"Партыі мадэрнізатараў" у беларускай уладнай эліце пакуль не бачна

Дыскусіі аб шляхах мадэрнізацыі Беларусі так ці інакш прыводзяць экспертаў да думкі, што гэты працэс магчымы толькі пры пераменах унутры самой улады. У сувязі з гэтым трэба разабрацца, якая частка беларускай эліты здольная (калі здольная) стаць рухавіком перамен.

Што стане стымулам да гэтай трансфармацыі — знешні націск, народныя пратэсты або праблемы ў эканоміцы — пакуль няясна. Меркаванні назіральнікаў па гэтым пытанні адрозніваюцца.

Аднак без "дапамогі" з боку нейкай зацікаўленай групы ўнутры палітычнай эліты ўсе гэтыя фактары націску няздольныя радыкальна змяніць сітуацыю. Маналітнасць улады — гэта галоўны залог яе даўгалецця. Ва ўмовах жа ўнутраных супярэчнасцяў нават параўнальна несур'ёзная прычына можа прывесці да фатальнага расколу.


Група "дэмакратаў" не сфарміравана

Пасля падзей снежня 2010 года ва ўлады няма аформленай групы прыхільнікаў дэмакратызацыі, мяркуе эксперт па вывучэнні эліт Андрэй Казакевіч, які ўзначальвае інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера".

"Усё ў гэтых адносінах дастаткова сітуацыйна, — мяркуе аналітык, — любыя групы і людзі, якім гэта ў нейкі момант можа падацца выгадным, могуць выступаць на баку дэмакратызацыі".

Суразмоўца БелаПАН удакладняе: "Гэта можа быць цікава ім толькі з-за палітычнай кан'юнктуры ў гэты момант".

У якасці прыкладу аналітык прыводзіць лабіраванне стварэння партыі на базе праўрадавай грамадскай арганізацыі "Белая Русь". Ініцыятарам праекта выгадная рэформа палітычнай сістэмы. "Вядома ж, мелася на ўвазе найперш рэформа паводле расійскага сцэнарыя, гэта значыць стварэнне партыі ўлады, якая будзе дамінаваць", — мяркуе Казакевіч.

Ідэалы і мэты гэтых людзей маюць шмат агульнага з дэмакратызацыяй. Разам з тым палітолаг заўважае рэфармісцкі патэнцыял у элітах рэгіянальнага ўзроўню. Зразумела, што іх актывізацыя магчымая ў выпадку карэннага разыходжання іх інтарэсаў з рашэннямі цэнтра.

"У пэўных умовах рэгіянальная эліта можа выступіць своеасаблівым лакаматывам мадэрнізацыі, таму што яна ўпэўнена, што захавае свае пазіцыі нават ва ўмовах дэмакратыі", — мяркуе эксперт.

Аднак на нацыянальным узроўні структураваных наменклатурных груп, здольных на супрацьстаянне да правячых вярхоў, няма. І прычыны гэтага, на думку Андрэя Казакевіча, аб'ектыўныя: "Калі б аформленая група была нейкім чынам ідэнтыфікаваная, то, хутчэй за ўсё, праз пару месяцаў яе проста не было б". Такая прырода існага ў Беларусі персаналісцкага рэжыму.


Праеўрапейскай групы таксама не бачна

Не менш важным пытаннем, чым "ці ёсць ва ўладзе дэмакраты?", з'яўляецца пытанне: "Ці ёсць там людзі, арыентаваныя на еўрапейскую будучыню Беларусі?" Менавіта ад гэтага залежыць выбар саюзніка для такой патрэбнай Беларусі наступнай мадэрнізацыі.

"Сур'ёзнай праеўрапейскай групы няма", — мяркуе Андрэй Казакевіч. Нягледзячы на папулярную думку пра еўрапейскую арыентаванасць новага кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, палітолаг канстатуе адсутнасць "структураванай групы, якая бачыць сябе толькі ў Еўропе і гатова за гэта змагацца".

