Пасля прэзентацый у Мінску і Варшаве кнігу Ігара Мельнікава прадставяць у Маладзечна

14 лютага з кнігай нашага журналіста, кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.» змогуць пазнаёміцца ў Маладзечне.



Задаць пытанні аўтару, паглядзець унікальныя здымкі, набыць кнігу з аўтографам аўтара жыхары Маладзечна змогуць адбудзецца а 15.00 па адрасе: вул. Чыстай, 26.

Доўгі час гісторыя Заходняй Беларусі ў савецкай і беларускай гістарыяграфіі вывучалася аднабока. Многія цікавыя і важныя сюжэты папросту ігнараваліся гісторыкамі. Больш за тое, за лічбамі і фактамі архіўных дакументаў часта губляўся лёс звычайных людзей: сялян, ваенных, інтэлігенцыі, служачых. Але менавіта з гэтых гісторый і складаецца летапіс мінулага Беларусі. Кніга “Заходнебеларускую Атлантыду 1921–1941 гг.” як раз і ўтрымлівае ў сабе праўдзівыя гісторыі жыхароў Заходняй Беларусі, якім давялося перажыць усе выпрабаванні ХХ стагоддзя.

Як мы ўжо пісалі, 23 студзеня кнігу Ігара Мельнікава прадставілі ў Мінску.  Але не гледзячы на тое, што выданне разлічана, перш за ўсё, на беларускага чытача, ім зацікавіліся і за мяжой, у прыватнасці ў Швецыі, Вялікабрытаніі і Германіі. Асаблівую цікавасць кніга выклікала ў Польшчы і гэта не дзіўна, бо яна прысвечана агульнай беларуска-польскай гісторыі 1920-1940 гг. 31 студзеня 2015 г. выданне было прадстаўлена ўдзельнікам навуковай канферэнцыі, якая праходзіла ў Сохачэве. Варта адзначыць, што гэта мерапрыемства было часткай Трэцяга паходу па месцах баёў Першай Сусветнай вайны пад Сохачэвам. Не гледзячы на тое, што “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.” выдадзена на беларускай мове, яна выклікала цікавую дыскусію сярод удзельнікаў навуковага форуму.

Прэзентацыя ў Мінску

 

Наступная прэзентацыя адбылася 3 лютага у Беларускім Доме ў Варшаве. Яе госці змаглі ўбачыць архіўныя фотаздымкі і артэфакты з калекцыі аўтара кнігі, а таксама абмеркаваць розныя пытанні па гісторыі Заходняй Беларусі ў 1920-1940-гады. Нарэшце, 4 лютага ў Музеі Незалежнасці Польшчы ў Варшаве адбыўся паказ фільма “Варшаўскі рубеж. Беларусы ў Войску Польскім” з цыклу “Зваротны адлік”, паказаны раней беларускім каналам АНТ. У рамках гэтага мерапрыемства была прадстаўлена і кніга “Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.”. Варта адзначыць, што на паказ докудраммы з Млавы прыехала вялікая дэлегацыя. Падчас гэтага мерапрыемства палякі зноў прадэманстравалі вялікую цікавасць да таго, як гісторыю Заходняй Беларусі даследуюць іх ўсходнія суседзі. Пасля прагляду фільма адбылася аўтограф-сесія і гутарка з аўтарам новага выдання.

Прэзентацыя ў Варшаве

 

Кніга таксама была бязвыплатна перададзена ў шэраг беларускіх і польскіх бібліятэк.

Каментаваць