Перамога над антыфашызмам

Чаму маладых антыфашыстаў кляймяць «экстрэмістамі» ў краіне, якая «перамагла фашызм»? Паводзіны следчых органаў, пракуратуры, суда і пенітэнцыярнай сістэмы карэлююць з далейшым узмацненнем аўтарытарнага рэжыму.


Нядаўна быў вынесены прысуд гродзенскаму антыфашысту Максіму Ягнешку. Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яго вінаватым у «пагрозе забойствам», «рабаўніцтве» і «хуліганстве». Нібыта ў адной з вулічных боек Максім прыстаўляў нож да горла аднаго з пацярпелых, а ў другой — адабраў у некага шапку. Сам асуджаны сцвярджае, што наогул не рабіў дзеянняў, якія яму ставяцца ў віну.

Так, мела месца бойка. Але ў яе выніку Максім сам аказаўся збітым і патрапіў у бальніцу. Прычынай для канфлікту былі погляды маладых людзей: у адной групы — неанацысцкія, у другой — антыфашысцкія. Пасля гэтай бойкі міліцыянты настойліва прапаноўвалі Максіму Ягнешку напісаць заяву аб факце збіцця, ад чаго ён адмовіўся. І раптам з пацярпелага ператварыўся ў абвінавачанага.

Увесь працэс ад пачатку быў кафкіянскім, а следства дыктавала «пацярпелым», што і як казаць ці пісаць. Максім Ягнешка плануе абскарджваць прысуд. Але гэтая гісторыя — толькі адна з доўгага шэрагу.


Тэндэнцыя

Яшчэ ў студзені 2015 года Максіму і яшчэ аднаму гро­дзенскаму антыфашысту далі штрафы за захоўванне налепак «Антыфашыстоўскі супраціў» (артыкул 17.11 КаАП Беларусі «Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Тады ў межах адміністрацыйнай справы па расклейванні такіх налепак прайшлі ператрусы прынамсі ў дзевяці гродзенскіх маладзёнаў.

Вельмі паказальная для характарыстыкі ходу «барацьбы з арганізаванай злачыннасцю» гісторыя здарылася ў Маларыце. У маі бягучага года 16-гадовы Андрэй Джамбурыеў ішоў па вуліцы, пачуў ад аднагодкаў абразы на свой адрас і ў адказ ударыў іх некалькі разоў. Яго справу разглядзелі як адміністрацыйную і вынеслі яму папярэджанне. Але пасля таго, як пра справу даведаўся брэсцкі аддзел «па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю», папярэджанне было адмененае, заведзена крымінальная справа. Андрэя ўзялі пад варту. Цяпер ужо 17-гадовага юнака лічаць «небяспечным экстрэмістам», паколькі ён прытрымліваецца анархісцкіх поглядаў.


Максім Ягнешка. Фота Радыё Рацыя


Варта адзначыць, што і справу Максіма Ягнешкі, і ўсе іншыя справы антыфашыстаў ініцыявалі аддзелы ці ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

За апошні год былі агучаныя прынамсі тры справы антыфашыстаў, па якіх або былі вынесеныя прысуды, або адбываліся арышты. Яшчэ нейкая колькасць справаў можа заставацца невядомай публічна. Пэўная колькасць справаў не дайшла да стадыі арышту падазраваных. Так, вядома, што за апошнія месяцы прайшлі серыі ператрусаў у антыфашыстаў у Гродна і Брэсце.

У верасні 2015 года антыфашыст з Івацэвічаў Улад Лянько быў асуджаны за бойку з неафашыстамі на 6 гадоў па артыкулах 339.2 (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і 147.2 (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў).

У кастрычніку мінулага года Раман Богдан з Брэста быў асу­джаны на 8 гадоў па артыкулах 339.3 (злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб) і 147.2. Пры пераглядзе справы па касацыі справа была перакваліфікаваная на артыкул 339.2, а тэрмін пакарання зменшаны да 6 гадоў. Раней за тую самую бойку быў асуджаны антыфашыст Дзмітрый Званько.

Ужо некалькі месяцаў цягнецца справа фанатаў футбольнага клубу «Партызан». Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Зміцер Цехановіч і Філіп Іваноў абвінавачваюцца ў асабліва злосным хуліганстве (артыкул 339.3). Нагадаем, фанаты «Партызана» (раней «МТЗ-РІПА») маюць рэпутацыю антыфашыстаў.



Экстрэмісты нумар адзін

Як ужо было заўважана, ва ўсіх выпадках гэтымі справамі займаюцца «барацьбіты з арганізаванай злачыннасцю». Яны ж імкнуцца, каб ва ўсіх выпадках былі вынесеныя празмерна суровыя прысуды. Але калі раней абвінавачанні былі заснаваныя на рэальных падзеях, то ў апошні час следчыя праяўляюць зусім непатрэбную тут фантазію.

