Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!

Заява ГА «БАЖ»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.

Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў Мінску 11 красавіка.

Толькі за апошнія дзесяць дзён:



Заява ГА «БАЖ»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» рашуча пратэстуе супраць шматлікіх фактаў пераследу журналістаў і СМІ, якія адзначаюцца апошнім часам у Беларусі.

Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў Мінску 11 красавіка.

Толькі за апошнія дзесяць дзён:

— Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні недзяржаўнай газеце «Наша Ніва» (14 красавіка) і «Народнай волі» (15 красавіка);

— Папярэджанні ад пракуратуры і КДБ атрымалі «Наша Ніва» (19 красавіка), яе галоўны рэдактар Андрэй Скурко (18 красавіка), галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч (12 красавіка), галоўны рэдактар рэгіянальнай газеты «Бобруйский курьер» (за публікацыю ў блогу на сайце «Белорусский партизан») Анатоль Санаценка (12 красавіка), галоўны рэдактар маланакладнай газеты «Вольны горад» (Крычаў) Сяргей Няроўны (19 красавіка);

— Затрыманыя на сумнеўных падставах і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці сябры ГА «БАЖ» Вольга Карач, Павел Левінаў і Алег Баршчэўскі (галоўны рэдактар газеты «Витебский курьер»). На некаторых з іх пасля затрымання склалі пратаколы пра «падазрэнні ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў мінскім метро».

З вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць гучаць пагрозлівыя выказванні на адрас журналістаў наконт прыцягнення іх да адказнасці за «скокі на касцях». Выглядае на тое, што так улады расцэньваюць любыя каментары і версіі, якія з нейкіх прычын не задавальняюць афіцыйных асобаў.

Існуе рэальная пагроза таго, што гэтая сітуацыя будзе выкарыстана для абмежавання абарачэння інфармацыі ў інтэрнэце. Першымі трывожнымі сігналамі стала абмежаванне доступу да сайтаў «Хартыя’97» і «Белорусский партизан». Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі днямі заявіў, што надышоў час «заканчваць з безадказнасцю у блогах, сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-пляцоўках».

Гэтыя падзеі нельга разглядаць па-за кантэкстам той хвалі рэпрэсій супраць журналістаў, якія распачаліся ў краіне пасля 19 снежня 2010 года. Нагадаем, што шасцёра сябраў БАЖ абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах — ўдзеле ў «масавых беспарадках» альбо арганізацыі «дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»: гэта Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Адзін журналіст — Аляксандр Атрошчанкаў — ужо асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябра БАЖ Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе і знявазе прэзідэнта і змешчаны ў турму да суда. Дагэтуль не вернутая прафесійная тэхніка, якую прадстаўнікі сілавых структур забралі ў рэдакцыйных офісах і прыватных кватэрах журналістаў у часе ператрусаў мінулай зімой.

Пагрозы, папярэджанні, арышты і ператрусы — гэта не тыя метады, якія могуць павысіць прафесіяналізм і адказнасць прэсы.

ГА «БАЖ» рашуча пратэстуе супраць любых форм ціску на журналістаў і СМІ і патрабуе спыніць пераслед нашых калег!

Прынята Праўленнем ГА «БАЖ»

20.04.2011

Каментаваць