Перамога дыпламатыі ЕС у Беларусі ("The Wall Street Journal", ЗША)

У мінулыя выходныя Еўрапейскі Саюз атрымаў рэдкую знешнепалітычную перамогу, калі пад ціскам Брусэля беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка памілаваў двух вядомых палітычных зняволеных.



У мінулыя выходныя Еўрапейскі Саюз атрымаў рэдкую знешнепалітычную перамогу, калі пад ціскам Брусэля беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка памілаваў двух вядомых палітычных зняволеных.

Вызваленне былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго прыхільніка Зміцера Бандарэнкі стала прамым вынікам палітычных і эканамічных санкцый ЕС супраць Мінска. Яно дае надзею абложаным дэмакратычным актывістам Беларусі, у асаблівасці дзесятку палітвязняў. Цяпер пытанне заключаецца ў тым, як Еўропа зможа скарыстацца гэтай сціплай перамогай і дамагчыся больш значных змен.

Саннікаў і Бандарэнка знаходзіліся ў руках беларускіх уладаў з 19 снежня 2010 года. Яны былі затрыманыя пасля масавых вулічных пратэстаў супраць прэзідэнцкіх "выбараў", вынікі якіх, згодна ацэнак замежных назіральнікаў, былі больш чым падазронымі - Лукашэнка атрымаў 80% галасоў.

Разам з сотнямі іншых людзей Саннікаў і Бандарэнка былі збітыя, затрыманыя і пазней паўсталі перад судом на паказальным працэсе з некалькімі дзесяткамі іншых вядомых дысідэнтаў, кожны з якіх атрымаў па шматгадовым тэрміне. Згодна з іх заявамі, у турмах яны падвяргаліся фізічным і псіхалагічным катаванням. Іх сем'і, калегі і сябры пакутавалі ад шырокай кампаніі пераследу, у выніку якой многія залеглі на дно або з'ехалі за мяжу.

Гэтыя жахі выклікалі велізарнае здзіўленне ў ЕС - бо да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года еўрапейскія лідэры вельмі імкнуліся пераканаць рэжым Лукашэнкі дазволіць крыху дэмакратыі ў абмен на заходняе супрацоўніцтва і дапамогу. Мінск запрасілі ўдзельнічаць у праграме Усходняга партнёрства ЕС, паабяцалі даць дапамогу хісткай эканоміцы, а еўрапейскія лідэры сустракаліся з Лукашэнкам для таго, каб асабіста яго ўгаварыць. Аднак усё гэта аказалася бессэнсоўным пры разгонах пратэстаў, якія прайшлі пасля выбараў, што расплюшчыла Еўропе вочы.

Як раней папярэджвалі Саннікаў, Бандарэнка і некалькі іншых смельчакоў, мінскі рэжым аказаўся жорсткай аўтакратыяй, якая будзе ўтрымліваць уладу любымі сродкамі. Сувязі, дыялог і джэнтльменскія пагадненні заўсёды аказваліся бескарыснымі, бо Лукашэнка і яго бандыты ніколі не выконвалі абяцанні са свайго боку. Гэта робіць пераважную палітыку ЕС - перакананне мяккай сілай, заснаванай на жаданні ўрада супрацоўнічаць і развівацца - бескарыснай. У цэлым, Еўропа на горкім вопыце зразумела, што ёй неабходна кардынальна змяніць падыход да Беларусі.

З пачатку мінулага года ЕС пачаў рухацца ў гэтым кірунку. Еўрасаюз неадкладна асудзіў гвалт пасля выбараў, пасля чаго пашырыў і ўзмацніў існыя візавыя абмежаванні і меры па замарозцы актываў беларускага кіраўніцтва - у чорным візавым спісе зараз значацца 220 прозвішчаў. Акрамя гэтага ЕС павялічыў дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій, дэмакратычным грамадскім групам і незалежным СМІ. У рэшце рэшт, ЕС скарыстаўся рычагом уздзеяння, якім валодае, з'яўляючыся ключавым напрамкам для беларускага экспарту, увёўшы эмбарга супраць 32 беларускіх кампаній.

