Павел Шаройка асуджаны ў Беларусі за шпіянаж

Суд над украінскім грамадзянінам Паўлам Шаройкам па абвінавачванні ў шпіянажы завершаны.

Павел Шаройка атрымаў больш за 8 гадоў пазбаўлення волі, паведаміў БелаПАН 23 траўня пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Дакладны тэрмін пакарання і дату вынясення прысуду ён удакладніць не змог.

Кізім таксама паведаміў, што цяпер Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. На днях яго наведваў украінскі консул, паводле слоў якога на ўмовы ўтрымання асуджаны не скардзіцца.

З Шаройкам таксама бачылася яго жонка, паведаміў пасол. У яе скончыўся тэрмін знаходжання ў Беларусі, і яна з’ехала ва Украіну, але будзе прыязджаць у Беларусь, каб наведваць мужа.

Акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт Украінскага радыё Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 года па абвінавачванні ў шпіянажы (арт. 358 КК).

Пра яго затрыманне стала вядома толькі праз тры тыдні, калі пра гэта паведаміў у „Фэйсбуку” кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія. 20 лістапада афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын заявіў журналістам: Шаройка прызнаў, што з’яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі Украіны і працаваў у Беларусі пад прыкрыццём. Паводле інфармацыі КДБ, Шаройка “стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі яго заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы”.

Яго дзейнасць нібыта каардынаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка ўкраінскага пасольства ў Менску, быў абвешчаны персонай нон-грата і высланы з Беларусі.

Міністэрства абароны Украіны інфармацыю КДБ абвергла. Аб ходзе расследавання справы Шаройкі і судзе над ім нічога невядома — ні беларускі, ні ўкраінскі бакі сітуацыю не каментавалі. Пра тое, што справа ўжо разглядаецца ў Вярхоўным судзе, стала вядома 12 лютага.

www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць