Пасткі года беражлівасці

Год беражлівасці, абвешчаны Лукашэнкам, гледзячы па ўсім, будзе больш выніковы, чым ранейшыя гады кнігі альбо здароўя ці невядома чаго яшчэ. Таму што беражлівасць — гэта не здароўе ці кніга, гэта нешта матэрыяльнае, тое, што можна памацаць альбо адчуць у сваіх кішэнях. Альбо не адчуць — гэта як каму пашанцуе.



Здаецца, і чыноўнікі, і сам спадар прэзідэнт ліхаманкава пачалі пошукі: што б такога зберагчы? Як высвятляецца, зберагчы ёсць што. Адно толькі, што наўрад ці будуць гэтаму рады людзі.

Прыкладам, газ. Пра беражлівасць гэтага хоць і не цвёрдага, але вельмі карыснага выкапня, казалі ўжо нямала. Але чаму ж людзі плацяць толькі за сам газ? Бо, набываючы квіток на аўтобус, яны ж плацяць не толькі за паліва, але і за сам аўтобус, падумалі недзе. У выніку прынялі ўказ, які ўнёс змены ў парадак фінансавання расходаў па газіфікацыі жылых дамоў грамадзян. Раней праектаванне і будаўніцтва газаправодаў эксплуатаванага жыллёвага фонду ажыццяўлялася таксама за кошт грамадзян, але 2% выдаткаў пакрывалася са сродкаў інавацыйнага фонду, створанага Міністэрствам энергетыкі. Зараз усе выдаткі па праектаванні, урэзцы ў газаправод і пракладцы газавых камунікацый унутры дома будуць несці выключна ўладальнікі нерухомасці.

Вось хоць 2 працэнты, але зэканомілі. Малайцы, беражлівыя!

Але ж грошы аднекуль узяць трэба. Таму дзяржава будзе прадаваць прадпрыемствы — цалкам і часткова. Цалкам прадаецца, напрыклад, бровар Яўстафія Любанскага ў Лошыцкім парку. Але з яго інвестар павінен зрабіць чатырохзоркавы гатэль, і пры гэтым захаваць яго як помнік архітэктуры, горадабудаўніцтва і гісторыка-культурную каштоўнасць. Канешне, каб памяшканне выкарыстоўвалася па прызначэнні, для варкі піва, гэта было б зрабіць лягчэй, а чатырохзоркавы гатэль у, фактычна, прамысловым памяшканні? Гэта, здаецца, нонсэнс.

Прадаецца таксама і частка іншага бровара, які перарабляць ні ў што не трэба. Ашчадненька так прадаецца. Пакет акцый ААТ «Крыніца» ў памеры 25% будзе прададзены на конкурсе, заявіў на прэс-канферэнцыі ў аўторак у Мінску старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела.

«Мы прынялі рашэнне аб продажы пакета акцый «Крыніцы», да прадпрыемства ёсць увага некалькіх інвестараў, як айчынных, так і замежных», — сказаў Забела, адзначыўшы, што сродкі інвестара ад продажу пакета акцый будуць накіраваныя на пагашэнне інвестыцыйных крэдытаў «Крыніцы».

Не ведаю, хто тыя замежныя інвестары, якія зацікавіліся акцыямі «Крыніцы», але тое, што яны «лохі», гэта дакладна. Па-першае, што ж будзе «інвеставаць» у тое, каб «Крыніца» проста аддала іх грошы крэдыторам? А па-другое, усе яшчэ памятаюць, як «кінулі» іншага інвестара — «Балтыку», якая правяла мадэрнізацыю прадпрыемства, а потым была проста выкінутая з заводу.

Грошы можна адабраць і іншы чынам. Як казалі героі «Прастаквашына», спачатку набыць што-небудзь непатрэбнае, а потым прадаць што-небудзь непатрэбнае. Толькі там жывёлы мелі на ўвазе нешта матэрыяльнае, але ж мы не думаем такімі вузкімі катэгорыямі. Прэзідэнт днямі падпісаў і яшчэ адзін указ, у мэтах «актывізацыі працэсаў асваення і ўкаранення ў вытворчасць вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак».

