Ператрахіваць і ператрахіваць!

“Ператрахіваць, здаецца, любімая справа прэзідэнта. Як і фраза пра тое, што “спрос будзет жэстачайшы. Каго толькі прэзідэнт не “ператрахіваў — і парламент, і КДБ, і Савет міністраў. Зараз чарга дайшла да Міністэрства ўнутраных спраў.

(На здымку: Эмануіл Зельцэр)



“Ператрахіваць, здаецца, любімая справа прэзідэнта. Як і фраза пра тое, што “спрос будзет жэстачайшы. Каго толькі прэзідэнт не “ператрахіваў — і парламент, і КДБ, і Савет міністраў. Зараз чарга дайшла да Міністэрства ўнутраных спраў.

(На здымку: Эмануіл Зельцэр)


На нарадзе з аператыўна-начальніцкім складам органаў унутраных спраў 29 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць неабходным рэфармаваць МУС.

“Наша міліцыя, шчыра кажучы, не горшая, чым у нашых суседзяў, — сказаў прэзідэнт. — І па эфектыўнасці, і гэтак далей. Не горшая. Але яна мае патрэбу ў пэўнай рэформе. Мы нарэшце павінны, узяўшыся за міліцыю, зрабіць яе кампактнай, стройнай. Калі трэба аддзяліць нешта ад міліцыі, давайце аддзяляць, трэба функцыямі нейкімі надзяляць міліцыю, давайце надзяляць, але якімі? Да першага студзеня гэты працэс павінен быць закончаны.

Пры гэтым Лукашэнка спаслаўся на факты праверкі органаў МУС, якая была арганізавана па яго даручэнні Саветам бяспекі і Адміністрацыяй прэзідэнта. Толькі сёлета ў МУС было выяўлена 41 злачынства карупцыйнай скіраванасці. У іх учыненні браў удзел 31 супрацоўнік міліцыі. Шмат нараканняў выклікае раскрывальнасць злачынстваў і прафесіяналізм новых супрацоўнікаў.

Сапраўды, толькі за апошнія пяць месяцаў 2009 года злачыннасць вырасла ў 28 раёнах краіны. Па-ранейшаму ёсць праблемы з якасцю следства і дазнання. У першым квартале з-за непаўнаты пракурорскіх праверак адменена больш за 3 тысячы рашэнняў аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы. Паводле слоў Лукашэнкі, асноўнай прычынай цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў застаецца п’янства. Удзельная вага злачынстваў у грамадскіх месцах сярод агульнай колькасці злачынстваў дасягнула 44%, колькасць асабліва цяжкіх павялічылася амаль на трэць, забойстваў з замахам на жыццё — на 50%. Прэзідэнт звярнуў увагу і на нізкую раскрывальнасць крадзяжоў: у асобных рэгіёнах краіны яна не перавышае 15%, а ў Мінску — 14%. Нізкай застаецца кампенсацыйнасць матэрыяльнага ўрону — толькі 17%, а па карупцыйных злачынствах — 28%.

Менавіта з-за гэтага трэба “ператрахнуць МУС з пэўнай надзеяй на павышэнне яго эфектыўнасці. Але, як заўсёды, вінаватыя апынуліся “стрэлачнікі. А былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў своечасова “саскочыў з тэмы, і да яго прэтэнзіяў няма.

Нагадаем, што Навумаў сышоў у адстаўку толькі 6 красавіка гэтага года — фактычна, за тры месяцы да “разгромнай нарады прэзідэнта. А да гэтага ён узначальваў МУС аж з 2000 года! Менавіта Навумаў за 9 год пабудаваў такую сістэму МУС, якой зараз так незадаволены прэзідэнт.