Змяненне пазіцыі на больш жорсткую было паступовым і няпростым. Неаднаразова лідэры еўрапейскіх краін, якія маюць дзелавыя стасункі з Беларуссю, спрабавалі заблакаваць жорсткія меры ЕС. Тым не менш, развіццё сітуацыі відавочнае: ЕС больш, як раней, рэагуе на развіццё падзеі ў Беларусі ў прамалінейнай і хуткай манеры, выразна падтрымліваючы дэмакратычныя змены, а таксама караючы і ізалюючы тых, хто адказвае за парушэнні правоў чалавека ў гэтай краіне.

Такая тэндэнцыя не прайшла незаўважанай рэжымам Лукашэнкі. Першапачаткова рэжым выступіў супраць Еўропы і закруціў гайкі супраць дысідэнтаў. Пасля ён паспрабаваў сабатаваць палітыку ЕС, спрабуючы пераканаць асобныя краіны не зважаць на санкцыі, на словах абяцаючы аднаўленне дыялогу, вызваліўшы некалькіх палітвязняў. Калі ЕС пацвердзіў свае ўмовы па вызваленні ўсіх палітвязняў, Лукашэнка выслаў амбасадараў з ЕС і Польшчы і звярнуўся да Расіі за палітычнай падтрымкай. Але Масква дала Мінску прахалодны прыём, а еўрапейскія лідэры апярэдзілі Лукашэнку, адклікаўшы сваіх прадстаўнікоў і увёўшы новыя эканамічныя санкцыі.

На фоне гэтага Саннікаў і Бандарэнка нарэшце пакінулі турэмныя сцены ў мінулыя выходныя. Абодва адразу ж прызналіся, што, акрамя шырокай падтрымкі з боку беларускіх грамадзян, ціск ЕС стаў вырашальным. Яны таксама адзначылі, што іх вызваленне з'яўляецца толькі малым крокам.

Еўрапейская рэакцыя на гэтую навіну была асцярожнай. Вітаючы рашэнне Лукашэнкі, Брусэль зноў запатрабаваў вызваліць апошніх палітвязняў і цалкам рэабілітаваць тых, хто быў затрыманы і паўстаў перад судом, каб ім было дазволена вярнуцца ў свае дамы і на свае працоўныя месцы. Да таго часу, пакуль гэтыя ранейшыя ўмовы ЕС не будуць выкананыя, няма прычын для паслаблення ціску і санкцый. У лепшым выпадку, ЕС можа разгледзець магчымасць вяртання беларускіх прадстаўнікоў у ЕС і Польшчу.

ЕС можа працягнуць у тым жа духу, зрабіўшы вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі умовай вяртання сваіх прадстаўнікоў у Мінск. Калі гэта адбудзецца, то еўрапейскія пасланцы вернуцца ў выглядзе адзінага блока. Следам павінны быць цалкам адноўленыя ўсе правы затрыманых і зняволеных, і гэта павінна распаўсюджвацца і на тых, хто збег у суседнія краіны ў пошуках прытулку.

Толькі пасля таго, як Мінск выканае гэтыя ўмовы, Еўропа можа пачаць палягчаць санкцыі і аднаўляць больш шырокі палітычны дыялог. Няздольнасць выканаць гэтыя ўмовы натрапіць на далейшыя меры ЕС супраць рэжыму, асабліва, у эканамічнай сферы. Упершыню за шмат гадоў у Еўропы з'явіўся сапраўдны рычаг уздзеяння на Лукашэнку і яго сяброў. Зараз нельга дапускаць, каб гэты момант і ўся цяжкая праца зніклі дарма.

Ёрг Форбрыг (Joerg Forbrig)

Арыгінал публікацыі: A Victory for EU Diplomacy in Belarus

Каментаваць