Пасол добрай волі

У Мінск у разгар перадвыбарчай кампаніі прыляцела лідэр суседняй дзяржавы. Дзяржавы — сябра ЕС, дзяржавы, якая актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю, і якая, відавочна, не супраць наводзіць эканамічныя масты з Беларуссю пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

У Мінск у разгар перадвыбарчай кампаніі прыляцела лідэр суседняй дзяржавы. Дзяржавы — сябра ЕС, дзяржавы, якая актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю, і якая, відавочна, не супраць наводзіць эканамічныя масты з Беларуссю пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ прыбыла ў Мінск з рабочым візітам. Прымаючы спадарыню Грыбаўскайтэ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржавы-суседкі маюць агульныя праблемы: «Мы з вамі знаходзімся ў неспрыяльным становішчы. Трэба думаць, як нам забяспечваць сваю незалежнасць». Традыцыйна незалежнасць у Беларусі завязана на энерганосьбіты. Варыянты выкарыстання порту ў Клайпедзе для перавалкі венесуэльскай нафты і транспарціроўкі беларускіх калійных угнаенняў абмяркоўваліся раней.

Тым больш, што транспартнае супрацоўніцтва з Літвой актуальнае, бо не так даўно Беларусь наведваў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес. У выніку было падпісанае пагадненне на пастаўку 30 мільёнаў тон нафты на працягу наступных трох гадоў.

Пра транзіт венесуэльскай нафты Беларусь і Літва дамовіліся яшчэ на пачатку кастрычніка. Гендырэктар «Klaipedos nafta» Рокас Масюліс заявіў, што цягам года плануецца перавезці прыкладна 2,5 мільёна тон нафты. «Да канца кастрычніка нашы гаспадарчыя суб’екты і Літоўская чыгунка падпішуць дамовы, па якіх са снежня цягам двух гадоў мы транспартуем не менш за 2,5 мільёна тон нафты праз Клайпедскі порт па чыгунках Літвы і Беларусі на нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы», — паведамляў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Год таму Аляксандр Лукашэнка сустракаўся ў Вільне са спадарыняй Грыбаўскайтэ, пасля чаго сказаў, што «вельмі задаволены» перамовамі з прэзідэнтам Літвы і што палітыкі «аб усім дамовіліся». Перамовы ў Мінску таксама прайшлі на пазітыўнай ноце. Лукашэнка зазначыў, што Беларусь і Літва дэманструюць добрую дынаміку таваразвароту, таму ёсць магчымасць выйсці ў 2011 годзе на 1 мільярд долараў. У мінулым годзе двухбаковы таваразварот склаў 565,6 мільёна долараў, або 66,3% да ўзроўню 2008 года. У Беларусі функцыянуюць 410 прадпрыемстваў з удзелам літоўскага капіталу, а ў Літве — больш за 200 прадпрыемстваў з удзелам беларускага.

Далю Грыбаўскайтэ ў колах апазіцыі пачалі папракаць за гэты візіт — маўляў, падтрымлівае Лукашэнку ў вырашальныя часы. Але прэзідэнт Літвы не праігнаравала і агульнаеўрапейскія каштоўнасці. Яна нагадала, што ў наступным годзе Літва будзе старшынстваваць у АБСЕ. «У гэтых рамках мы хочам дапамагчы Беларусі, быць побач падчас выбараў, дапамагчы быць больш адкрытай і прызнанай у Еўропе, — сказала спадарыня Грыбаўскайтэ. — Літва гатовая супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўрасаюзе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага хацець».

Еўрапейскі саюз адышоў ад палітыкі ізаляцыі, дык, адпаведна, еўракамісары цешацца надзеяй, што нават невялікія крокі ў бок дыялогу з рэжымам Лукашэнкі будуць мець пазітыўны вынік. Аглядальнік Раман Якаўлеўскі гаворыць, што гэты візіт для многіх быў нечаканы. «Безумоўна, ініцыятыва належыць не толькі Вільне, згоду даў і Брусель, то бок мае месца скаардынаваная палітыка. Фактычна гэты візіт ёсць выказваннем падтрымкі Аляксандру Лукашэнку. Цікава, што Літоўская Рэспубліка мае ўплывовы парламент, але яго голас мы не пачулі на гэты конт, што выклікае пэўныя непаразуменні», — лічыць эксперт.

Важна, што спадарыня Грыбаўскайтэ і міністр замежных справаў Літвы Аўдроніс Ажубаліс сустрэліся і з прадстаўнікамі апазіцыі, цяперашнімі патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты — Рыгорам Кастусёвым, Яраславам Раманчуком, Уладзімірам Някляевым, Андрэем Саннікавым, Віталем Рымашэўскім. Падчас сустрэчы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што выказала Аляксандру Лукашэнку занепакоенасць ходам прэзідэнцкай кампаніі, спадзяванні, што выбары будуць празрыстыя і дэмакратычныя з допускам беларускіх і замежных назіральнікаў да падліку галасоў. Літоўскіх палітыкаў цікавіла і перспектыва аб’яднання беларускіх кандыдатаў у прэзідэнты, на што быў адказ — пасля рэгістрацыі будзе сустрэча дзеля абмеркавання такой магчымасці.

Ці не важнейшы вынік візіту літоўскай дэлегацыі — падпісанне дамовы аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Літвы. Жыхары памежных тэрыторый нарэшце змогуць перасякаць мяжу і знаходзіцца на памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы з адмысловым дазволам на руках на адлегласці да 50 кіламетраў ад мяжы цягам 90 дзён у паўгода. Права на працу гэтыя дазволы не даюць, але мара адкрытага Еўрасаюзу для многіх будзе бліжэй.

Раман Якаўлеўскі падпісанне дамовы называе «добрым знакам», але гаворыць, што пытанне таго, як рэальна запрацуе дамоўленасць, застаецца адкрытым. «Я хачу нагадаць, што пасля падпісання неабходна ратыфікацыя дакументу парламентам, а затым мусіць быць рэзалюцыя прэзідэнтаў. Мяркую, што ў літоўскім парламенце будуць дэбаты на гэту тэму. Да слова, падобныя пагадненні ляжаць на сталах у беларускіх чыноўнікаў, але тычацца яны Польшчы і Латвіі. Увогуле, я б сказаў, што гэты паварот з перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы сведчыць пра тое, што ёсць эфектыўная і таямнічая дыпламатыя беларускага МЗС, бо пытанне падвісла амаль на год, а пасля так нечакана было вырашана», — каментуе падпісанне дакументу аглядальнік Якаўлеўскі.
 

Каментаваць