Паводле Ярмошынай, у 2010 годзе Лукашэнка злавіў сама вагой 79 кг

Услед за Пуціным, які сфатаграфаваўся з 21-кілаграмовым шчыпаком, якога ён нібыта злавіў, Аляксандр Лукашэнка пахваліўся, што ён выцягнуў з Прыпяці 57-кілаграмовага сама.



Прыкладна так мусіў выглядаць сом, якога нібыта злавіў Лукашэнка


Рыбакі ва ўсім свеце схільныя перабольшваць памер свайго ўлова, піша Daily Mail, але тое, што адбылося паміж прэзідэнтамі Расіі і Беларусі, нагадвае нейкую «вайну рыб». 
 
 
Магчыма, брытанскае выданне памыляецца, і гэта не  «вайна рыб», а толькі праява ўзроўню хлуслівасці атачэння двух прэзідэнтаў?
 
 
Альфрэд Кох, былы чыноўнік федэральнага ўзроўню, буйны бізнэсовец і публіцыст, а па сумяшчальніцтве заўзяты рыбак, выказаўся з нагоды пуцінскага шчупака такім чынам:
 
 
 
 
 
«Пры тым аб'ёме шчупака, які намаляваны на фота, для таго, каб важыць 21 кг, ён павінен мець шчыльнасць 2,3 - 2,4 г / куб.см. Такі шчупак не зможа плаваць, ён будзе ляжаць на дне! Бо шчыльнасць вады 1,0 г / куб см. Фактычна гэты шчупак — ...з граніту ( шчыльнасць граніту 2,6 г / куб см)! Хопіць хлусіць! Гэта не я прыдумаў, гэта дакладная навуковая (фізіка-матэматычная) ісціна, я тут ні пры чым» напісаў Кох на сваёй старонцы ў Facebook. І яшчэ дадаў, што Пуціну ўсе ў ягоным атачэньні хлусяць: яму надзьмулі ў вушы, што рыба важыць 21 кг, а ён і рады верыць. Хлусяць пастаянна, па дробязях, як заўсёды хлусяць уладарам, якія страцілі нюх. 
 
 
 
«Вось такі яго шчупак у параўнанні з маім самом!»
 
 
Што да сама Аляксандра Лукашэнкі, журналіст Аляксандр Ярашэвіч жартуе: «Паводле Ярмошынай, у 2010 годзе Лукашэнка злавіў сама вагой 79 кг. Апазіцыя заяўляе, што сом і 50 кг не набіраў. Незалежныя сацыёлагі кажуць, што сом быў крыху болей за 50 кг». 

А ў расійскім сеціве ўжо гуляе анекдот: «Верагодна, рыбная вакханалія скончыцца сінім кітом, якога зловіць Кім Чэн Ын».

Абмеркаванне:

  • Maksim
  • 2013-08-01 19:12:22
Ну й насмяшылі! Як дзеці малыя! Але ж гэта было б смешна, калі б не было так сумна...Дзякуй, Мікола, за матэрыял.
  • Кастусь
  • 2013-08-01 19:22:36
А ў расійскім сеціве ўжо гуляе анекдот: «Верагодна, рыбная вакханалія скончыцца сінім кітом, якога зловіць Кім Чэн Ын».



Не! Паўднёвакарэйскай субмарынай вагай у 100 мегатон!

Каментаваць