ПАРНАС будзе супрацоўнічаць з АГП

Лідары беларускай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Рэспубліканскай партыі Расіі — Партыі народнай свабоды (РПР-ПАРНАС) Барыс Нямцоў 24 красавіка падпісалі заяву аб супрацоўніцтве.



Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька. Фота www.svaboda.org


Барыс Нямцоў перад пачаткам сустрэчы з журналістамі адзначыў, што гэтым разам яго ў Мінску сустрэлі вельмі ветліва. Даволі прыязна да яго паставіліся ў аэрапорце і ў сталічным гатэлі, персанал якога нават папрасіў сфатаграфавацца для стэнду ганаровых гасцей гэтай гасцініцы. «Ці не пераблыталі вы мяне з Кіркоравым?» — запытаўся Нямцоў, на што супрацоўнікі «Вікторыі» адказалі калектыўным смехам. Нагадаем, што 23 кастрычніка 2002 года Барыса Нямцова, Ірыну Хакамаду і Сяргея Маркава беларускія службоўцы не выпусцілі з мінскага аэрапорта і адправілі назад на радзіму.

Сустрэча з журналістамі адразу пачалася з падпісання Заявы аб супрацоўніцтве АГП і РПР-ПАРНАС. Падпісанты дакумента заяўляюць, што прызнаюць адна адну «сяброўскімі партыямі з падобным светапоглядам», кажуць пра намер «цесна супрацоўнічаць па абмену важнымі партыйнымі напрацоўкамі, інфармацыяй аб дзейнасці партыяў», «садзейнічаць развіццю і ўмацаванню сяброўскіх адносінаў і супрацоўніцтву паміж народамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі ў сферы палітыкі, культуры, эканомікі, бізнэсу» і гэтак далей. Прычым абодва бакі падкрэслілі, што яны сыходзяць з прызнання прынцыпаў правоў чалавека, дэмакратыі і ліберальнай эканомікі.

«Мы мелі такое ж міжпартыйнае пагадненне з СПС, але так атрымалася, што працягласць палітычнага жыцця АГП аказалася большай, — адзначыў Анатоль Лябедзька. — Тым не менш, у нас ёсць падмурак нашых адносінаў — гэта правераныя часам і гісторыяй нашы стасункі, а таксама мэты ў нас аднолькавыя: і АГП у Беларусі, і РПР-ПАРНАС у Расіі бачаць сваёй задачай вярнуць свае краіны да дэмакратычнага развіцця. І мы будзем спрыяць адзін аднаму, каб наблізіць нашы краіны, нашых грамадзян да гэтае мэты».  

Са словамі беларускага палітыка пагадзіўся Барыс Нямцоў. «Мы б хацелі, каб і Беларусь, і Расія сталі дэмакратыямі, каб у нашых краінах мянялася ўлада, каб не было цэнзуры, каб у нашых краінах быў незалежны суд, а народы мелі магчымасць ведаць многае, а не быць проста статыстамі, — падкрэсліў сустаршыня РПР-ПАРНАС. — Мы выступаем супраць дыктатуры, за вызваленне палітзняволеных. Да вялікага сораму, я нават не мог сабе ўявіць, што буду вымушаны прызнаць, што ў Расіі палітвязняў больш, чым сёння ў Беларусі, што Расія зараз сямімільнымі крокамі ідзе па шляху Лукашэнкі, і Пуцін, які не ёсць вялікім аматарам Лукашэнкі, а ў іх узаемная нянавісць, тымі не менш, паўтарае ўсе тыя гнюснасці, якія насаджаюцца ў Беларусі доўгія гады».

Паводле слоў Нямцова, ён шчыра вельмі хоча, каб Беларусь стала свабоднай. «Калі вы станеце свабоднымі, то і ў Расіі з’явіцца шанс стаць свабоднай. Я лічу, што ў вас, нягледзячы на драматызм гэтай шматгадовай дыктатуры, шансаў стаць свабоднай, гордай, дэмакратычнай еўрапейскай краінай больш, чым у Расіі. Па-першае, таму, што ў вас па відавочных прычынах няма імперскіх комплексаў, па-другое, вы — абсалютная сарцавіна Еўропы. Да таго ж, у вас няма Каўказу, а гэта, дарэчы, вельмі важны фактар. Апроч таго, і народ у вас вельмі адукаваны, і Еўропа вельмі блізка, так што калі ў вас атрымаецца, то і ў нас, магчыма, таксама», — сказаў расійскі апазіцыянер.     

Прыезд у Мінск Барыса Нямцова практычна супаў з візітам міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Таму і большасць пытанняў да расійскага апазіцыянера былі звязаныя з намерам Расіі размясціць у 2014 годзе ў Беларусі чатыры дывізіёны комплексаў С–300, а таксама авіябазу расійскіх ваенных знішчальнікаў

«Лукашэнскаўская Беларусь і Пуцінская Расія ўваходзяць у такі пояс дыктатураў, якія лічыць сваім галоўным ворагам Захад. Гэта абсурд, але гэта факт. Большай нянавісці да Захаду, як у Пуціна, я, шчыра кажучы, ні ў каго не бачыў. Мяркую, што Лукашэнка ў гэтым сэнсе падзяляе ягоныя погляды. Асабіста я лічу, што пагроза Расіі — зусім не з Захаду, але з Кітаю ды фундаменталісцкіх ісламскіх рэжымаў, якія знаходзяцца на поўдзень ад расійскіх межаў. А навошта гэта трэба Лукашэнку? Па-першае, відаць, ён лічыць, што пасля гэтага нічога не будзе пагражаць ягонай асабістай уладзе з боку Захаду. Але галоўнае, на мой погляд, Лукашэнку гэта патрэбна для гандлю, — мяркуе Барыс Нямцоў. — Далей ён зможа сказаць: не дасце мне грошай, я ў вас базу зачыню, ці яшчэ нешта такое».

«Я лічу, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава, і я ўпэўнены, што беларускі народ ніколі ўжо не адмовіцца ад незалежнасці. Таму спробы зрабіць краіну залежнай пры дапамозе ваенных баз — гэта поўнае глупства. У мяне не ўзнікае сумненняў, што Лукашэнка будзе патрабаваць за размяшчэнне гэтых баз танных нафты і газу. Але ў мяне няма сумневу, што ўсе гэтыя выгоды не дойдуць да беларускага народа. Толькі вось гарантавана адно, што расійскія эскадрыллі ў выпадку чаго дакладна не будуць выкарыстаныя супраць беларускага народа», — упэўнены Барыс Нямцоў.

«Я быў бы рады, калі б замест аэрадрому былі ўкладзены расійскія інвестыцыі і пабудаваны нейкі завод з перадавымі тэхналогіямі, куды б пайшлі працаваць беларускія грамадзяне на добрыя заробкі пасля добрага навучання. Тады б у гэтым была логіка. А вітаць мілітарысцкі дух, падпітку Аляксандра Лукашэнкі мы не можам, гэта тупіковы шлях», — падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

«Лукашэнка пагадзіўся з Шайгу роўна дзеля таго, каб у ягоных руках з’явіліся новыя інструменты шантажу Расіі. Гэта — пастка для Пуціна. Я не вялікі аматар Пуціна, але сумна бачыць, як за час ягонага кіравання Лукашэнка выцягнуў з Расіі сто мільярдаў долараў, прычым не на карысць народа Беларусі, але на сваю асабістую карысць. А цяпер ён атрымае яшчэ адзін дадатковы рычаг ціску на Маскву», — дадаў Барыс Нямцоў.

Каментаваць