А што ж з расійскім крылом ва ўладзе? Эксперт мяркуе, што "Расія, па ўсім відаць, вядзе мэтанакіраваную палітыку, нацэленую на тое, каб людзі, якія нейкім чынам звязаны з Масквой, займалі тыя ці іншыя пазіцыі".

Палітолаг прагназуе стварэнне групы грамадзянскіх і палітычных аб'яднанняў, арыентаваных на ўсходнюю суседку. "Магчыма, гэтая група будзе больш структураванай, але ў любым выпадку сітуацыя не будзе празрыстай ці стабільнай, калі мы гаворым пра вышэйшы ўзровень беларускай улады", — мяркуе Казакевіч.

Адназначна празаходнюю ці праўсходнюю пазіцыю людзі з вертыкалі заняць не могуць. "Прэзідэнту нявыгадна структураванне такіх груп, таму што гэта пэўная пагроза для існай сістэмы і статус-кво", — тлумачыць эксперт.


Еўропе трэба працаваць з беларускай уладай

Нягледзячы на рэфрэны скептыкаў "мы ў Еўропе нікому не патрэбныя", шэраг аргументаў сведчыць на карысць таго, што задача мадэрнізацыі Беларусі можа быць паспяхова ажыццёўлена толькі пры еўрапейскім шляху развіцця краіны. Тэхналагічна, эканамічна і тым больш палітычна Еўропа непараўнальна больш развітая, чым Расія, якая кліча ў Еўразійскі саюз.

У сувязі з гэтым нельга не ўспомніць апошнюю ініцыятыву ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". Ініцыятыва, не прынятая ўладамі, па сутнасці, прапаноўвае пачаць дасягненне імі ж пастаўленай стратэгічнай мэты — прарыву Беларусі ў элітны клуб развітых краін.

Андрэй Казакевіч мяркуе: "Нейкая верагоднасць таго, што чыноўнікі будуць уключацца ў гэты працэс, ёсць. Але ўсё будзе залежаць ад знешнепалітычнай кан'юнктуры".

Разам з тым, аўтарам ініцыятывы не варта спрабаваць вырасціць нейкую групу мадэрнізатараў ці прыхільнікаў праеўрапейскіх перамен унутры ўлады. Нават калі такая група будзе вылучана, яе пазіцыі будуць дастаткова ўразлівымі. На думку палітолага, "больш мэтазгодна працаваць з усёй беларускай уладай".

У гэтым выпадку задачай, паводле слоў Казакевіча, становіцца "афармленне і прэзентацыя для ўлады еўрапейскай альтэрнатывы". Сутнасцю ініцыятывы павінна стаць "фарміраванне сукупнасці ідэй, праектаў, якія пры пэўных акалічнасцях могуць быць выкарыстаны ўладай для рэфармавання нейкага сектара або для правядзення палітычнай рэформы"

Аднак пакуль у беларускіх уладаў не бачна ні волі, ні жадання ажыццяўляць хоць колькі-небудзь істотныя рэформы. Нягледзячы на заявы вышэйшага кіраўніцтва аб неабходнасці мадэрнізацыі, спробы Еўрасаюза дапамагчы Беларусі ў гэтым кірунку па-ранейшаму ігнаруюцца.

Таксама нельга забываць пра ўменне беларускага кіраўніцтва пры патрэбе пускаць пыл у вочы Еўропе. Так было ў перыяд вельмі ўмоўнай лібералізацыі 2008—2010 гадоў, калі многія здзіўляліся наіўнасці еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, якія паверылі ў шчырасць дэмакратычных намераў беларускіх уладаў.

Зараз жа, калі мадэрнізацыя краіны стала актуальнай тэмай, афіцыйны Мінск, на думку шэрагу палітыкаў, можа паспрабаваць зноў прадаць Еўропе пустую рыторыку.

Каментаваць