Павел Севярынец: Аднойчы мы пабачымся

Вязень «амерыканкі» Павел Севярынец напісаў дзве заявы на адрас кіраўніцтва КДБ. Адну наконт сустрэчы з адвакатам, якога ён не бачыў з 29 снежня. А другую — пра сустрэчу са святаром для прычасця і споведзі.

Пра гэта Севярынец паведаміў у чацвёртым лісце, які атрымалі 10 лютага яго бацькі. Ён быў датаваны 5 лютага і пазначаны Паўлам нумарам 10. З гэтага вынікае, што астатнія шэсць лістоў бацька і маці ад сына не атрымалі.



Вязень «амерыканкі» Павел Севярынец напісаў дзве заявы на адрас кіраўніцтва КДБ. Адну наконт сустрэчы з адвакатам, якога ён не бачыў з 29 снежня. А другую — пра сустрэчу са святаром для прычасця і споведзі.

Пра гэта Севярынец паведаміў у чацвёртым лісце, які атрымалі 10 лютага яго бацькі. Ён быў датаваны 5 лютага і пазначаны Паўлам нумарам 10. З гэтага вынікае, што астатнія шэсць лістоў бацька і маці ад сына не атрымалі.

«Але ён нічога не піша пра тое, што атрымлівае нашы лісты», — зазначыла Таццяна Севярынец.

«Чаму ён не бачыў з 29 снежня адваката, невядома. Магчыма, у адносінах да яго не вядуцца ніякія следчыя дзеянні. А магчыма, адваката не пускаюць з нейкіх прычын», — лічыць Ірына Губская, рэгіянальны каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Адвакат у лідара БХД — Павел Сапелка.

У папярэдніх лістах палітык паведаміў, што піша раман пра жыццё ў Беларусі. І што на пералічаныя на ягоны турэмны рахунак грошы яму нарэшце набылі Біблію. Праблема была ў тым, што ў СІЗА КДБ не дазваляюць перадаваць кнігі. Таму Паўлу давялося чакаць, калі яго замова будзе выканана праз КДБ. А паплечнікі палітыка тады ж сталі перапісваць раздзелы з Бібліі і дасылаць у сваіх лістах. «Ну а калі лісты не дойдуць да яго, то хаця б кадэбэшнікі вымушаны будуць прачытаць словы Божыя», — мяркуе Ірына Губская.

Калегі Паўла тэлефануюць таксама ў прамы эфір на радыё. І перадаюць прывітанні «Паўлу Канстанцінавічу, які зараз знаходзіцца ў вымушаным адпачынку. Мы з вамі! Трымайцеся!» «Спадзяемся, што гэтыя словы да яго дайшлі ці дойдуць. Бо вядома, што ў камерах у палітвязняў ёсць радыё. Яны яго слухаюць і падчас прагулак. Ім увогуле ўвесь гукавы фон папросту забіваюць гэтым радыё. Ну вось хай паслухаюць», — сказала Ірына.

Як адзначыла дзяўчына, чалавека можна збіць, арыштаваць, але не перамагчы. «У Паўла вельмі моцны дух, і яго папросту не могуць зламаць. Ён ужо прайшоў праз крымінальныя справы, праз шмат арыштаў. І ён застаецца моцным», — падкрэсліла яна.

Зараз паплечнікі Паўла рыхтуюцца да суда над фігурантамі крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» 19 снежня. Яны збіраюць сведчанні і відэаматэрыялы. Павел жа перадае прывітанні, а таксама падзякі за пасылкі і пералічэнні на яго рахунак грошай. «Напісаў, што, дасць Бог, хутка пабачымся. А калі не хутка, то, як піша, ён верыць, што аднойчы мы пабачымся. І спадзяецца, што мы зможам годна працягнуць справу», — зазначыла Ірына Губская.
 

Каментаваць