Перадвыбарчая гарачыня

Усё ў Беларусі сведчыць пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў: кіраўнік дзяржавы ўмацоўвае кадры на абласным узроўні, колькасць прэтэндэнтаў на галоўную ў краіне пасаду імкліва павялічваецца, варыянт вылучэння «адзінага» робіцца ўсё больш утапічным, хоць і маюць месца нейкія спробы дамовіцца наконт хаця б пярэдніх абавязацельстваў гэтага тэарэтычнага «адзінага». Тым часам незалежных журналістаў працягваюць выклікаць на допыты па справе аб паклёпе на высокапастаўленую асобу з КДБ.



Усё ў Беларусі сведчыць пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў: кіраўнік дзяржавы ўмацоўвае кадры на абласным узроўні, колькасць прэтэндэнтаў на галоўную ў краіне пасаду імкліва павялічваецца, варыянт вылучэння «адзінага» робіцца ўсё больш утапічным, хоць і маюць месца нейкія спробы дамовіцца наконт хаця б пярэдніх абавязацельстваў гэтага тэарэтычнага «адзінага». Тым часам незалежных журналістаў працягваюць выклікаць на допыты па справе аб паклёпе на высокапастаўленую асобу з КДБ.

Пры канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка здзейсніў шэраг важных кадравых прызначэнняў. Так, у Беларусі з’явіліся два новыя губернатары (не разумею, чаму старшыні аблвыканкамаў называюцца менавіта так, бо пасада пад назвай «губернатар» не прапісана ў галоўных дакументах краіны і заканадаўчых актах). Гродзенскую вобласць узначаліў былы міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра, а Мінскую — Барыс Батура, які да гэтага займаў пасаду старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Прадстаўляючы новых кіраўнікоў мясцовым «вертыкальшчыкам», Аляксандр Лукашэнка адпусціў нямала кпівак на адрас былых абласных галоваў, маўляў, і прыпісак тут многа (Мінская вобласць), і адставанне амаль па ўсіх параметрах.

Дзіўная рэч, але ў кожным рэгіёне дзеючы прэзідэнт патрабуе, каб менавіта гэты рэгіён (вобласць) стаў перадавым у краіне, інакш, самі разумееце… Але як могуць быць перадавымі ў Беларусі адразу шэсць абласцей? Пытанне без адказу.

Яшчэ адно цікавае прызначэнне: спікерам верхняй палаты парламента стаў Анатоль Рубінаў — уладны ветэран, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Пра ягоную «выбітную» ролю ў рэформе беларускай сістэмы «народнай адукацыі» не пісаў і не казаў толькі гультай. Адно суцяшае, што Савет Рэспублікі не з’яўляецца сапраўды ўплывовым органам дзяржаўнай улады (як і Палата прадстаўнікоў), таму прызначэнне спадара Рубінава можна назваць ганаровай пенсіяй.

А вось вяртанне на пасаду міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Русага ўжо не здзіўляе. У Беларусі так прынята, што некаторыя кіраўнікі ведамстваў, якіх кіраўнік дзяржавы з ганьбай скідае з пасад, праз пэўны час спакойна вяртаюцца ў тыя самыя кіроўныя фатэлі (яскравы прыклад — другое прышэсце на пасаду міністра абароны Леаніда Мальцава). І вось цяпер Міхаіл Русы, які з 2001 да 2003 года кіраваў гэтым міністэрства, быў таксама старшынёй прыўрадавага камітэту па зямельнай рэформе, міністрам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, а таксама кіраўніком аддзялення беларускай амбасады ў Санкт-Пецярбургу. Дык вось, у тым ужо далёкім 2003 годзе прэзідэнт звальняў Русага з пасады міністра сельскай гаспадаркі «за здзек з вяскоўцаў». Тады, даючы разгон чыноўніцтву, Аляксандр Лукашэнка голасна заяўляў: «Я трываць такога больш не маю намеру, вінаватыя павінны несці адказнасць… Народу такая ўлада не патрэбна. Ніякіх кампрамісаў быць не павінна». Ці Русы за гэты час кардынальным чынам змяніўся, ці прэзідэнт перастаў шкадаваць вяскоўцаў…

