Партнёрства не было

1 ліпеня старшынства ў Еўрасаюзе пераходзіць ад Венгрыі да Польшчы. Пасол Венгрыі Ферэнц Контра, ацэньваючы дасягненні Венгрыі менавіта ў рэчышчы развіцця адносінаў ЕС і Беларусі, назваў апошні год “часам страчаных магчымасцяў.

(На здымку: Ферэнц Контра)



1 ліпеня старшынства ў Еўрасаюзе пераходзіць ад Венгрыі да Польшчы. Пасол Венгрыі Ферэнц Контра, ацэньваючы дасягненні Венгрыі менавіта ў рэчышчы развіцця адносінаў ЕС і Беларусі, назваў апошні год “часам страчаных магчымасцяў.

(На здымку: Ферэнц Контра)


Пасол Ферэнц Контра заявіў, што падчас старшынства Венгрыі ў ЕС пасольства гэтай краіны ў Беларусі не змагло дасягнуць пазітыўных вынікаў. “У Беларусі мы не дабіліся поспеху. Апошні год яна дыстанцуецца ад Еўрасаюза. У выніку вядомых падзей 19 снежня самаізаляцыя краіны ўзрасла, — сказаў венгерскі дыпламат. Ён паведаміў, што спробы венгерскага пасольства дамовіцца аб дыялогу з вышэйшым кіраўніцтвам беларускага МЗС не мелі плёну. “Нам прапанавалі сустрэчы на ўзроўні намесніка начальніка аддзела, але гэты ўзровень недастатковы для такога кшталту перамоў. Я вельмі шкадую і зрабіў бы ўсё, каб адносіны паміж Беларуссю і ЕС умацаваліся, але партнёра для гэтага не было, — рэзюмаваў спадар Контра.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель з гэтай нагоды працытаваў вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі ЕС Кэтрын Эштан, што місія будзе ўмацоўваць адносіны з беларускім народам, што ЕС і надалей ва ўзаемаадносінах з Беларуссю будзе прытрымлівацца палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння. Еўрасаюз патрабуе ад Беларусі вызвалення ўсіх палітзняволеных, павагі дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека. Паглыбленне адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю будзе залежаць ад выканання дзяржавай менавіта гэтых умоў.

Польшча ў перыяд свайго старшынства ў ЕС абрала некалькі стратэгічных ліній: гэта праца ў рэчышчы стварэння адзінага рынку, бяспека Еўропы і развіццё палітыкі суседства, пашырэнне Еўрасаюза.

Жан-Эрык Хольцапфель


“Мы будзем прасоўваць ідэю Усходняга партнёрства, ініцыятарамі якога з’яўляемся. Мы зацікаўленыя ў адносінах з Усходам, але ўплываць на палітыку ЕС у гэтым кірунку мы будзем незалежна ад нашага старшынства. Увогуле, старшынства ў Еўрасаюзе — гэта ўменне выказваць меркаванне Еўрасаюза цалкам, а не толькі краіны. Гэта экзамен сталасці дыпламатыі. Еўрасаюз — гэта больш, чым сума сепаратных інтарэсаў краін, — падкрэсліў пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Каментуючы эканамічныя санкцыі ЕС у адносінах да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, пасол Польшчы падкрэсліў, што гэта ўзгодненая пазіцыя краін-сябраў ЕС. “Тым самым быў дадзены вельмі ясны сігнал кіраўніцтву Беларусі, што палітыка, якая праводзіцца яе ўладамі, нам не падабаецца, што яе неабходна змяніць, — зазначыў дыпламат.

Спадар Ферэнц Контра задаўся рытарычнымі пытаннямі: “Хто ў Беларусі мае магчымасць некалькі месяцаў сачыць за дыпламатам? Здымаць яго днём і ноччу ў рэстаранах, кафэ? Хто мае рэсурсы паехаць за дыпламатам за мяжу і здымаць яго схаванай камерай? Хто можа праслухоўваць мабільныя тэлефоны? Каму гэта выгадна? Каму не спадабалася наша дзейнасць на пасадзе старшыні ЕС, на пасадзе старшыні Савета па правах чалавека?

Лешак Шарэпка



Пасол Венгрыі расказаў, што на вуліцы за дыпламатамі “невядомыя людзі ганяюцца з тэлекамерамі, для многіх з нас гэта пытанне бяспекі, а падчас сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі пад пасольствам зноў з’яўляюцца невядомыя аператары, хаця ніхто іх туды не клікаў.

Дыпламат нагадаў, што пасольства на працягу года прадстаўляла дзяржаву, якая старшынствавала ў Еўрасаюзе і выконвала функцыі прадстаўніка Савета ЕС па правах чалавека, і за гэты час пад ціскам з пасольства з’ехалі двое дыпламатаў. “У мяне быў памочнік, які прыехаў мінулым летам, а з’ехаў у кастрычніку, бо на яго быў ціск, з якім ён за 30 гадоў сваёй дыпламатычнай працы не сутыкаўся. Потым прыехаў новы саветнік, і ён таксама заўчасна з’ехаў з Беларусі з тых жа прычынаў, — падзяліўся ўмовамі працы дыпмісіі спадар Контра.

У чэрвені ў інтэрнэце з’явіўся відэаролік: як мяркуецца, на відэа была заснята размова жонкі венгерскага пасла ў Беларусі Іны Контра з нібыта палюбоўнікам у аэрапорце Італіі. Каментуючы гэты скандал, спадар Ферэнц Контра падкрэсліў, што не мае намеру падаваць з гэтай прычыны ў адстаўку. “Сваю сям’ю і сваю жонку я буду абараняць, чаго б гэта ні каштавала, — заявіў дыпламат. — Яна дарослы чалавек і мае права сустракацца з кім заўгодна, калі заўгодна.

Дыпламат падкрэсліў, што МЗС Венгрыі запатрабаваў неадкладна спыніць практыку ціску на прадстаўнікоў дыпмісіі, “інакш будуць наступствы. МЗС Еўрасаюза заняў аналагічную пазіцыю. Венгерскае дыпведамства заявіла, што згаданы інцыдэнт з’яўляецца грубай правакацыяй і вынікам працы спецслужбаў Беларусі.
 

Каментаваць