Адпаведна, у Беларусі зараз уводзіцца патрабаванне да дзяржаўнага заказчыка забяспечыць камерцыялізацыю вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці (НТД) на працягу трох гадоў пасля іх стварэння. Дакументам прадугледжана, што заказчык, не які здолеў на працягу года самастойна камерцыялізаваць вынікі НТД, абавязаны перадаць правы на іх зацікаўленаму рэзідэнту РБ. Пры гэтым перадача маёмасных правоў на вынікі НТД магчымая любой арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці, здольнай забяспечыць эфектыўнае ўкараненне вынікаў НТД у вытворчасць на працягу года пасля набыцця правоў на іх (тэрмін можа быць прадоўжаны да трох гадоў па рашэнні заказчыка).

То бок, калі Рэнтген вынайшаў свае «ікс-прамяні», яму адразу было патрэбна стварыць апарат імя сябе, любімага, і прыдумаць, як яго скарыстаць. А калі б ён гэтага не зрабіў на працягу года, то ніякага рэнтгену ў нас увогуле не было б. Было б нешта іншае, з зусім іншым імем.

Але мала знайсці грошы, трэба яшчэ іх і скарыстаць нармальна. А з гэтым у нас — вялікія праблемы.

Не паспеў яшчэ сціхнуць скандал з наваполацкімі водаканальшчыкамі, якія размясцілі заяву на тэндэр па закупцы аўтамабіля з падагрэвам сідушак за 37 000 долараў, як віцебскія газавікі таксама захацелі сабе аўто — Тоyota Hilux за 41 000 долараў. Мяркуючы па заяўленым кошце, пікап набываецца ў камплектацыі Comfort, куды, у адрозненне ад базавай, уваходзяць таніраванае шкло, храмаваныя бакавыя люстэркі, лёгкасплаўныя дыскі, аўдыёсістэма з 6,1-дзюймавым дысплеем і шасцю дынамікамі, а таксама шэраг іншых паляпшэнняў.

Ну навошта ім таніраванне шкла? Каб любы ДАІшнік штрафы мог зарабіць? Навошта газавікам аўдыё-сістэма? Ім песня будаваць і жыць дапамагае?

Але ўсіх пераплюнулі гродзенцы. Гродзенскі аблвыканкам на сайце дзяржзакупак размясціў тэндэр на набыццё чатырох тэлевізараў агульным коштам 35 мільёнаў рублёў. У пераліку на долары — па 1 000 «баксаў» за штуку. Як адзначае газета «Наша ніва», у крамах за гэты кошт можна набыць самы сучасны «Самсунг» альбо «Соні» з дыяганаллю 40 дзюймаў. А аналагічны беларускі «Гарызонт» каштуе 400 долараў. На самім прадпрыемстве гавораць, што самы дарагі беларускі тэлевізар у іх каштуе каля 800 долараў.

Акрамя тэлевізара, гродзенскі аблвыканкам сёлета плануе набыць 10 ноўтбукаў па 10 мільёнаў за штуку (каля 1 150 долараў). Кошты на «бюджэтныя» мадэлі ноўтбукаў пачынаюцца ад 400 долараў, за 550 можна набыць нармальную машыну для працы. А ноўт за «штуку» — гэта ўжо «круцізна».

Але ж мы ведаем, для чаго гэта робіцца. Усё для таго, каб потым «прадаць што-небудзь непатрэбнае». Вось прададуць гэтыя тэлевізары і ноўтбукі, і павысіцца абаротнасць абаротных сродкаў, што ўжо можна запісаць сабе ў плюс. І, што яшчэ больш важна, можна даць справаздачу пра збераганне валюты. Інакш бы чыноўнікі папросту паехалі б за такой жа тэхнікай, але значна таннейшай, у суседнюю Польшчу. Гэтак робіць усё Гродна, і без усялякіх тэндэраў.

Каментаваць