Паўстанне як грамадзянскі ўчынак

Адыходзячы год для гісторыкаў, мастакоў, і ўвогуле шчырых беларусаў прайшоў, як год 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага. Вынікі кампаніі «1863» «Еўрабеларусь» і падводзіла 15 снежня ў Мінску.



Нягледзячы на тое, што афіцыйная ўлада надала няшмат увагі такому юбілею, грамадскія арганізацыі і іншыя ініцыятывы стварылі вельмі багата падзеяў з гэтай нагоды. Вынікі адной такой кампаніі падвёў кансорцыюм «Еўрабеларусь».

Здавалася, пры чым тут «Еўрабеларусь»? Але менавіта па ініцыятыве міжнароднага кансорцыюму «Еўрабеларусь» паўстала грамадская культурна-гістарычная кампанія «1863». Гэтая кампанія была адмыслова абвешчаная Радай кансорцыюма як асобны накірунак дзейнасці ў межах праграмы на 2013 год. Дзейнасць кампаніі «1863» разгортвалася ў вельмі розных фарматах, у выніку чаго да яе на працягу года далучаліся беларускія даследчыкі, гісторыкі і іншыя спецыялісты ў справе распрацоўкі экскурсій, рэканструкцыі гістарычных строяў, мастакі, літаратары, музыкі.

Вынікі кампаніі «Еўрабеларусь» і падводзіла 15 снежня ў Мінску. А вынікі яе даволі неблагія. Распрацаваныя дзве вітруальныя гістарычныя экскурсіі па этапах паўстання на Вілейшчыне і на Слонімшчыне. Акрамя таго, падрыхтаваныя камплекты матэрыялаў для правядзення рэальных экскурсій, якія былі ўручаныя беларускім ліцэнзаваным гідам.

Аднымі экскурсіямі ўдзельнікі кампаніі «1963» не абмежаваліся. Некаторыя рэчы мелі «агульнагістарычную тэматыку», напрыклад, аднаўленне строяў паўстанцаў 1833 года, выданне кнігі «Смак беларушчыны», узнаўленне смыковай музыкі шляхецкіх падворкаў і стварэнне коміксаў пра паўстанне Каліноўскага.

Гістарычны комікс створаны па матывах п’есы Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі: Смерць і неўміручасць». Натхніла стваральнікаў гэтага комікса на працу не толькі стопяцідзесяцігоддзе паўстання, але і яшчэ адзін юбілей — 50-годдзе стварэння Караткевічам сваёй п’есы.

Мы ўсе звыклі да таго, што коміксы — гэта дзіцячая забаўка. Насамрэч, па сваім змесце, гэты комікс толькі звонку выглядае, як комікс, а насамрэч ён досыць сур’ёзны і нават не забаўляльны. Ствараючы гэтую кніжку, аўтары карысталіся гравюрамі і выявамі тых часоў, і наробкамі сённяшніх рэканструктараў тых падзеяў. Заканчаецца комікс Мілавідскай бітвай, а ўжо што было потым — аўтары раяць чытаць Караткевіча і цікавіцца беларускай гісторыяй.

І ўсё гэта — без падтрымкі дзяржавы.

Куратар грамадзянскай кампаніі «1863» Васіль Грынь адзначыў, што гэтая кампанія ўзнікла неяк нават «насуперак» дзяржаве, хаця яму афіцыйнае стаўленне да 150-годдзя паўстання Каліноўскага незразумелае. «У адрозненне ад іншых паўстанняў, паўстанцы 1863 года выраслі ў Расійскай Імперыі. У адрозненне ад іх дзядоў і бацькоў, якія ўдзельнічалі ў іншых паўстанняў, яны не ведалі іншай краіны, апроч гэтай імперыі. І іх паўстанне было, хутчэй, не паўстанне за краіну, а паўстанне за мару пра краіну. Зараз гэтая зямля набыла іх мару. Можа, нейкую не такую, пра якую марылі паўстанцы, нейкую іншую, але тым не менш — гэтая тэрыторыя доўгі час была аб’ектам геапалітыкі, а зараз мы ёсць суб’ектам гэтай геапалітыкі, са сваім суверэнітэтам і сваім словам. Менавіта за гэта змагаліся паўстанцы 1863 года», — лічыць Грынь.

«Паўстанне, нягледзячы на часовую паразу, стала пачаткам руху да беларускай дзяржаўнасці. І адракацца ад паўстання 1863 года — гэта ўсё роўна, што рубіць нават не сук, а дрэва, на якім сядзіш», — адзначыў Грынь.

