Паручальніцтва за палітвязняў

      Партыя БНФ распачала збор подпісаў пад хадайніцтвамі ў пракуратуру аб вызваленні палітзняволеных з-пад варты да суду. БНФ прапануе выкарыстаць працэдуру паручальніцтва грамадзян за вязняў КДБ, арыштаваных у сувязі з падзеямі 19 снежня.



      Партыя БНФ распачала збор подпісаў пад хадайніцтвамі ў пракуратуру аб вызваленні палітзняволеных з-пад варты да суду. БНФ прапануе выкарыстаць працэдуру паручальніцтва грамадзян за вязняў КДБ, арыштаваных у сувязі з падзеямі 19 снежня.

      БНФ заклікаў далучацца да гэтай акцыі і іншыя партыі, грамадскія аб’яднанні і ўсіх неабыякавых людзей. А таксама збіраецца звярнуцца да замежных партнёраў, каб аналагічныя звароты ў беларускую пракуратуру накіроўвалі палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы іншых краін. “Салідарнасць з беларускімі палітвязнямі і спрыянне іх вызваленню — гэта справа гонару для ўсёй дэмакратычнай міжнароднай супольнасці, — лічаць ініцыятары кампаніі.

      Сам факт наяўнасці паручальніцтваў аўтаматычна не цягне за сабой змены меры ўтрымання. “Але з’яўляецца вельмі важкай умовай для выхаду на свабоду асобаў, а таксама дэманструе следству і суду нашу салідарнасць і волю беларускага грамадства. Гэту акалічнасць падкрэслілі ў звароце да беларусаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і яго намеснікі Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў.

      Як паведамілі ў офісе БНФ, грамадзянам трэба ўласнаручна запоўніць бланк паручальніцтва за зняволенага, які знаходзіцца за кратамі з-за паслявыбарнай акцыі пратэсту. “Гэтыя бланкі будуць перададзеныя ў пракуратуру ў самы найбліжэйшы час для магчымасці знаходжання на свабодзе дэмакратычных лідараў і актывістаў, — адзначылі кіраўнікі БНФ. Падпісаць хадайніцтва можна ў цэнтральным офісе партыі (г. Мінск, пр. Машэрава, 8) альбо ў яе рэгіянальных офісах.

      Падзеі апошніх тыдняў, як нагадалі ў БНФ, прывялі да масавых рэпрэсій супраць грамадзян, нязгодных са сфальшаванымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Сотні людзей былі жорстка збіты на вуліцах Мінска ўвечары 19 снежня 2010 года, сотні апынуліся ў вязніцах альбо ім прысудзілі велізарныя штрафы.

      Кіраўнікі БНФ заявілі ў звароце, што рэжым фактычна трымае ў закладніках дзясяткі палітвязняў, сярод якіх кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, сябры штабоў кандыдатаў, дэмакратычныя актывісты. Многім з іх патрэбна кваліфікаваная мэдычная дапамога, якую ва ўмовах зняволення атрымаць немагчыма.

      Адмыслова партыя БНФ выказала і вялікую падзяку ўсім салідарным людзям:

      “Мы ганарымся тымі тысячамі з вас, хто ў гэтыя дні ва ўмовах “грамадства страху, што імкнецца стварыць ўладны рэжым, праявілі сапраўдны Калядны цуд чалавечай спагады і салідарнасці з няправедна рэпрэсаванымі. Партыя БНФ шчыра дзякуе тысячам неабыякавых людзей, якія з 20 снежня штодня прыносілі ў офіс партыі, які стаўся сапраўдным штабам дапамогі, рэчавыя і грашовыя ахвяраванні для вязняў. Дзякуючы вам і дзясяткам валанцёраў, якія працавалі суткамі, беларускае грамадства здолела аказаць зняволеным усю магчымую дапамогу і хоць крыху змякчыць ім цяжкасці знаходжання ў нялюдскіх турэмных умовах. Нізкі вам усім паклон!

      Дзякуй Богу, цяпер большая частка асуджаных у адміністрацыйным парадку знаходзіцца ўжо на свабодзе, але мы глыбока перакананыя, што акцыі салідарнасці не павінны спыняцца да таго часу, пакуль з вязніцы не выйдзе апошні несправядліва затрыманы ў сувязі з выбарчымі падзеямі. Салідарнасць па-ранейшаму патрэбная тым, хто ўтрымліваецца ў няволі ў сувязі з распачатым уладамі крымінальным пераследам за гэтыя падзеі.

Каментаваць