На ўжо асуджаных антыфашыстаў (і, дзеля справядлівасці трэба дадаць, фашыстаў) у месцах пазбаўлення волі вешаюць цэтлік «экстрэміст». Гэта нядаўна прыдуманая новая форма прафілактычнага ўліку, на які ставяць зняволеных. Самыя распаўсюджаныя формы ўліку — схільны да ўцёкаў, да суіцыду, захопу закладнікаў і г.д. Пры гэтым для пастаноўкі на такі ўлік неабходна, каб зняволены сваімі дзеяннямі або паводзінамі даў да гэтага падставы. Новы прафілактычны ўлік «схільны да экстрэмізму», па словах саміх зняволеных, даецца не за паводзіны ў вязніцы, а за папярэднія дзеянні на волі — чытай, палітычную ці сацыяльную актыўнасць.

Улічваючы тое, што на такі ўлік пастаўлены таксама палітвязень Міхаіл Жамчужны, зняволеных анархістаў ды антыфашыстаў можна таксама лічаць палітычнымі вязнямі.

Варта дадаць, што гэты ўлік азначае, што вязень вымушаны спаць бліжэй за ўсіх ля дзвярэй, 5 разоў на дзень адзначацца ў начальніка атрада, на пастраенні быць у першым шэрагу і г.д. І калі звычайны прафулік пераглядаюць кожныя паўгода, то схільнасць да экстрэмізму, выглядае, застанецца да канца тэрміну.


Майданаў не будзе

Узнікае пытанне: навошта ўсё гэта робіцца?

Па-першае, такія паводзіны следчых органаў, пракуратуры, суда і пенітэнцыярнай сістэмы карэлююць з далейшым узмацненнем аўтарытарнага рэжыму, якое мы можам назіраць у Беларусі, нягледзячы на гульні з Еўрасаюзам, і нават ЗША. Як прыклад для параўнання можна прывесці хаця б палітыку «zero tolerance» у дачыненні да спажыўцоў наркотыкаў, у тым ліку канапель. На ўзроўні ААН прызнана, што палітыка крыміналізацыі спажыўцоў не прыводзіць да станоўчых вынікаў, але нягледзячы на гэта з мінулага года ў Беларусі была павялічаная цяжкасць пакарання па ўсіх «наркатычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Па-другое, не сакрэт, што беларускія ўлады былі вельмі напалоханыя як Майданам, так і вайной ва Украіне. Заўважнасць на Майдане «Правага сектару» і, больш шырока, ультраправых рознага кшталту, а таксама футбольных фанатаў, выклікала жаданне беларускіх сілавікоў прэвентыўна расціснуць усё падобнае ў Беларусі. Гэтае жаданне толькі ўзмaцнілася з пачаткам вайны на ўсходзе Украіны, у якой з абодвух бакоў удзельнічаюць усё тыя ж ультраправыя, некаторыя групоўкі футбольных фанатаў, а таксама людзі, якія па тых ці іншых прычынах спрабуюць прадставіць сябе як «антыфашысты».

У Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, групоўкі футбольных фанатаў часта спачуваюць тым ці іншым ідэалогіям. На жаль, часцей ультраправым, але часам іх удзельнікі падзяляюць і антыфашысцкія погляды. Антыфашыстаў можна таксама знайсці і ў іншых моладзевых субкультурах, напрыклад, сярод панкаў. Такім чынам, на прадстаўнікоў гэтых субкультур і сталі паляваць сілавікі. Па чутках, некаторыя відныя фігуры сярод фанатаў за апошнія пару гадоў нават з’ехалі з краіны, каб не трапіць у турму.

Нарэшце, заўважна, што органам па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю папросту няма чым займацца. Гэта можна было бачыць па такіх фактах, як беспадстаўна грубае затрыманне групы футбалістаў, якіх падазравалі ў арганізацыі «дамоўных матчаў», і моцнае збіццё пры затрыманні аднаго з іх. Разгалінаваны апарат створаны, і таму ён не можа не выяўляць злачынстваў. Калі злачынстваў няма, іх трэба прыдумаць — не скарачаць жа штаты! Можна чакаць, што ў далейшым у Беларусі за аддзеламі па «барацьбе з арганізаванай злачыннасцю» замацуецца благая слава расійскіх цэнтраў «Э», а грамадскасці давядзецца праводзіць кампанію накшталт расійскай «Экстремизма нет».

Каментаваць