Пераможцы лёсу: чарговая кніга Аляксандра Тамковіча

Пяцьдзесят інтэрв’ю-маналогаў вядомых у Беларусі людзей журналіст Аляксандр Тамковіч аб’яднаў у сваёй кнізе пад назвай “Лёсы. Яе прэзентацыя адбылася 22 кастрычніка ў Мінску з удзелам саміх герояў.



Пяцьдзесят інтэрв’ю-маналогаў вядомых у Беларусі людзей журналіст Аляксандр Тамковіч аб’яднаў у сваёй кнізе пад назвай “Лёсы. Яе прэзентацыя адбылася 22 кастрычніка ў Мінску з удзелам саміх герояў.

Палітыкі, мастакі, пісьменнікі, філосафы, гісторыкі, эканамісты — іх імёны ўсе добра ведаюць. “Пад гэтай вокладкай сабраліся біяграфіі людзей розных жыццёвых планаў, магчыма, нават перакананняў. Не кажучы ўжо аб рознай прафесійнай накіраванасці. Але адно іх, як мінімум, аб’ядноўвае. Усе яны без выключэння з’яўляюцца апанентамі існуючаму ладу жыцця, мэйнстрыму, які пануе сёння ў палітыцы, культуры і г.д., — адзначыў сацыёлаг Алег Манаеў.

Па словах Аляксандра Тамковіча, ён хацеў паказаць складаныя лёсы гэтых людзей. “Усе дасягнулі ў жыцці чагосьці не халявай, а сваёй працай, — сказаў ён. Адзін толькі прыклад — Васіль Шлындзікаў. Вядомы эканаміст, кіраўнік, гаспадарнік. “Але калі Шлындзікаў быў малады, ён спаў на вакзале, падклаўшы кніжкі пад галаву. Таму што больш не было дзе, не было нейкіх інтэрнатаў, — распавёў журналіст.

Яшчэ адна найцікавейшая постаць — актыўны грамадскі дзеяч Валеры Шчукін. Але хто дагэтуль ведаў, бываючы ў мінскім цырку, што поручні ў ім рабіў калісьці слесар Шчукін. Ці як ён вучыў дачку іграць на піяніна, якога ў іх дома не было. Гэты музычныя інструменты былі дэфіцытам і каштавалі вялікіх грошай. Шчукін выразаў фанерку і намаляваў клавішы. Купіў падручнік. “Пяць разоў прачытаў, — расказвае Тамковіч. — Першых тры нічога не зразумеў, што там напісана. А потым пачаў разумець больш-менш. І глядзеў па кніжцы, каб дачка не махлявала. Вось так яна навучылася іграць. І ўся кніжка па сутнасці менавіта такімі эпізодамі жыцця пранізана. Таму што сказаць нешта новае пра гэтых людзей вельмі цяжка. Трэба такія цікавыя моманты шукаць.

У кніжцы 52 старонкі фатаграфій. “І таму, як усе кніжкі, яе трэба пачынаць чытаць з канца, — жартуе аўтар.— Я вельмі хачу, каб людзі, якія яе будуць чытаць, па-першае, усміхнуліся. І я, напрыклад, не магу некаторыя фотаздымкі глядзець без усмешкі. Найбольшую жывасць, зразумела, выклікалі фота з дзяцінства. “Паглядзіш і на Юрыя Хашчавацкага, як ён маленькі ў гармонік грае, і яшчэ такія здымкі ўнікальныя. Таму і кніжачка атрымалася гэткая цёплая і вельмі добрая, — лічыць мастак Аляксей Марачкін.

На думку гісторыка Алега Трусава, аўтар кнігі праз біяграфіі выбітных людзей піша жывую гісторыю Беларусі. Былы палітвязень Андрэй Клімаў зазначыў, што героі кнігі ўжо ўвайшлі ў гісторыю. “Я думаю, што гэтыя людзі з’яўляюцца тым цэментам, які змацоўвае нашу дзяржаву, не дае ёй распадацца. Гэта больш чым эліта, — мяркуе ён. І хаця гісторыя не любіць умоўнага ладу, кніга “Лёсы па перакананні Алега Манаева дае адказ на пытанне, якой была б Беларусь на чале з гэтымі людзьмі за апошнія 16 гадоў. “Чытай гэту кнігу і проста экстрапаліруй гэтых людзей і іх біяграфіі ў гэты гістарычны шлях, — сказаў ён.

Гераіня з іншай кнігі аўтара, “Жанчыны, лічыць, што з жыцця такіх людзей трэба вучыцца рабіць сваё жыццё. “Бо ў нас бракуе лідэраў, бракуе духоўных асобаў, з якіх наша грамадства магло б браць прыклад, — сказала гісторык Таццяна Процька. І, на яе погляд, у шэрагу такіх людзей не хапае адной біяграфіі — Аляксандра Тамковіча. “Ты пайшоў супраць усіх трагічных абставін жыцця, якія ў цябе былі. І я такіх людзей не ведаю, якія б так змагаліся за сваё месца ў жыцці, за сваё жыццё і перамаглі свой лёс. І тое, што ты перамог, сведчыць гэта добрая кніжка, — зазначыла Таццяна Процька.

Героі Тамковіча прыйшлі на прэзентацыю з падарункамі. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка падарыла яму слоік з грыбамі лісічкамі. Кінарэжысёр Уладзімір Колас — дыскі са сваімі фільмамі, Аляксей Марачкін — кнігі. А паэт Андрэй Хадановіч уручыў аўтару пасведчанне сябра Беларускага ПЭН-цэнтра. Хаця літаратары прынялі яго ў сваё  аб’яднанне яшчэ год таму. “Каб я ведаў, што мне пасведчанне ўручаць на прэзентацыі, то хутчэй бы кніжку пісаў, — не стрымаўся журналіст.

Але кропку ў сваім праекце ён не паставіў, бо пачаў працаваць над працягам кнігі. І напярэдадні прэзентацыі запісаў першы расповед — скульптара Алеся Шатэрніка.

“Лёсы — шостая кніга Аляксандра Тамковіча, тры з іх пераведзены на англійскую мову, адна перавыдадзена. “Я не пісьменнік. Я проста журналіст, — кажа ён пра сябе. — Я папросту слухаю людзей, пішу іх. Адначасова аўтар працуе на некалькі праектаў. І ўжо напісаў яшчэ дзве кнігі — пра хобі знаных асобаў і гутаркі з замежнымі дыпламатамі. “Яны ўсе гатовы. Засталося толькі выдаць, — абвясціў Аляксандр Тамковіч.

 

Каментаваць