Павел Севярынец: беларускі народ пакуль маўчыць

Калі мы ехалі да Паўла Севярынца, напярэдадні ён казаў: “Нічога не прывозьце, у мяне ўсё ёсць. Хіба што пітной вады, бо тут вада не вельмі добрая. Прыязджайце лепш да 13 гадзін, бо ў нядзелю я наведваю царкву. А калі прыехаць да царквы, то мне няма куды будзе падзець ровар.

Вёска Куплін — недалёка ад Пружанаў. На пад’ездзе да спецкамендатуры нас сустракаюць даволі дагледжаныя дамы. І што здзіўляе — гэта хатняя птушка. Пад колы машын не кідаюцца курыцы, а па дарозе — спрэс індыкі.



Калі мы ехалі да Паўла Севярынца, напярэдадні ён казаў: “Нічога не прывозьце, у мяне ўсё ёсць. Хіба што пітной вады, бо тут вада не вельмі добрая. Прыязджайце лепш да 13 гадзін, бо ў нядзелю я наведваю царкву. А калі прыехаць да царквы, то мне няма куды будзе падзець ровар.

Вёска Куплін — недалёка ад Пружанаў. На пад’ездзе да спецкамендатуры нас сустракаюць даволі дагледжаныя дамы. І што здзіўляе — гэта хатняя птушка. Пад колы машын не кідаюцца курыцы, а па дарозе — спрэс індыкі.

Дзверы адкрывае сам Павал і ідзе са мной рэгістравацца. Перапісваючы дадзеныя пашпарту, міліцыянт жартуе: “Ізноў пра Паўла пісаць будзеце? Напішаце, што мы яго крыўдзім? “Павал, цябе тут не крыўдзяць? — запытваюся. “Не — кажа Павал. “Гэта ён зараз так гаворыць, а як выйдзе на тэрыторыю, дык пачне распавядаць вам такое… — з усмешкай кажа міліцыянт. І мы ідзем у альтанку каля камендатуры.

Мы п’ем гарбату. Павал вельмі цікава распавядае пра жыццё ў Купліне, пра сваю працу, але папярэджвае: большая частка з ягоных расповедаў — “не для прэсы. Хутчэй за ўсё, Павал хоча сам пра гэта напісаць. Але на пытанні ўсё ж адказвае.

Я не адарваны ад рэчаіснасці

— Я працую на чатырох працах. На тры СМІ (калонка ў “Нашай Ніве, рэпартажыкі на “Радыё Рацыя і хадэцкая газета “Крыніца), і на фермерскую гаспадарку “Бардо. Няма нават часу на развагі, ці адарваны я, ці не. Да мяне прыязджае шмат людзей. І ў мяне іншым часам складваецца ўражанне, што некаторыя людзі ў Мінску больш адарваныя ад рэчаіснасці, чым я. Дзякуй Богу, што так атрымалася, я знаходжуся недзе пасярэдзіне паміж тымі вязнямі, якіх вызвалілі ўмоўна, і тымі, хто сядзіць зараз у вязніцы. З аднаго боку, становішча няпэўнае, з іншага — людзі прыязджаюць, можна размаўляць, ёсць тэлефон, можна чытаць інтэрнэт. Так што я ў большай гушчыні падзеяў, чым некаторыя на волі.

Спадзяюся, што будзе новая кніжка, пакуль буду знаходзіцца тут. Спадзяюся, што ўдасца дапамагчы палітвязням — актыўна з імі лістуюся, прыходзяць адказы. Калі б сам сядзеў у “зоне, вельмі б цяжка было дапамагаць, а так спрабуем дамагчыся, каб святары трапілі да палітвязняў-вернікаў, каб маліліся за палітвязняў. Дарэчы, зараз моляцца за іх не толькі ў Беларусі, але і ў Празе, Варшаве, Вільні, Кіеве. Гэта значыць, што беларусы гуртуюцца дзеля адраджэння. Гэта адказ на тую сітуацыю, у якой мы апынуліся.

У справе Бяляцкага ў рэжыму “сарвала дах

— Усе гэта ўкладаецца ў адну карціну. Расія дала грошы, зараз у Беларусі можна рабіць усё, што заўгодна. Таму рэжым робіць тое, што ўмее, — застрашвае, запалохвае людзей, праводзіць рэпрэсіі.

Але ўнутры краіны такое “закручванне гаек заўсёды заканчваецца тым, што зрывае дах. Рана ці позна яго сарве. А вось “рана ці позна — гэта пытанне да беларускага народа.

Расія толькі радуецца, калі бачыць прысуды Бяляцкаму і суд над Стэфановічам. Еўропа расцэньвае гэта як выклік. Але некалькі месяцаў сітуацыя будзе замарожаная. Супаў кліматычны сезон і палітычны. Напэўна, зіма ў нас будзе сапраўды зіма. І толькі хіба ўвесну ў нас будзе палітычная вясна.

