Паўстанне ў імя Беларусі

23 сакавіка 2013 года ў Мінску адбудзецца навуковая канферэнцыя «Паўстанне 1863 года на Беларусі і Кастусь Каліноўскі».Арганізатарамі гэтага навуковага форуму сталі Інстытут беларускай гісторыі і культуры (Рыга) і Інстытут развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (Вільня).



Напярэдадні канферэнцыі быў выдадзены зборнік артыкулаў яе ўдзельнікаў. Выданне змяшчае грунтоўны навуковы аналіз падзей Паўстання 1863–1864 гадоў у беларуска-літоўскім краі. Яго плюсам з’яўляецца адсутнасць ідэалагічных клішэ, што характэрна для прац сучасных афіцыйных гісторыкаў.

У прадмове да кнігі старшыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што аўтары зборніка імкнуліся «зрабіць постаць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў больш блізкімі і зразумелымі для ўсіх сучасных беларусаў». Гэта вельмі важна, бо гісторыю тых падзей сёння жадаюць перапісаць, выкрасліць з нацыянальнай памяці. Перашкодзіць гэтаму могуць толькі навукоўцы.

Зборнік складаецца з чатырох частак. Першая мае назву «Агульны абрыс паўстання» і прадстаўляе чытачу характарыстыку яго ключавых падзей у беларуска-літоўскім краі. Адчыняе раздзел артыкул памерлага ў 1999 годзе мэтра айчыннай гістарыяграфіі, доктара гістарычных навук Міхася Біча, у якім той прадставіў не толькі гісторыю Паўстання 1863 года на Беларусі, але і зрабіў глыбокі аналіз гістарыяграфіі пытання.

Адной з высноў гісторыка з’яўляецца ідэя, што «з дзейнасцю Кастуся Каліноўскага звязана перарастанне беларускага нацыянальна-культурнага руху ў палітычны, у барацьбу за дзяржаўнасць Беларусі ў форме народаўладдзя, пры якой урад быў бы добрым слугой народа». І гэта сапраўды так. Паўстанне дало магчымасць беларусам адчуць сябе не сярмяжнай масай тутэйшых, а народам, у якога багатыя гістарычныя традыцыі, свая культура, мова, рэлігія. І за ўсё гэта варта змагацца. Паўстанне абудзіла свядомасць беларусаў, і ў пачатку ХХ стагоддзя яны змогуць заявіць пра сябе ўголас.

Кандыдат гістарычных навук Уладзімір Хільманюк прааналізаваў асноўныя стэрэатыпы, характэрныя для савецкай гістарыяграфіі Паўстання 1863 года. Аўтар даказвае, што ўзброенае выступленне не было выключна змаганнем з расійскім самаўладдзем, як і не мела выключна польскі нацыянальны характар. У ім выразна праявіліся рысы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Аўтар слушна падкрэслівае, што ў польскай гістарыяграфіі Кастуся Каліноўскага «палякам», у адрозненні, напрыклад, ад Касцюшкі, не называюць. У сваю чаргу, расійскія, а пазней і савецкія гісторыкі ў ідэалагічных мэтах спрабавалі ахарактарызаваць Паўстанне 1863 года як чарговую «польска-расійскую вайну». Так было лягчэй абгрунтаваць уключэнне Беларусі і Украіны ў склад Расійскай імперыі і СССР.

Аргументавана абвяргае Уладзімір Хільманюк і тэзіс, што нібыта ў паўстанні ўдзельнічалі толькі католікі. Насамрэч сярод паўстанцаў было багата і праваслаўных. Нарэшце, ён разбурае стэрэатып пра класавасць паўстанцкага асяроддзя, адзначаючы, што сярод інсургентаў былі прадстаўнікі розных грамадскіх груп.

Рэдактар гістарычнага альманаха «Дзяды» Анатоль Тарас ахарактарызаваў ключавыя моманты паўстання ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што Паўстанне ад пачатку было асуджана на паразу, яно, на погляд аўтара, аказала значны ўплыў на развіццё палітычнай актыўнасці сярод беларускай інтэлігенцыі ў пачатку ХХ стагоддзя.

У другой частцы зборніка «Аспекты і вынікі паўстання» кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў падрабязна распавядае пра ролю, якую адыграла чыгунка ў падзеях Паўстання Кастуся Каліноўскага. Даследчык пазначае, што ў 1863–1864 гадах чыгуначныя шляхі, якія праходзілі па Беларусі, сталі арэнай, па сутнасці, першай у нашай гісторыі рэйкавай вайны.

Аўтар гэтай рэцэнзіі ў сваёй публікацыі, змешчанай у зборніку, прааналізаваў асноўныя пастулаты польскай гістарыяграфіі Паўстання 1863 года ў беларуска-літоўскім краі. Характэрна, што польскія даследчыкі ў сваёй большасці падкрэслівалі менавіта беларускі характар узброенага выступлення ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі. У гэтым прынцыповае адрозненне іх пазіцыі ад пазіцыі прадстаўнікоў расійскай і савецкай гістарыяграфіі.

Доктар гістарычных навук Леанід Лыч у сваім артыкуле звярнуў увагу на русіфікатарскую палітыку, якую ажыццяўляла царская адміністрацыя пасля падаўлення Паўстання 1863–1864 гадоў. Ключавая выснова аўтара: у тагачасных жорсткіх, экстрэмальных умовах у беларускай культуры амаль не было шансаў на развіццё.

У трэцяй частцы зборніка «Каліноўскі і яго спадчына» доктар гістарычных навук Віктар Явароўскі аналізуе змест галоўнай паўстанцкай газеты «Мужыцкая праўда» і адзначае, што па яе матэрыялах «можна прасачыць пэўную ідэалогію нацыянальна-вызвольнага руху, тактыку і стратэгію рэвалюцыйнай барацьбы за перабудову грамадства, акрэсліць мэты і задачы паўстанцаў».

У развіццё тэмы кандыдат гістарычных навук Юрась Бачышча засяродзіў сваю ўвагу на тым месцы, якое займала постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Беларускія хадэкі, падкрэсліў даследчык, бачылі ў лідары Паўстання 1863 года пачынальніка барацьбы за палітычнае вызваленне беларусаў.

Нарэшце, апошняя, чацвёртая частка працы, змяшчае першакрыніцы: тэксты «Мужыцкай праўды» і «Лістоў з-пад шыбеніцы».

Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 года на Беларусі і Кастусь Каліноўскі» ўсебакова асвятляюць падзеі ўзброенага выступлення супраць Расійскай імперыі на тэрыторыі беларуска-літоўскага краю. І даюць годны адказ на ўсе заходнерускія імперскія праявы ў дачыненні да Паўстання 1863–1864 гадоў на Беларусі і асобы яе лідара — Кастуся Каліноўскага.

Каментаваць