Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Паротнікаў: Калі забойства Коржыча дакажуць, то пагоны паляцяць шмат у каго

Калі справа займела вялікі грамадскі розгалас і стала вядомай у вышэйшых колах улады, следства пачало рабіць «усё магчымае» для расследавання.

Андрэй Паротнікаў, фота Змітра Лукашука

У сувязі са смерцю ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ўжо затрыманыя 7 сяржантаў, адзін прапаршчык і два афіцэры. Але прыгадайце: на другі дзень пасля трагедыі, 5 кастрычніка, Следчы камітэт у якасці галоўнай версіі смерці Коржыча называў суіцыд і казаў, што “прыкмет крымінальнага характару не знайшоў”.

А 13 кастрычніка СК паведаміў, што цела Коржыча было знойдзенае павешаным са звязанымі нагамі і майкай на галаве. Што стаіць за такой зменай пазіцыі СК, а разам з ім і Мінабароны, разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з кіраўніком аналітычнага праекту “Belarus Security Blog” Андрэем Паротнікавым.

 Калі б сваякі Аляксандра Коржыча маўчалі, гэтую справу ўдалося б замаўчаць

Барысаўскае следства ― адно з самых прафесійных у краіне. Бо Барысаў даволі складаны з пункту гледжання крымінальнай сітуацыі, там у следчых вялікая практыка. Адпаведна, прыехаўшы на месца здарэння ў Печы, старшы аператыўнай групы тэлефануе ў дзяжурную частку і паведамляе пра абставіны смерці салдата. Гэта адбываецца ў першыя ж хвіліны. Таму цягам гадзіны ў Мінску ведалі пра тое, што ўбачылі праваахоўнікі на месцы здарэння. Але ўсё адбываецца на тэрыторыі вайсковай часткі, і на месцы здарэння прысутнічаюць прадстаўнікі камандавання. Адпаведна, папярэднія высновы і ідэі следчых былі вядомыя і мясцоваму вайсковаму кіраўніцтву, якое таксама хутка перадало іх у Мінск. А далей вельмі проста ўявіць сітуацыю, калі дзядзькі з вялікімі зоркамі на пагонах у Мінску па тэлефоне вырашылі не даваць гэтай справе ход. Калі б сваякі Аляксандра Коржыча маўчалі, то ў іх бы гэта добра атрымалася.

Калі справа займела вялікі грамадскі розгалас і стала вядомай у вышэйшых колах улады, следства пачало рабіць “усё магчымае” для расследавання. Але прабачце, чаму начальнік 3-й школы на свабодзе (звольнены з войска. — Еўрарадыё), чаму на свабодзе яго намеснік па выхаваўчай частцы? Без іх ведама нічога гэтага не адбывалася б.

“Такая актыўная дзейнасць развітая СК яшчэ і таму, каб версія забойства так і не прагучала”

 Я не ўпэўнены, што ўсё пералічанае ― памылка і выпадковасць, а не частка сістэмы па ўтойванні злачынстваў у войску. Варта было б паглядзець і астатнія справы, звязаныя са смерцю вайскоўцаў тэрміновай службы за апошнія гады. Але, калі адкінуць здагадкі, то застаюцца факты: ёсць аб’ёктыўная карціна на месцы здарэння, якая фактычна выключае суіцыд, і ёсць афіцыйныя заявы як збоку службовых асоб Мінабароны, так і з боку СК, што тут злачынства няма. А праз тыдзень яны дзесяць злачынстваў выяўляюць! І дзесяць чалавек арыштавана, яшчэ колькі чалавек звольнена. Які суіцыд можа быць у якасці асноўнай версіі? У якасці асноўнай версіі павінна быць забойства. А потым, калі пацверджання гэтай версіі не знаходзіцца, пераходзяць на суіцыд і нестатутныя адносіны.

Мне падаецца, што цяпер развітая такая актыўная дзейнасць СК яшчэ і таму, каб версія забойства так і не прагучала. Той факт, што праз свайго прэс-сакратара кіраўнік Беларусі звярнуўся за сваякоў Аляксандра Коржыча, сведчыць ― Лукашэнка прыняў сітуацыю блізка да сэрца. І калі высветліцца, што там былі не проста нестатутныя адносіны, а факт забойства, то мала не падасца нікому.

“Трэба стварыць умовы, каб казарма не пераўтваралася ў турэмны барак” 

Каб трагедыі ў войску не паўтараліся, трэба правесці рэформу ўмоваў тэрміновай службы. Стварыць умовы, пры якіх салдат захоўваў бы і свае грамадзянскія правы, і не выпадаў з цывільнага жыцця ― каб казарма не пераўтваралася ў турэмны барак. Трэба прыняць меры для аднаўлення даверу грамадскасці да Мінабароны і беларускага войска. У час, калі так неспакойна ў нашым рэгіёне, для дзяржавы гэта вельмі важна. А сёння гэтую павагу немагчыма аднавіць, не замяніўшы кіраўніцтва Мінабароны. Міністр Раўкоў спусціўся са свайго генеральскага Алімпу, каб проста выказаць словы спачування сваякам Коржыча, толькі на 15-я суткі пасля трагедыі. На тры дні пазней за Аляксандра Лукашэнку.

Зміцер Лукашук, euroradio.fm

Каментаваць