Пасля гібелі шасці чалавек у Барысаве сацыял-дэмакраты заклікалі старшыню райвыканкама сысці ў адстаўку

Як вядома, 27 студзеня ў былым ваенным гарадку Лядзішча на тэрыторыі Барысава загінулі паўтузіна чалавек, уключаючы сям'ю з двума непаўналетнімі дзецьмі. Іх гібель стала следствам злачыннай халатнасці ў працы муніцыпальных службаў, у выніку чаго праваахоўнымi ворганамі распачата крымінальная справа па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — “Службовая халатнасць”.



14 лютага сацыял-дэмакраты Міншчыны на канферэнцыі Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), прысвечанай ў асноўным пытанням падрыхтоўкі да чарговага 16-га з'езду БСДП, заклікалі старшыню Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча і яго намесніка, які адказвае за стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі, неадкладна падаць у адстаўку яшчэ да абвяшчэння вынікаў следчых дзеянняў. Такім чынам, канферэнцыя партыйцаў Грамады сталічнай вобласці падтрымала заяву сацыял-дэмакратаў Барысава двухтыднёвай даўнасці з заклікам да Уладзіміра Міронавіча і яго намесніка Мікалая Панкіна ўзяць на сябе адказнасць за гібель шасці барысаўчан у выніку буйной катастрофы ў газавай гарадской гаспадарцы і напісаць заявы аб сваёй адстаўцы па спасылцы http://www.bsdp.org/naviny/partyjnae-zhyccjo/30-01-2016/zayava-barysauskay-arganizacyi-bsdp

C шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што адзінае, што можа паспяхова рабіць мясцовая ўлада, гэта душыць ўсяляк канстытуцыйныя правы барысаўчан, напрыклад, права на свабоду слова ці правядзенне пікетаў і мітынгаў. За апошняе дзесяцігоддзе закрыта буйное незалежнае друкаванае выданне “Кур'ер з Барысава” з шматтысячным штотыднёвым накладам, а іншая незалежная газета “Барысаўскія навіны” выкінутая з дзяржаўных кіёскаў “Белсаюздруку” і вымушана распаўсюджваць сваю прадукцыю праз уласную сетку гандлёвых распаўсюднікаў.

Многія дэмакратычных актывісты за гэтыя гады былі кінутыя ў турмы ці аштрафаваныя ў адміністрацыйным парадку па надуманых матывах толькі за тое, што выходзяць на барысаўскія вуліцы і плошчы з пікетамі і мітынгамі пратэсту супраць рэжыму асабістай улады прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тым часам гарадская гаспадарка Барысава прыходзіць ва ўсё большы заняпад, следствам чаго і магла стаць трагедыя 27 студзеня.

Каментаваць