Пазьняк: «Змаганне з мышамі праз спаленне гумна»

Старшыня КХП-БНФ выступіў на сойме партыі з ацэнкай прапаноў увесці супраць Беларусі эканамічныя санкцыі.



У сваім выступе Пазьняк нагадаў, што «няма ў гісторыі прыкладаў, калі б эканамічныя санкцыі абвалілі нейкі дыктатарскі рэжым ці неяк пахіснулі яго ўладу, — адзначае Зянон Пазьняк.

— Хутчэй наадварот. Тым часам удар па грамадству, па простых людзях зафіксаваны ня раз. Эканамічныя санкцыі ніколі ня ўводзіліся насуперак эканамічным інтарэсам тых краінаў, якія іх уводзілі. Эканамічныя санкцыі, як правіла, аслаблалі эканамічную моц краіны, супроць якой яны былі ўжытыя, але ніколі не аслаблялі моц дыктатуры. У так званых эканамічных санкцыях заўсёды адсочваюцца элемэнты палітычных гульняў дзеля выгады пэўных краінаў і эканамічных групаў. У гэтым і ўся сутнасць».

Далей лідэр КХП-БНФ канстатуе, што «эканамічныя санкцыі супраць Беларусі (гэта значыць нібы супраць рэжыму Лукашэнкі) патрэбныя найперш Маскве. Яна ж падтрымлівае і цыклічнасць санкцыяў (гэта значыць, у адпаведны момант падтрымлівае іх адмену). Санкцыі ўзмацняюць уплыў Масквы на антыбеларускі рэжым, ствараюць магчымасць лягчэй захапіць беларускія прадпрыемствы, вытворчасць і маёмасць, навязаць палітычныя рашэнні і вымушаную залежнасць.

Тым часам непрызнанне міжнароднай супольнасцю рэжыму ў Менску, нелегітымнасць яго ўлады робіць усе маскоўскія захопы ў Беларусі даволі прывіднымі і юрыдычна нікчэмнымі, без гарантыяў на будучыню. Тады на пэўным этапе ў Маскве робіцца адмашка на дыялог».

Пазьняк перакананы, што «Беларусь знаходзіцца пад прэсам чужой тыпова акупацыйнай унутранай палітыкі (асабліва ў вобласці культуры). Мэта гэтай палітыкі, інспіраванай з усходу, — паступовая страта незалежнасці і захоп нацыянальнай уласнасці нашай краіны. Прызначэнне ў такіх умовах эканамічных санкцыяў (нібы супраць рэжыму) — гэта нож у горла дзяржавы, якую ў дадзеным выпадку цяжка аддзяліць ад акупацыйнага рэжыму. Уся ўлада і ўся народная маёмасць знаходзяцца ў руках гэтага рэжыму.

Прынцып змагання з мышамі шляхам спалення гумна з мышамі ці прынцып бальшавікоў — жаданне паразы ў вайне сваёй краіне (заўважце, за нямецкія грошы) тут катэгарычна непрыймальны. Лявацкае разуменне, што пад ціскам эканамічных санкцыяў збяднелы народ узбунтуецца і рэжым перакуліцца — наіўнае і памылковае. Усё якраз наадварот. Бедны народ траціць здольнасць на асэнсаваную палітычную барацьбу і ня можа супрацьстаяць дыктатуры».

Пры гэтым Зянон Пазьняк лічыць, што «пагрозу незалежнасці па-прапагандысцку выкарыстоўвае рэжым дзеля зняцця ўсіх санкцыяў. Інспіравана дзейнасць лабістаў, квазіапазіцыі і цэлай катэгорыі «адбельвальнікаў», якія фармальна слушна кажуць аб агрэсіўных інтарэсах Расеі ў Беларусі, аб павелічэнні эканамічнай залежнасці ад Расеі, аб манапалізацыі палітычнага ўплыву з Усходу і г.д.

Яны прапануюць узамен палітыку «дыялогу» Захаду з антыбеларускім рэжымам, «дарожную карту», «пакрокавы план», «мадэрнізацыю» яго палітычнай і эканамічнай сістэмы, «лібэралізацыю», «дэмакратызацыю» і т.п. лінгвістычныя прыдумкі, мілыя для заходняга вуха, але абсалютна непрыдатныя ў дачыненні да акупацыйнага рэжыму ў нашай краіне.

Мы бачым тут тыповую праяву расейскай цыклічнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі: «санкцыі — дыялог — санкцыі», вынікам якой павінна б стацца (згодна Масквы) захоп і забранне беларускай нацыянальнай маёмасці і легалізацыя рэжыму дзеля юрыдычнага замацавання расейскага рабаўніцтва».

Далей Пазьняк выказвае пазіцыю сваёй партыі, якая палягае на наступных прынцыпах:

«Эканамічных санкцыяў для Беларусі не павінна быць».

«Пазітыўным было б такое рашэнне, калі б Захад пакінуў і ўзмацніў палітычныя санкцыі супраць антыбеларускага рэжыму, якія выяўляюцца ў забароне ўезду ў заходнія краіны асобам, прыналежным да незаконнага пераследу беларусаў і грамадзян Беларусі па палітычных... і нацыянальна-культурных матывах».

«Паміж Захадам (Еўрасаюз і антыбеларускім рэжымам могуць адбывацца «перамовы». Слова «дыялог» павінна быць выключана тут з палітычнага лексікону. Тэрмін ёсць неадэкватны».

«У перамовах Захаду з антыбеларускім рэжымам павінна быць выключана магчымасць легалізацыі рэжыму і яго структураў узамен за саступкі ў правах чалавека і т.п. (Саступкі могуць быць вернуты рэжымам адным махам пасля дасягнення мэты)».

Завяршыў свой выступ Пазьняк наступнымі словамі: «Нагадаю, што ў 1990-91 гг. увесь Захад, пачынаючы ад прэзідэнта Буша-старэйшага, выказаўся супраць незалежнасці Беларусі. Усе яны глядзелі на Гарбачова і жадалі захаваць СССР («скопішча зла» па іхняй жа тэрміналогіі).

Мы, сябры Народнага Фронту, ня бачылі тады ў нас (і дзякуй Богу!) ніводнай заходняй палітычнай фізіяноміі. Але нам (верце мне) былі «да лямпачкі» усе іхнія заходнія меркаванні. Беларусь мусіла стаць незалежнай, а СССР і КПСС — сканаць. Мы верылі ў гэта, змагаліся, скарысталі гістарычны момант і перамаглі. Верма — пераможам і цяпер», — завяршае тэкст выступу на сойме КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

 Радыё Свабода

Абмеркаванне:

  • Беларус
  • 2013-04-16 21:54:53
Ну ўсё, пасля такіх заяў зянон можа сьмела вяртацца ў Белаусь. Яму нават медаль які лукашэнка дасьць. А сапраўды, можа б вярнуцца на радзіму? паглядзець на свае вочы, што тут робіцца, як тут жывецца
і што тут сапраўды трэба ці ня трэба, і хто тут чый агент на самой справе. Можа хопіць усім і Зянону і Саннікаву нам нешта раіць адтуль. вяртайцеся хлопцы, а потым параімся!

Каментаваць