Разам з тым, у Беларусі расце колькасць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах. Калі колькасць патэнцыйных кандыдатаў пераваліла за дзесятак, я збіўся з падліку. Варта зазначыць, што апроч тых, хто больш-менш вядомы ў Беларусі, хто ўжо раней заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і нават браў удзел у галоўных выбарчых кампаніях, ёсць і зусім невядомыя ці вельмі мала вядомыя персанажы. Напрыклад, у сераду многія журналісты атрымалі запрашэнні ў апошні дзень мая наведаць прэс-канферэнцыю, прысвечаную старту прэзідэнцкай кампаніі Юрыя Глушакова — намесніка старшыні Беларускай партыі «Зялёныя». Для мяне асабіста гэты палітык — terra incognita. Магчыма, аднак, што нешта ў гэтым вірлівым жыцці прайшло міма мяне… У гэты ж дзень, 31 мая, свайго прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду назаве і Аб’яднаная грамадзянская партыя, яна нават прэзентуе яго праграму з амбітнай назвай «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі… Створым новае, захаваем лепшае».

І гэта ўсё пры тым, што афіцыйна прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі яшчэ не абвешчана, нават не прызначана дата правядзення выбараў. Але пэўная частка апазіцыі спрабуе яшчэ неяк дамагчыся таго, каб быў вылучаны адзіны кандыдат. Напрыклад, на чарговым паседжанні Рады беларускай інтэлігенцыі ўдзель­нікі «круглага стала», прысвечанага вылучэнню адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл, зацвердзілі так званыя «папярэднія абавязацельствы» патэнцыйных прэтэндэнтаў. Не будзем закранаць гэтыя абавязацельствы, але адзначым, што ў абмеркаванні не бралі ўдзел Андрэй Саннікаў, Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, а таксама Аляксандр Казулін, які, праўда, у той дзень адсутнічаў у Беларусі. Як вядома, апошні прынцыпова з’яўляецца прыхільнікам тактыкі вылучэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Такім чынам, як мінімум тры чалавекі ўжо фактычна выпадаюць з «абоймы», таму казаць пра «адзінага» пакуль што зусім не выпадае.

Тым часам сябра Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», карэспандэнта расійскай «Новой газеты» Ірыну Халіп чарговым разам дапыталі ў РУУС Першамайскага раёна Мінска. Допыт зноў вёў старшы дазнаўца Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля Аляксандр Пусеў.

Журналістцы паведамілі, што адабраны ў яе падчас ранейшага ператрусу кампутар далучаны да рэчавых доказаў па крымінальнай справе, распачатай пракуратурай Гомельскай вобласці 31.12.2009 паводле часткі 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэкса РБ па факце з’яўлення ў інтэрнэце паклёпу на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа, таму найбліжэйшым часам вернуты не будзе.

Варта адзначыць, што адабраныя падчас ператрусаў кампутары не былі вернуты ні журналістцы «Хартыі–97» Наталлі Радзінай, ні шэф-рэдактару «Народнай волі» Святлане Калінкінай, ні намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай волі» Марыне Коктыш. Акрамя таго, усе восем кампутараў, забраных пры ператрусе ў «Хартыі’97», а таксама флэшка і сістэмныя блокі працоўнага і хатняга кампутараў Марыны Коктыш сталі рэчавымі доказамі ў справе аб паклёпе на Івана Каржа.

Прыемнай для многіх навіной апошніх дзён стаў выхад на волю актывіста зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага моладзевага аб’яднання «Малады фронт» Арцёма Дубскага — фігуранта рэзананснага «Працэсу чатырнаццаці» (2008 год). Вызвалення моладзевага актывіста патрабавалі еўрапейскія структуры, а праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго разам з іншымі фігурантамі «Працэсу чатырнаццаці» вязнем сумлення. Такім чынам, у Беларусі на аднаго зняволенага па палітычных матывах стала менш.

 

Каментаваць