Павялічыць шанец на жыццё

Грамадскія актывісткі і дактары-анколагі абмеркавалі праблему рака малочнай залозы ў Беларусі.


Каля 40 чалавек прысутнічалі 28 кастрычніка на мерапрыемстве, прысвечаным 25-годдзю “Ружовай стужкі” — міжнароднага руха супраць рака малочнай залозы.

Арганізавала мерапрыемства Беларуская жаночая ліга, якую ўзначальвае Ніна Стужынская. Сябры гэтай арганізацыі ўжо не першы год удзельнічаюць у руху.

Медыкі сведчаць, што за апошнія 20 гадоў паказчыкі смяротнасці ад раку малочнай залозы знізіліся на 30 працэнтаў. Аднак нягледзячы на гэтыя лічбы, жанчыны і мужчыны па ўсім свеце працягваюць сутыкацца з гэтым захворваннем і паміраць ад яго.

У нашай краіне па-ранейшаму існуе высокі працэнт захворванняў на рак малочнай залозы, выяўленых на позніх стадыях.


Як засведчыла Ніна Стужынская, Беларуская жаночая ліга і іншыя жаночыя грамадскія арганізацыі з 2010-га па 2012 гады актыўна падштурхоўвалі Міністэрства аховы здароўя да стварэння нацыянальнай праграмы па прафілактыцы раку малочнай залозы. Праводзіліся асветніцкія семінары для жанчын у рэгіёнах з абследаваннем малочных залоз дактарамі, акцыі па інфармаванню насельніцтва аб метадах самаабследавання, сабраны тысячы подпісаў пад калектыўным зваротам ў Міністэрства аховы здароўя з прапановай аб стварэнні Нацыянальнай праграмы па прафілактыцы рака малочнай залозы і абавязковага мамаграфічнага скрынінгу.

Да 2015 года Міністэрства аховы здароўя планавала забяспечыць "усеагульны ахоп жанчын мамаграфічным абследаваннем". Такая задача была запісана і ў Нацыянальным плане дзеянняў па забеспячэнню гендэрнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011—2015 гады.

Таму грамадскіх актывістаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, задалі шмат пытанняў каардынатару пілотнага праекту па мамаграфічнаму скрынінгу ў беларускіх рэгіёнах доктару Рэспубліканскага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Ашарыну Віталю Вячаславаічу. І найперш усіх цікавіла, ці запрацаваў праект, ці прыжыўся ўсеагульны мамаграфічны скрынінг у Беларусі?


Па словах Віталя Ашарына, дзяржавай зроблена вялікая праца па стварэнню скрынінгавай праграмы па абследаванню жанчын і прафілактыцы раку малочнай залозы. Зараз у Беларусі скончыўся пілотны праект і распачалася распрацоўка дэталяў нацыянальнага праекту. Гэтая праграма вельмі затратная, і патрэбны час, каб скрынінгавыя кабінеты запрацавалі ва ўсёй краіне.

Па словах анколага, кабінеты скрынінгу працуюць зараз у 14 установах аховы здароўя ў Беларусі.

У рамках скрынінгу ў 2016 годзе мамаграфію ажыццявілі 40369 жанчын ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў. (Гэты ўзрост для дадзенай хваробы лічыцца найболей небяспечным).


Найбольшая колькасць захворванняў назіраецца ў буйных гарадах. Так, у Савецкім раёне Мінска у рамках пілотнага праекту мамаграфічнае абследаванне прайшлі 7730 чалавек. Выяўлены 48 захворванняў, доля захворванняў на ранняй стадыі сярод гэтых жанчын складае 54,2 працэнта.


З года ў год колькасць хворых на рак малочнай залозы павялічваецца. І ў развітых краінах, і ў Беларусі. Медыкі мяркуюць, што гэтыя лічбы звязаны са старэннем насельніцтва, павелічэннем працягласці жыцця, курэннем, нізкай фізічнай актыўнасцю, алкаголем і павелічэннем масы цела. Таксама жанчыны менш сталі нараджаць дзяцей.

Па смяротнасці рак малочнай залозы займае 4-е месца. На першым па-ранейшаму — рак лёгкага.

Чытайце таксама: Нельга дазваляць страху перад ракам кіраваць нашым жыццём 



На жаль, пілотны праект паказаў, што не ўсе жанчыны хочуць удзельнічаць у скрынінгу, а многія звяртаюцца па дапамогу ўжо на такіх стадыях, калі дапамагчы практычна немагчыма.

А між тым увядзенне скрынінгу павінна садзейнічаць выяўленню хваробы на ранніх стадыях, што дае магчымасць больш аператыўна правесці лячэнне і павялічыць шанец на жыццё.

Дарэчы, як паведаміў хірург-анколаг Рэспубліканскага інстытута анкалогіі Дзмітрый Мікуліч сёння у нашай краіне зроблены новыя крокі па развіццю мамапластыкі, рэканструкцыі выдаленай грудзі. А гэта вельмі важна, бо негатыўным наступствам мастэктаміі (аперацыі па выдаленню грудзей) у тым ліку ёсць дэпрэсія, псіхічныя захворванні, сямейныя праблемы, адчуванне фізічнай і эстэтычнай непаўнацэннасці.


У сувязі з гэтым доктар-псіхіятр Кацярына Аверкава распавяла пра важнасць псіхалагічнай падтрымкі для хворых на рак. У Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі з жанчынамі, якія захварэлі на рак малочнай залозы, працуюць адзін псіхіатр і тры псіхолагі. Найпершыя задачы сумеснай працы спецыялістаў —дапамагчы з адаптацыяй, не дапусціць суіцыду. Для гэтага праводзіцца індывідуальнае і групавое кансультаванні.

Аднак гэта ў Мінску. Што тычыцца іншых рэгіёнаў, то тут псіхалагічнай падтрымкі якраз і не хапае. Прынамсі пра гэта распавяла адна з удзельніц мерапрыемства, якая перанесла рак.


Кацярына Рыгораўна распавяла пра спецыяльную псіхалагічную праграму, якую можна закачаць у мабільны тэлефон. На сайце гэтай бясплатнай праграмы можна распавесці сваю праблему, пазнаёміцца з іншымі людзьмі, знайсці групу падтрымкі і даведацца аб мерапрыемствах у сваіх рэгіёнах.

А ўвогуле, у барацьбе з небяспечнай хваробай патрэбны агульныя намаганні і медыкаў і грамадскасці. Агульнавядома, што выяўляць рак малочнай залозы на ранніх стадыях, дапамагаць жанчынам развіваць ўважлівыя і беражлівыя адносіны да ўласнага здароўя — гэта значыць стварыць умовы, якія дазваляюць выратаваць жыцці.

 

Каментаваць