Аголеная Вужа

Жыхары вёскі Вужа Капыльскага раёна шкадуюць аб дрэвах, якія ўпрыгожвалі вуліцы да добраўпарадкавання вёскі і лічаць, што яна празмерна аголена.


Вёска Вужа месціцца ў глыбінцы Капыльскага раёна. Па сведчанні супрацоўніка сельскага выканкама, тут пражываюць больш за 100 чалавек, з іх 11 дзяцей да 15 гадоў.

27 жніўня 2016 года жыхары вёскі мелі магчымасць парадавацца святу сваёй вёскі. На пляцоўцы побач з мясцовай крамай да сярэдзіны вочы гучала жывая музыка, выступіў фальклорны калектыў. Каля паклоннага крыжа пратаірэй Капыльскай царкоўнай акругі пажадаў жыхарам вёскі ўсіх зямных даброт, не абышлі сваёй увагай вёску і старшыня Капыльскага райвыканкама А.К. Ліневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў І.М. Кісляк.


Да Дня вёскі рыхтаваліся ўсім раёнам: грошы на добраўпарадкаванне вёскі былі адпушчаны з дзяржаўнага бюджэту. Адмысловая брыгада чысціла вёску, высякала дрэвы, спецыялізаваная тэхніка закапала бясхозныя дамы. Вяскоўцам прыйшлося таксама скінуцца па 200 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў — на добраўпарадкаванне могілак.

Вестка пра добраўпарадкаванне населенага пункта пайшла гуляць па навакольных мясцінах, жыхары якіх вымушаны за свае грошы ліквідаваць аварыйныя дрэвы і клапаціцца пра занядбаныя вуліцы. Цяпер жыхары гэтых вёсак, якія гадамі скардзяцца на адсутнасць вонкавай цывілізацыі, зайздросцяць цывілізацыі на Вужы. А некаторыя лічаць, што гэтаму сялу падфарціла, бо адсюль паходзяць некалькі цяперашніх важных чыноўнікаў.

Аднак, не ўсе жыхары Вужы задаволены пераменамі, якія тут адбыліся.

Аксана Яўгенаўна, якая набыла лецішча ў Вужы дзесяць гадоў таму з прычыны маляўнічасці мясцовых краявідаў, лічыць, што добраўпарадкаванне ўлады зрабілі дзеля сябе, а не дзеля людзей. «Насупраць нас было падвор’е з хатай, дзе ніхто не жыў. Хату закапалі — гэта добра, бо яна ўжо развальвалася. Але шкада, што парэзалі дрэвы — усё запар», — распавядае жанчына.


«Была прыгожая алея з яблынь, мы яе абкошвалі. Насупраць маёй хаты уздоўж вуліцы раслі два кусты пухнатага белага бэзу. Увесну радавалі вочы сваёй прыгожсцю, нікому не мяшалі. Абаранялі і ад пылу. Абяцалі выразаць толькі аварыйныя, дрэвы, яле пасеклі ўсё. І цяпер я жыву ўсё роўна як на аэрадроме. Да таго ж калгасныя трактары ўздымаюць пыл, ад якога няма куды падзецца. Пыл з поля, пыл з дарогі. Пасрод гэтай пустэчы стаіць калодзеж. Баімся, што на гэтым пустым месцы будуць саджаць сельскагаспадарчыя культуры, якія патрабуюць хімізацыі. Што тады будзе з нашым калодзежам?» — задаецца пытаннем жыхарка Вужы.


«Дарэчы, — працягвае яна, — у раённай газеце «Слава працы» ад 10 верасня старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама пахваліўся, што ў Вужы пакладзены асфальт. Дзе вы яго тут бачыце, на пясчанай вуліцы?»

Інвалід 2-й групы Алена Стружккевіч згодная з папярэдняй суразмоўніцай, і таксама не хавае сваёй заклапочанасці з-за адсутнасці аўтобуснай сувязі з гарадскім пасёлкам Капыль.


«Нарабілі нам тут усялякіх падзелак — з дрэва, з лёну, заплялі стары хлеў адмысловым плотам — гэта ўсё, канешне, прыгожа, — дзеліцца сваімі думкамі хворая жанчына. — Але каб яшчэ выдзялілі грошай на рэйсавы аўтобус, каб даехаць у бальніцу хаця б раз у тыдзень, дык было яшчэ лепей. Вельмі цяжка дабірацца з хворымі нагамі нямоглым людзям да Капыля».


Кіраўнік справамі Доктаравіцкага сельвыканкама Марыя Загаруева, да якой я звярнулася з пытаннем пра «асфальтаванне вёскі на паперы», патлумачыла, што вяскоўцы няправільна ўспрынялі словы старшыні сельвыканкама. Гаворачы пра тое, што ў Вужы пакладзены асфальт, ён меў на ўвазе асфальтаванне пляцоўкі каля крамы побач з новай бяседкай — там, дзе адбылося свята.


Таксама супрацоўніца сельвыканкама лічыць, што вяскоўцы маюць магчымасць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў Грозаўскім ФАП, які знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад вёскі. Пытанне пра залішнюю аголенасць вёскі ад дрэў яна пакінула без адказу, спаслалася на некампетэнтнасць у гэтым пытанні.

На жаль, нягледзячы на пажаданне дабрабыту вяскоўцам ад начальства і айца Сергія, свята вёскі было азмрочана ў гэтую ж ноч — з 27 на 28 жніўня — пажарам ў хаце, якая стаяла насупраць святочнай пляцоўкі. У выніку пажару хата па незразумелых прычынах згарэла, а сам гаспадар загінуў.

Каментаваць