І таму, на ягоную думку, тое шальмаванне паўстання і «перагляд гісторыі» ў дачыненні да гэтага паўстання вельмі недарэчны з боку дзяржавы. І менавіта крытычнае стаўленне дзяржавы да гэтых падзеяў стала апошняй кропляй для тых, хто адзначаў гэтую дату. І таму гісторыкі, экскурсаводы, энтузіясты, музыкі і іншыя аб’ядналіся для таго, каб сказаць сваё слова пра паўстанне.

А тое, што гэтыя высілкі падтрымала «Еўрабеларусь», таксама, як высветлілася, зусім не выпадкова. Лідар «Еўрабеларусі» Улад Вялічка падкрэсліў, што ўвесь час спрабуе ставіцца да гэтага паўстання не як да гістарычнай даты, а як да грамадзянскай падзеі. «Вельмі лёгка казаць пра паўстанне, як пра гісторыю. Але і Каліноўскі, і іншыя паўстанцы былі найперш, грамадзянскімі героямі, якіх вельмі не хапае зараз Беларусі. Не хапае таго грамадзянскага драйву, грамадзянскай дзейнасці, грамадзянскай пазіцыі, і мужнасці паўстанцаў», — патлумачыў Вялічка.

Увогуле, па ягоных словах, ідэя такой кампаніі ўзнікла натуральным чынам. Проста падчас каардынацыі працы з іншымі грамадскімі ініцыятывамі «Еўрабеларусь» пабачыла, што шмат у якіх з іх запланаваныя мерапрыемствы па адзначэнні 150-годдзя паўстання. «Мы вырашылі паспрабаваць упакаваць усё гэта ў доўгатэрміновую кампанію. Мы захацелі, каб гэта было не чатыры — пяць дробных праекцікаў па ўсёй Беларусі, а больш гучны праект. Другая ідэя была — пайсці ў гэтым адзначэнні некалькі далей за фігуру Кастуся Каліноўскага. І праект называецца «1863», а не «паўстанне Каліноўскага». Каліноўскі, канешне, асноўная сімвалічная фігура, але для розных рэгіёнаў Беларусі там ёсць свае фігуры, пра якіх вельмі мала ведаюць. Таму мы і падтрымалі такія ініцыятывы, як, напрыклад, Мілавідскі фэст у Баранавічах, ці распрацоўка экскурсійных маршрутаў па Міншчыне і Слонімшчыне, дзе ёсць свае імёны і свае героі, якія стаялі побач з Кастусём Каліноўскім», — распавёў Вялічка.

Дарэчы, распрацаваныя ў межах кампаніі «1863» маршруты зараз уключаныя ў афіцыйны каталог турыстычных маршрутаў Міністэрства спорту і турызму. То бок, можна замовіць экскурсію для школьнікаў, узяць аўтобус і праехаць па некаторых месцах паўстання. «Прычым, гэта будзе такая «гісторыя праз асобаў», з расповедамі пра саміх паўстанцаў, пра іх лёсы і гэтак далей. Гэта будзе вельмі цікава», — лячыць Вялічка.

То бок, у той час, калі дзяржава, з аднаго боку, займаецца «пераглядам гісторыі» і шальмуе паўстанцаў і асобу Каліноўскага, якія нават у савецкі час падаваліся героямі, з іншага боку, уключае ў афіцыйныя спісы экскурсійныя маршруты па месцах паўстання. Нейкі «плюралізм у адной галаве» Вялічка тлумачыць вельмі проста — гэта проста страх.

«Дваістае стаўленне дзяржавы тлумачыцца тым жа, менавіта чаму мы і зрабілі гэтую кампанію. Постаць Каліноўскага і само паўстанне — гэта пратэстны матэрыял. Гэта падкрэслівае пратэстны патэнцыял беларускага грамадства і ў нейкім плане — грамадзянскую мужнасць беларусаў. Гэта падкрэслівае пратэст супраць тэндэнцыяў і рэжымаў, якія не прыжываліся на беларускай зямлі. І таму гэта вельмі супярэчліва для беларускай ўлады. З аднаго боку, немагчымасць выкрасліць паўстанне з гістарычнага кантэксту — нават у савецкія часы Каліноўскі падаваўся пазітыўным героем. А з іншага боку, гэта небяспечна, таму што гэта — падкрэсліваць героя «несучаснага фармату», якія нелаяльныя і ідуць супраць плыні. Ці шмат у нас у падручніках такіх герояў? Чужых — колькі заўгодна, сваіх амаль ніводнага. Гэта проста страх падняць тэму, якая можа справакаваць людзей на разуменне ці нейкую дзейнасць, якая будзе не ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі», — лічыць Вялічка.

Ужо тое, што школьнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з паўстаннем «на месцы», — гэта больш карысна, чым прачытаць дзесятак падручнікаў. Так што «Еўрабеларусь» зрабіла даволі вялікую справу, падтрымаўшы «1983».

Каментаваць