Выклікае пэўнае непаразуменне і яшчэ адзін факт: згодна ўказу прэзідэнта, Навумаў пайшоў у адстаўку “па стане здароўя. “Па шэрагу прычын, адна з іх — жудасная стомленасць, — казаў Лукашэнка. Але ж “жудасна стомлены Навумаў дагэтуль працуе кіраўніком Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, і працуе настолькі добра, што наша краіна перамагла на выбарах краіны-арганізатара чэмпіянату свету 2014 года.

Узнікае нават падазрэнне: а не падказаў хтосьці Уладзіміру Навумаву своечасова сысці ў адстаўку непасрэдна перад “ператрахіваннем?

З іншага боку падаецца, што “ператрахнулі і самога Аляксандра Рыгоравіча. Варта было Лукашэнку сустрэцца з дэлегацыяй амерыканскіх сенатараў 30 чэрвеня, як у той жа дзень з беларускай “зоны быў вызвалены амерыканскі грамадзянін Эмануіл Зельцэр. Гэтага дамагаліся шматлікія міжнародныя структуры, а таксама пасольства ЗША ў Беларусі амаль год. Дамагліся толькі сенатары.

У жніўні 2008 года юрыст Зельцэр быў прыгавораны Мінскім гарадскім судом да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне заведама непраўдзівых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. 31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле. Сваёй віны Зельцэр не прызнаў. З 8 па 25 чэрвеня Зельцэр праводзіў у калоніі галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў Мінскага гарсуда, які зацягваў падаванне ў калонію дакументаў, неабходных для яго амністыі. Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне.

Канешне, мала спадзяванняў на тое, што мы даведаемся, пра што размаўлялі сенатары з Лукашэнкам, а таксама (гэта галоўнае) як яны гэта рабілі. Але ж ані Хаўер Салана, ані Беніта-Ферэра Вальднер гэтага не дамагліся. І, пэўна, Лукашэнку далі зразумець, што сюды прыехалі не “ваські, не абазнаныя ў беларускіх пытаннях, а дасведчаныя і кампетэнтныя прадстаўнікі супердзяржавы. І Лукашэнка вымушаны быў саступіць.

Пытанне толькі ў тым, што паабяцалі кангрэсмены ў адказ на вызваленне Зельцэра. Можа, яго папросту “выкупілі. Бо літаральна за дзень вызвалення Зельцэра савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду завяршыў першы разгляд у межах дамоўленасці з уладамі Беларусі пра крэдыт стэнд-бай, зацвердзіўшы фактычнае выдзяленне крэдыту ў памеры 679,2 мільёна долараў і павялічыўшы аб’ём фінансавай падтрымкі да 3,52 мільярда. Першапачаткова ж аб’ём фінансавання праграмы эканамічных рэформ, разлічанай на 15 месяцаў, складаў прыблізна 2,51 мільярда долараў. Можа, Лукашэнку намякнулі, што без вызвалення Зельцэра дадатковая сума крэдыту будзе заблакаваная?

Але гэта — не больш чым здагадкі.

І яшчэ адна цікавая навіна. У Палаце прадстаўнікоў ствараецца рабочая група па распрацоўцы прапаноў па ўвядзенні мараторыя на смяротную кару. Пра гэта 29 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў старшыня парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктар Гумінскі.

Нагадаем, што ўвядзенне мараторыя на смяротную кару — адно з патрабаванняў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы для аднаўлення беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ. Такое рашэнне было прынятае 23 чэрвеня ў Страсбургу.

Цікава, навошта ў парламенце ствараць рабочую групу па мараторыю на смяротнае пакаранне? Мараторый — гэта ж не поўная адмена пакарання, а толькі прыпыненне яго ўжывання. Гэта не патрабуе ніякіх зменаў у законы Беларусі, чым займаецца парламент. Для ўвядзення мараторыя дастаткова ўказа прэзідэнта, ягонага дэкрэта ці чаго яшчэ, на чым ён можа паставіць свой аўтограф. Бачна, што пытанне смяротнага пакарання стане чарговым аргументам у гандлі — на гэты раз з Еўропай.

Каментаваць