Пасольства Швецыі ў Мінску займае будынак у гістарычным цэнтры сталіцы

Раней гэта вуліца называлася Койданаўскай. Яна была пракладзена ў канцы XVI стагоддзя і праз браму ў гарадскіх умацаваннях злучала цэнтральную плошчу горада са шляхам, які вёў у бок мястэчка Койданава (сёння — Дзяржынск). У XVII–XVIII стагоддзях гэта вуліца лічылася самай арыстакратычнай. На ёй будавалі свае сядзібы мінскія багацеі і прыгарадныя землеўласнікі. Там знаходзіўся драўляны кляштар бенедыктынцаў і адзін з першых у горадзе шпіталяў.


З першай паловы XIX стагоддзя засялялася купцамі і заможнымі мяшчанамі. З 1872 года мінскія губернатары ездзілі па ёй з чыгуначнага вакзала да сваёй рэзідэнцыі, што месцілася на Саборнай плошчы (сёння — плошча Свабоды).


У 1919 годзе Койданаўская вуліца была перайменаваная савецкімі ўладамі ў гонар Фердынанда Ласаля (1825–1864), нямецкага сацыяліста і філосафа. У час польскай акупацыі 1919–1920 гадоў ёй была вернута старая назва, а ў 1922 годзе Койданаўская па волі бальшавікоў атрымала назву Рэвалюцыйнай.


У 1941–1944 гадах, у час нямецкай акупацыі, вуліца ператварылася ў Кірхенштрасэ, а беларусы паміж сабой называлі яе вуліцай Рагнеды.


Таямніцы незвычайнай камяніцы на Рэвалюцыйнай, 15


Камяніца ўяўляе сабой твор архітэктуры пачатку XIX стагоддзя, што ўзводзіўся рукамі мясцовых рамеснікаў і стаў узорам іх будаўнічага майстэрства. Будынак не быў падобным да іншых і да канца 1930-х гадоў захаваў сваю першапачатковую ўнутраную планіроўку і знешні выгляд. Пазней адбыліся толькі нязначныя змены.


Калі была ўзведзена камяніца — дакладна не вядома. Доўгі час на вуліцы, як і ва ўсім горадзе, панавала драўляная забудова. Пажары 1809 і 1812 гадоў істотна спустошылі яе. Таму невыпадкова будынак на месцы сучаснага быў зафіксаваны толькі на плане Мінска 1833 года. Каменныя сцены ўратавалі яго ад знішчальных пажараў 1835 і 1881 гадоў.


У розныя часы ў гэтым будынку знаходзіліся: прыёмнік для беспрыкутных, Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), Беларуская акадэмія навук, следчы ізалятар Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС), аўтамабільная інспекцыя Мінска, Мінскае адраснае бюро, Мінскае гарадское ўпраўленне міліцыі, нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і іншыя арганізацыі.


З верасня 2005 года ў Мінску працавала аддзяленне пасольства Швецыі. У чэрвені 2008 года рашэннем шведскага ўрада яно было ператворана ў самастойнае пасольства. Першым Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, які стала жыве і працуе ў Мінску, стаў Стэфан Эрыксан. З пачатку 2012 года пасольства Швецыі займае будынак з незвычайнай гісторыяй па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15.


Паводле www.tio.by
 

Каментаваць