Пасля скаргі ў вышэйшую інстанцыю нарэшце выканалі рашэнне суда

Толькі праз 7 месяцаў пасля вынясення рашэння судом Слуцкага раёна Зінаіда Цімошак здолела атрымаць кампенсацыю матэрыяльных страт ад “Мінскаблдарбуд” за пашкоджанне аўтамабіля на аварыйнай дарозе.



Паскорыць працу судовых выканаўцаў дапамагла скарга ва ўпраўленне прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.

“Высветлілася, што выйграць суд — гэта не самае галоўнае, — распавяла грамадская актывістка Зінаіда Цімошак. — Яшчэ трэба дабіцца выканання рашэння суда. Пасля таго, як 27 кастрычніка 2015 года вызначэннем Мінскага абласнога суда ўступіла ў сілу рашэнне суда Слуцкага раёна ад 9 жніўня 2015 года аб выплаце мне кампенсацыі “Мінскаблдарбудам” за пашкоджанне аўтамабіля, судовая справа была перададзена для выканання ў аддзел прымусовага выканання Цэнтральнага раёна горада Мінска. Спачатку я нават узрадавалася, паколькі думала, што сталічныя судовыя выканаўцы больш прафесійныя і хутка выканаюць рашэнне суда. Аднак прайшло некалькі месяцаў, а справа так і не зрушылася”.

Па словах Цімошак, толькі праз 2 месяцы была заведзена справа аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці. Пры гэтым пісьмовае пацвяржэнне аб завядзенні справы аб прымусовым выкананні жанчына атрымала толькі пасля скаргі ў вышэйстаячую інстанцыю.

Прычыну маруднага выканання прысуду судовы выканаўца патлумачыла адсутнасцю грошай у рамонтна-будаўнічай арганізацыі на выплату судовых даўгоў. Аднак пасля выхаду нататкі ў НЧ і непрыемных размоў з кіраўніком аддзела Цэнтральнага аддзелу прымусовых выкананняў горада Мінска, пасля блытаніны з адрасам і арганізацыямі, 4 лютага Зінаідзе Цімошак ўсё ж была выплачана палова сумы. Дарэчы, ужо добра з’едзенай інфляцыяй. І хаця суд Слуцкага раёна правёў аж два пасяджэнні, на якіх сума выплат балы праіндэксавана, Цімошак лічыць, што гэта індэксацыя смеху вартая. “У жніўні 2015 года, калі я выйграла суд, 1 долар каштаваў 14300 беларускіх рублёў. Цяпер — амаль 21 тысячу, — тлумачыць Зінаіда. — Індэксацыя не пакрывае гэты рост. І зрабіць рамонт машыны за выплачаныя грошы будзе немагчыма”.

З-за маруднасці працы судовай сістэмы і перманентных беларускіх крызісаў судовыя справы з кампенсацыямі матэрыяльных стратаў страчваюць сэнс.

Пасля звароту ва ўпраўленне прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, мая справа была вырашана даволі хутка. Былі прыпынены 28 грашовых разлікаў “Мінскаблдарбуд”, і я адразу ж атрымала мноства пісьмовых паведамленняў аб руху справы з аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна. А 4 сакавіка нарэшце была выплачана і другая паловы сумы”, — паведаміла Зінаіда Цімошак.

Каментаваць