Еўрапейцам трэба сфармуляваць цвёрдую пазіцыю па Беларусі, скаардынаваную са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Не думаю, што трэба ўвязвацца ў гандаль і прапаноўваць больш грошай, чым прапануе Расія Лукашэнку. Думаю, што гаворка павінна ісці пра тыя каштоўнасці, на якіх найперш грунтуецца Еўропа — маральныя каштоўнасці.

Інтэграцыя з Расіяй — і смех, і грэх


— Мытны саюз, адзіная эканамічная прастора, Еўразійскі саюз — гэта працяг савецкай традыцыі здаваць аб’ект да 7 лістапада альбо да 1 мая. Не забудземся, што праз некалькі дзён мы будзем святкаваць — мы-та будзем святкаваць, а яны адзначаць — 20 гадоў з таго моманту, як Савецкі Саюз распусцілі за непатрэбнасцю.

Трэба на ўсё гэта адказваць. Пуцін прыходзіць з вялікім інтэграцыйным планам. Гэта вялікі і галоўны ягоны палітычны трамплін на наступныя два тэрміны. І яму трэба неяк аб’ехаць гэтую калдобіну — 20 гадоў распаду Савецкага Саюза. Ён прыдумляе Мытны саюз, у хуткім часе — Еўразійскі саюз (а чым заканчваюцца ў нас хуткабуды, мы ўсе ведаем), каб прыгожа называлася, і ўсё гэта хутка будуецца.

І смех, і грэх. З аднаго боку, гэта несур’ёзна, таму што аўрал, з другога — страшнавата, таму што такія гаргары рана ці позна падаюць, абвальваюцца, а церпяць людзі. Як у выпадку з Мытным саюзам, які пазбавіў беларусаў нармальнага аўтамабільнага рынку. І той жа Еўразійскі саюз зацягвае нас у зону эканамічнай і тэхналагічнай адсталасці і адсякае нас ад еўрапейскай мадэрнізацыі.

Наколькі доўга гэта працягнецца — казаць цяжка. Калі Лукашэнка пад ціскам унутрыбеларускай сітуацыі і ціску Расіі будзе вымушаны пачаць нейкія манеўры на еўрапейскай прасторы, то не доўга. А можа стацца і так, што даволі доўга.

Расія, Еўропа, Лукашэнка… Мы ходзім вакол, таму што, па вялікім рахунку, цэнтр цяжару прыняцця рашэнняў ляжыць у беларускім народзе. Усё, што вакол, — Лукашэнка, Расія, еўрапейцы — гэта вакол. А беларускі народ пакуль маўчыць. Гэта маўчанне вельмі шматзначнае, але нам трэба, каб беларускі народ сваё слова сказаў. Таму мы і з’езд праводзім, і стратэгію прапаноўваем, бо гэта трэба беларускаму народу. Павінна з’явіцца народная сіла, народная партыя, якая будзе выяўляць інтарэсы і пакліканне беларускага народу. Праз 20 гадоў руйнавання Савецкага Саюза, у той час, калі Лукашэнка гатовы ўпасці, Расія скупляе маёмасць, еўрапейцы не ведаюць, што рабіць. Ведаць, што рабіць з Беларуссю, павінны самі беларусы.

Танны газ — не выхад з крызісу

— У манеўрах з Расіяй Беларусь дамаглася зніжак на кошт газа. І гэта сур’ёзна кансервуе беларускую эканоміку як датацыйную, як савецкую. Савецкая эканоміка таксама трымалася на танных газе і нафце. Замест мадэрнізацыі выкарыстоўвалі танныя прыродныя рэсурсы. Гэта прывяло да таго, што мы зараз апынуліся ў “трэцім свеце.

Нічога добрага тут няма. Лепш зацягнуць паясы на некалькі гадоў, правесці мадэрнізацыю, даць свабоду бізнэсу, разабрацца з татальнай карупцыяй, якая ёсць. Гэта вызваліць вялізныя грошы. І з гэтымі магчымасцямі, з гэтымі сродкамі прыступаць да будаўніцтва новай Беларусі. Нам патрэбна новая тэхналогія, новы адказ на выклікі, якія зараз ёсць. Сусветная гандлёвая арганізацыя — мы ўжо практычна туды ўпаўзлі, сусветны эканамічны крызіс, зона еўра побач, — як нам да гэтага ставіцца? Інфляцыя, якая з’ядае гэты наш “зайчык? Трэба ўводзіць талер.

З’езд БХД

— Я буду прысутнічаць там у “папяровым выглядзе. У асноўным мой тэкст ужо напісаны, асноўныя тэзы ўжо зачытаныя, мае прапановы будуць тычыцца як стратэгіі развіцця партыі, так і развіцця Беларусі. Асноўная тэза — ніяк інакш, што толькі мы самі, ніяк інакш, толькі на хрысціянскіх каштоўнасцях, маральных каштоўнасцях мы можам выстаяць, абараніць незалежнасць, перамагчы рэжым і збудаваць новую Беларусь. Падрабязнасці — 17 снежня аб 11 гадзіне ў Палацы культуры трактарнага завода ў Мінску (смяецца).
 

Каментаваць