, бабруйчанка Любоў Санкевіч распавяла, што яна тройчы сустракалася з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалаем Плаксіцкім, аднак на свае звароты з просьбай атрымаць адказы атрымлівала ад парламентарыя такія ж адпіскі, як раней ад чыноўнікаў. Пры гэтым у трэцяй адпісцы Плаксіцкі заявіў, што прыпыняе ліставанне з жанчынай. Самае цікавае ў тым, што калі Санкевіч параўнала адказы Мікалая Плаксіцкага і дэпутаткі Жанны Мішур на ліст другой бабруйчанкі, аказалася, што гэтыя адказы абсалютна аднолькавыя па свайму зместу. Пракуратура тройчы апратэстоўвала звальненне з працы Любові Санкевіч, але суд адмаўляецца пераглядаць яе справу.

Як адзначыў мінчанін Васіль Хадзькоў, ягоны прадстаўнік у ніжняй палаце парламенту Васіль Аляксеенка адмовіўся дапамагчы грамадзяніну ўзнавіць яго парушаныя правы, звязаныя з выкананнем судовага рашэння. Больш таго, Аляксеенка прапанаваў Хадзькову зноў звяртацца ў суд.

Але ж мужчына з вялікай цяжкасцю ўжо дамогся законнага судовага рашэння па сваёй справе, што тычыцца прадастаўлення яму кватэры замест знесенага прыватнага дома, дзе зараз знаходзіцца станцыя Мінскага метро “Грушаўка”. Аднак, нягледзячы на станоўчы судовы вырак, Васіль Хадзькоў пяты год працягвае бамжаваць.

Паводле слоў мінчанкі Камеліі Чарняўскай, яна  неаднаразова была на прыёме ў свайго дэпутата Марата Жылінскага. Але на свае звароты да парламентарыя жанчына атрымала такія ж адпіскі, як і ад чыноўнікаў. На апошнім прыёме ў дэпутата ён выказаў упэўненасць, што Чарняўская не ўдзельнічае ў выбарах і можа далей на іх не хадзіць. Судовымі рашэннямі двухпакаёўка жанчыны стала камуналкай, і 74-гадовая Камелія Чарняўская вымушана пражываць у адной кватэры разам з чужым мужчынам.  

Юрыстка Тамара Сяргей падкрэсліла, што ўдзельнікамі прэсавай канферэнцыі з’яўляюцца пенсіянеры, большасць якіх — ветэраны працы.

Але калі яны звярнуліся да сваіх дэпутатаў, дык сутыкнуліся з тым, што парламентарыі нават не ведалі пра сваю прадстаўнічую функцыю, ускладзеную на іх артыкулам 90 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На звароты грамадзянаў дэпутаты адказалі такімі ж адпіскамі, як і чыноўнікі. У ўдзельнікаў прэсавай канферэнцыі склалася ўражанне, што парламентарыі атрымліваюць заробак менавіта за невыкананне сваіх прадстаўнічых абавязкаў. Дзверы Палаты прадстаўнікоў аказаліся зачыненымі для грамадзянаў. На шэсць сваіх зваротаў аб прыёме ў старшыні ніжняй палаты парламенту Уладзіміра Андрэйчанкі актывісты ініцыятывы так і не дачакаліся станоўчага адказу. Мала таго, супраць грамадзянаў распачаліся рэпрэсіі. Генеральная пракуратура вынесла мне афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці, бабруйчанка Валянціна Каваленка атрымала афіцыйнае папярэджанне аб адміністрацыйнай адказнасці, а мазыранка Галіна Герасімава — вуснае папярэджанне”, — сказала юрыстка.

Каментаваць